Рагін, Я. Гучны прэцэдэнт са Статутам ВКЛ : аналіз і асабістая ініцыятыва : яшчэ раз пра фандрайзінг / Я. Рагін // Культура. — 2013. — 7 снежня. — С. 12.
Аналіз і асабістая ініцыятыва: яшчэ раз пра фандрайзінг
Вельмі карысна ўдумліва «пагуляць» па сайтах. Тым больш, калі ставіш перад сабой канкрэтную журналісцкую мэту. А яна наступная: аналіз набыцця музейных прадметаў з дапамогай прыватных ахвяраванняў, спонсарскіх уліванняў і ўласных сродкаў. Спецыялісты і аматары даўніны добра памятаюць, якую акцыю зладзіў Музей гісторыі горада Магілёва, каб сабраць і выкупіць за 45 тысяч долараў у чэрвені 2012-га Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Што і казаць, падзея была гучнай і для многіх — нечаканай. Як паўплываў прэцэдэнт на рост фандрайзінгавых ініцыятыў з боку іншых музейных устаноў рэспублікі?
Толькі адзін пункт меню
Адназначна можна сцвярджаць адно: Музей гісторыі Магілёва сярод абласных устаноў быў і застаецца лідарам неверагодных закупак. На афіцыйным сайце ўстановы, ёмістым і рознабаковым, нават канкрэтны пункт меню з’явіўся «Выкуп каштоўнасцей». Каму цікава, зазірніце: надзвычай павучальна ў прафесійным плане. Адпаведная табліца паведамляе, што каштоўнасцямі музей пачаў прырастаць з красавіка 2011-га. Не без падтрымкі гарвыканкама былі набыты шабля-«касцюшкоўка», камергерскі ключ Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Потым быў «Часоўнік» за 500 долараў і Статут ВКЛ — за 45 тысяч долаpaў. He буду казаць, якім чынам кіраўнік установы Аляксей Бацюкоў «прымусіў» бізнесоўцаў і грамадскасць у аптымальныя для прыватнага прадаўцы тэрміны сабраць патрэбную суму — «К» пісала пра гэта неаднаразова. Галоўнае, як сцвярджае сам Бацюкоў, у тым, што створаным прэцэдэнтам быў зламаны стэрэатып пэўнай грамадскай пасіўнасці. Урэшце, калі мара становіцца «набыткам» вялікага кола аднадумцаў, яна абавязкова пераўтвараецца ў яву. Пагадзіцеся, вельмі выразная і прыгожая праява непадманнага патрыятызму.
На чарзе — «Біблія» Скарыны і «Апостал» Собаля
Потым у спіс выкупленых каштоўнасцей трапілі яшчэ адзін «Часоўнік», два «Псалтыры», набор старадаўніх паштовак, гравюр, «Вялікае мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча. На сайце нават не паспяваюць табліцу набыткаў пашыраць. Натуральна, кантакты з калекцыянерамі вымагаюць віртуознасці ў маркетынгавых хадах і не заўжды ўсё атрымліваецца. Да прыкладу, эскіз да карціны Бялыніцкага-Бірулі «Веснавыя воды» (1930 г.) першым выкупіла з Польшчы прыватная асоба з Магілёва, а кнігу «Цудоўныя звесткі ад езуітаў з Беларусі» з Германіі — гэткая ж жвавая асоба з Масквы.
Але музейшчыкі, раз і назаўжды акрыленыя поспехам, і тут знайшлі кампраміс. Эскіз Бялыніцкага-Бірулі са згоды ўладальніка-земляка будзе часова выстаўляцца і ў музейных залах, а кнігу «Цудоўныя звесткі…» масквіч… падарыў установе. На маё пытанне, «Вы што, іх ахмураеце?», дырэктар Музея гісторыі Магілёва сціпла адмоўчваецца.
I пра мары. Сайт з першай старонкі абвяшчае: «Музей мае магчымасць выкупіць у прыватных калекцыянераў фрагменты «Бібліі», перакладзенай і выдадзенай Францыскам Скарынам у Празе (1518 г. «Кніга Царстваў») і кнігу «Апостал», выдадзеную Спірыдонам Собалем (1632 г., Куцейна)». Фрагменты ўяўляюць з сябе лічаныя старонкі, аднак каштуюць каля 9 тысяч долараў. Але ж гэта Скарына! Кніжка Собаля ацэнена ў 10 тысяч долараў. Набыццё яе — справа гонару, бо твораў магілёускага друкара на ягонай радзіме пакуль няма. Будзем спадзявацца, што з’явяцца. Грошы, па словах Бацюкова, на дабрачынны рахунак пачалі паступаюць…
I апошняя вытрымка з музейнага сайта (для дадатковага акцэнту на тое, чым жа ўстанова павінна займацца апроч іншых клопатаў): «Адным з асноўных кірункаў дзейнасці з’яўляецца пошук і пакупка ў прыватных асоб гісторыка-культурных каштоўнасцей, адпаведных вядучай экспазіцыйнай тэматыцы — «Магілёў эпохі Магдэбургскага права», а таксама помнікаў, што рэпрэзентуюць дух спадчыны Магілёва і Беларусі». Усё вельмі проста, спадарове: словы адпавядаюць справам.
Спонсарства бывае розным
А што ў Гомелі? Галоўны захавальнік фондаў тамтэйшага Палацава-паркавага ансамбля Таццяна Шода паведаміла «К», што толькі за кастрычнік пры фінансавай падтрымцы спонсараў установа набыла найкаштоўнейшыя прадметы музейнага значэння.
Такім чынам папоўніліся калекцыі археалогіі і сучаснага выяўленчага мастацтва (жывапіс Уладзіміра Лосева). Дабрачынныя спонсарскія ўкладанні ў развіццё музейнай справы склалі за кастрычнік амаль адзінаццаць мільёнаў рублёў.
А ўвогуле, Гомельскі палацава-паркавы прыдбаў для сваіх экспазіцый цікавыя і каштоўныя предметы мэблі XIX стагоддзя, гадзіннік… Шмат прадметаў перадалі ў дар музею і наведвальнікі. Сярод апошняга бязвыплатнага паступлення — калекцыйны комплекс больш са ста найменняў: фотаздымкі, дакументы, прадметы. I гэта таксама спонсарства.