Калядны баль у Магiлёве

Iванова, I. Калядны баль у Магiлёве / Ілона Iванова // Звязда. — 2009. — 15 студзеня.

Дамы і кавалеры XXI стагоддэя вучыліся танцаваць жартоўны кацільён, гулялі ў фанты і спявалі з Ларысай Грыбалёвай.

Увечары, 13 студзеня, напярэдадні старога Новага года, на Савецкай плошчы ў Магілёве некалькі раэоў стралялі з пушкi. Так аглушальна віталі гасцей Каляднага балю.

Цяжкія дзверы Магілёўскага ЗАГСа, які месціцца ў адрэстаў-раваным помніку архітэктуры, расчынялі лакеі ў парыках і камзолах. Пад музыку, якую граў у хо-ле струнны ансамбль, удзельнікаў балю сустракалі дамы ў вечаровых строях.

— У Магілеве ўпершыню ў гэтым стагоддзі аб’яўлены гарадскі бальі. — сказала кіраўніца аддзела культуры Магілёўскага гарвыканкама Антанiна Шаркова. — Мы хочам адрадзіць старадаўнюю традыцыю, зрабіць прыгожае і цікавае культурнае мерапрыемства.

Па белай мармуровай лесвіцы госці падымаліся ў Залатую залу, дзе граў аркестр. Дзяўчынкі ў сярэднявечных строях рабілі кніксены, мастак у аксамітным берэце маляваў прыгажуню, маладыя жанчыны ў рамантычных беларужовых сукенках трымалі кошыкі з кветкамі.

3 агульнага стылю мінулых стагоддзяў вылучаўся толькі міліцыянер у паўсядзённай форме з рацыяй. Праўда, пра сучаснасць нагадвалі і бясконцыя трэлі мабільных тэлефонаў: людзі актыўна дэяліліся бальнымі ўражаннямі ў «прамым эфіры».

Баль пачаў цырымоніймайстар: ён аб’явіў ганьбу суму, залатрабаваў быць вясёлымі і ветлівымі, дазволіў лёгкія размовы і катэгарычна забараніў службовыя тэмы. Агульны загад па балю: «Танчыцьі» Абавязковыя танцы: вальс, полька, мазурка і жартоўны кацільён. I дарэмна нехта меркаваў толькі назіраць за танцамі з каналаў. Маладыя бальныя танцоры ў імгненне вока запрасілі стаць з імі ў пары І строгіх чыноўнікаў, і дзелавітых прадпры-мальнікаў, і жанчын, якія бачылі класічныя танцы толькі ў тэлевізійных шоу.

Грамада літаральна за хвіліну навучылася крокам «раз-два-тры» і ўсе захружыліся ў вальсе!

— У мяне ў жыцці вялікага вопыту танцаў не было, але сёння пашанцавала э партнёркай, — прызнаўся намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — Ведаеце, сёння быў напружаны дзень і, шчыра кажучы, не было вялікай ахвоты ісці на баль, але тут будзённы настрбй змяніўся уздымам, захапленнем.

— У мяне ад вальса пайшла кругам галава, — шчыра сказала жонка Валерыя Анатольевіча Ірына Малашка, магілёўскі доктар. — Я, напэўна, не танцавала вальс гадоў дваццаць, з уласнага вяселля!

— Што ж, ідэя балю не новая, але яна пасуе i для нашага часу, — дадаў Валерый Малашка. — Гэта нагода ўзгадаць гісторыю і культуру Магілёва. Традыцыю балю трэба развіваць і працягваць.

— Мне падаецца, што народ забыўся на добрую класічную музыку і ўжо напэўна развучыўся прыгожа танчыць, — сказала пасля выступлення магілёўская спявачка Алена Мацярынка. – А тут — прыга.жосць! Трэба толькі залу паболей і народу,.каб было як у Венскай оперы.

Праўда, на баль прыйшло значна меней людзей, чым было даслана запрашэнняў. Арганізатары меркавалі: тэрміновыя справы, комплексы альбо стомленасць ад шчодрых святаў утрымалі запрошаных гараджанаў на канапах. Гарадскі баль — справа новая, і налета, можна не сумнявацца, ён будзе мець яшчэ большы поспех.

— Таму што гэта прыгожа і культурна, — патлумачыла загадчыца Магілёўскага ЗАГСа Алена Казлова. — I кожная жанчына хоча быць «зоркай» — апрануць вечаровы строй, вызначацца з натоўпу і іірыцягваць захопленыя погляды. Няхай у нас шмат праблем у жыцці і працы, але не трэба блытаць баль і крызіс. Жыццё працягваецца!

— Калядны баль — добрая ідэя, — лічыць вядучы інжынор МТС Віктар Нерушкін. — Нам патрэбны стасункі не толькі ў службовых кабінетах!

Сам ён узгадаў, як у 1960-я гады ў гэтым жа будынку, які за савецкім часам быў клубам будаўнічага трэста, праходзілі вясёлыя танцулькі. У выхадныя дні клуб напаўняўся моладдзю, якая да ўпаду танчыла пад аркестр. Праўда, не вальсы і паланезы, а твісты і бугі-вугі.

Дарэчы, адысці ад чапурыстасці і вярнуцца да сучасных рытмаў удзельнікам балю дапамагла кампанія МТС, якая запрасіла выступіць Ларысу Грыбалёву.

—Я не ўмею танцаваць вальс, — шчыра прызналася спявачка. — Але сама ідэя Каляднага балю мне падабаецца. Добра, калі б гэта стала новай традыцыяй. Ведаеце, тады маладым людзям можна было б знаёміцца не толькі на звычайнай дыскатэцы, а на прыгожым балі. Пра такую рамантыку можна распавядаць унукам!

Ларыса з павагай паставілася да стылістыкі мерапрыемства і выйшла на сцэну ў шаўковай сукенцы «ў падлогу» з адкрытай спінай. Публіка, нягледзячы на шыкоўныя вечаровыя строі, радасна скакала пад сучасныя рытмы.

Калядны баль у Магілёве працягваўся да позняга вечара. Людзей захапілі танцы і гульні. Буфет прапаноўваў гасцям шампанскае і лёгкія закускі. Можна было гуляць у карты, шахматы і дартс, але традыцыйныя хатнія забавы не вельмі зацікавілі ўдзельнікаў балю. Мужчыны жартавалі, што ў час крызісу яны не маюць магчымасці прайграць усе грошы. Затое калі ў залу выйшлі мадэлі, якія дэманстравалі , вечаровыя і вясельныя строі, то ўсе ахнулі: такімі неверагодна прыгожымі былі высокія стройныя дзяўчаты ў святочным убранні.

А прыгажосць, як мы ведаем, — вялікая сіла.