Зiгуля, Н. Мы ўжо напалову беларусы : трынаццаць гадоў таму магілёўскія грузіны аб’ядналіся ў суполку / Нэлi Зiгуля // Звязда. — 2016. — 1 чэрвеня. — С. 6.
Важа Шэпіяшвілі добра памятае, як гэта было, бо ўсімі арганізацыйнымі пытаннямі займаўся непасрэдна. Кансультаваўся з маскоўскімі землякамі і гродзенскімі, якія першымі ў Беларусі стварылі суполку. Магілёўская «Іберыя», дарэчы, з’явілася крыху раней, чым мінскія «Мамулі».
Родам Важа з усходняй Грузіі, з горада з прыгожай назвай Кварэлі — радзімы заснавальніка грузінскага тэатра Котэ Марджанішвілі і расійскага генерала, удзельніка каўказскай вайны Мікалая Чаўчавадзе. Але ён так даўно жыве ў Магілёве, што напалову стаў ужо беларусам. У прамым і пераносным сэнсе. Менавіта тут ён сустрэў сваю будучую жонку, тут нарадзіліся яго дачка і сын. Без роднай Грузіі, прызнаецца, сумна, але калі доўга там затрымліваецца, пачынае цягнуць у Беларусь.
У Магілёў Важа прыехаў яшчэ ў 80-я гады, калі ніякага размежавання паміж краінамі не было — існаваў агульны для шматлікіх народаў Савецкі Саюз. Скончыў з адзнакай прафесійнае вучылішча ў Тэлаві і як найлепшы атрымаў накіраванне ў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут (цяпер Беларуска-Расійскі ўніверсітэт).
Тут ён стаў дыпламаваным інжынерам-механікам зварачнай вытворчасці. Сёння яго з Магілёвам звяз- вае не толькі сям’я, але і бізнес. Некалькі гадоў таму на скрыжаванні вуліцы Астроўскага і Пушкінскага праспекта ён адкрыў рэстаран «Міміно». Менавіта тут можна паспытаць сапраўдныя грузінскія стравы — хінкалі, шашлыкі, хачапуры.
— Запрашалі кухараў з Грузіі, каб паказалі, як правільна гатаваць нацыянальныя стравы. Па кнігах гэтаму не навучышся. Трэба сачыць за маніпуляцыямі рук, як правільна раскатаць цеста, які сыр выбіраць. Цяпер наш беларускі кухар нядрэнна спраўляецца са сваімі абавязкамі, — кажа гаспадар.
Фірменная страва — «Агні Міміно». Свіныя рэбры марынуюцца ў кетчупе з мёдам, пры падачы паліваюцца каньяком і падпальваюцца. Кліенты ў захапленні!
Сам Важа ў захапленні ад беларускіх калдуноў і дранікаў. Але як сапраўдны грузін вельмі любіць мяса. У Беларусі яно нядрэннае, але грузінскае зусім іншае на смак. Маўляў, грузінскія свінні ў гарах ходзяць, сілкуюцца натуральнымі каштанамі. Наогул грузіны вельмі добра разбіраюцца ў ежы, маюць добрую культуру ўжывання спіртных напояў. Гарэлка, напрыклад, не лепшы варыянт, бо адразу ж б’е ў галаву. Іншая справа віно. «Каб беларуская бяседа была больш доўгай і сапраўды вясёлай, трэба шмат добрага грузінскага віна», — усміхаецца ён.
А яшчэ грузіны заўсёды падкрэсліваюць сваю гасціннасць. «Для нас госць — гэта святое, — кажа Важа. — Памятаеце, як казаў Аляксандр Рыгоравіч, калі прыязджаў у Грузію: «Мяне ніхто яшчэ так не прымаў, як тут». Упэўнены, што зносіны паміж нашымі народамі будуць толькі паляпшацца, бо мы адчуваем сябе ў Беларусі як дома. Тым больш што ў Грузіі неўзабаве адкрыецца беларускае пасольства».
У Магілёве прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці няшмат, але без іх удзелу не абыходзіцца ніводнае свята горада. Дыяспара на працягу 11 гадоў з’яўляецца спонсарам конкурсу «Міс універсітэта» МДУ імя А. Куляшова. А яшчэ культуру Грузіі добра рэкламуе магілёўскі вакальны ансамбль «Сіхварулі», які быў створаны з народнага вакальнага ансамбля «Сустрэча» і працуе на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Натхненне». Летась калектыў адзначыў сваё 40-годдзе. «Сіхварулі» будзе прадстаўляць Грузію на фестывалі нацыянальных культур у Гродне.
Калектыў адметны тым, што спявае на розных мовах. На фестывалі нацыянальных культур у розныя часы прадстаўляў яўрэяў, палякаў, цяпер вось грузінаў.
— Спяваць на грузінскай мы пачалі з лёгкай рукі харэографа Георгія Квасціяні. Гэта ён падказаў, што ўключыць у рэпертуар і дапамог з вымаўленнем. Вось ужо тройчы мы становімся лаўрэатамі гэтага фестывалю як грузіны, — кажа кіраўнік калектыву Алена Цітова.
У Гродне прагучаць папулярныя грузінскія песні «Арго», «Суліко», «Тбілісо» і іншыя ў выкананні Наталлі Матавілкінай, Алесі Цімашчук, Кацярыны Костусевай. Аранжыроўкі для музыкі зрабіў Андрыян Іваноў — сын вядомага магілёўскага музыканта, дырыжора, заснавальніка аркестра народных інструментаў Магілёўскай філармоніі, які сёння носіць яго імя, Леаніда Іванова. Адрозніць магілёўскіх спявачак ад сапраўдных грузінак будзе немагчыма. Бо тая ж постаць, тыя ж галасы, нарэшце, нават тыя ж касцюмы. Дарэчы, іх салісткі шылі сваімі ж рукамі.