Танцуюць хораша «Харошкі»!

Рудкоўскi, М. Танцуюць хораша «Харошкі»! / Мiкалай Рудкоўскi // Магілёўскія ведамасці. — 2009. — 10 сакавiка. — С. 9.

Варта яшчэ не ўбачыць, а толькі пачуць: «Кадрыля: калена першае!», як разумееш, што танцуюць «Харошкі». Ну а калі на сцэну імкліва ўрываецца стракатая завіруха, якая разам і паасобку заўзята вырабляе ўсе гэтыя «каленцы», у гледача захоплівае дух і яму цяжка стрымаць эмоцыі. Яны літаральна перапаўняюць усю істоту, дораць радасць сэрцу, уздымаюць душу некуды высока-высока.

«Харошкі» — гэта пікантны густ, тэмперамент, маладосць, шчырасць», — захапляліся сірыйцы. «Выступленне беларускіх танцораў — цудоўнае падарожжа ў свет моцных пачуццяў і эмоцый», — сцвярджала італьянская прэса.

Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі» — калектыў аўтарскі. Яго стваральнікам і нязменным кіраўніком з’яўляецца наша зямлячка — народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Валянціна ГАЯВАЯ. Абапіраючыся на народна-сцэнічны танец і свободна валодаючы  мовай  сучаснай харэаграфіі, В.Гаявая стварае яркія, маштабныя, жыццесцвярджальны музычныя спектаклі.

Валянціна Гаявая адбылася і як педагог. Яна выхавала не адно пакаленне артыстаў.

«Калена першае!»

—    Памятаеце? Насок выцягнуты, спіна роўная!.. Не скачам! Пачынаем павольна…

Валянціна Іванаўна амаль ніколі не ўзвышае голасу, але ён чуваць ва ўсіх кутках рэпетыцыйнай залы. Артысты па яе камандзе пад акампанемент баяна хутка перастройваюцца, зноў і зноў паўтараюць элементы чарговай кампазіцыі.

Цяпер у калектыве асабліва напружаны перыяд: поўным ходам ідзе падрыхтоўка да справаздачнага канцэрта, які прысвечаны 35-годдзю ансамбля і адбудзецца 20 сакавіка на сцэне Палаца Рэспублікі.

Карыстаючыся кароткай паўзай, пытаюся:

—    Калі ў спорце чарговую планку вызначаюць ад дасягнутага, на якую вышыню вы яе кожны раз узнімаеце?

—    На такую, каб ніхто іншы не змог яе пераадолець! — усміхаецца субяседніца. — Магу смела сцвярджаць, што некаторыя элементы ў нашых пастаноўках сапраўды вельмі цяжка паўтарыць. А калі такое камусьці і ўдасца, то агульны рытм, малюнак і дасканаласць іх выканання пад сілу толькі сапраўдным прафесіяналам.

—    Ці не так, Фёдар Якаўлевіч? — звяртаецца Валянціна Іванаўна да саліста ансамбля, заслужанага артыста Беларусі Фёдара Балабайкі.

Той у адказ толькі загадкава ўсміхаецца ў вусы, лёгка праходзячыся ўздоўж чарады маладых артыстаў. Затым гучна аб’яўляе:

—    Калена другое!

I зноў закружыўся ў віхры карагод, адбіваючы абцасамі неверагодна хуткі рытм.

—    Вось у такім імклівым рытме, лічы, і праляцелі ўсе трыццаць пяць гадоў, — наша размова працягваецца ўжо па дарозе ў кабінет Валянціны Іванаўны. — Хаця ад першых крокаў, якія рабіліся на сцэне Дома культуры аўтазавода імя Кірава, мінула значна больш часу…

«Калена другое!»

Сваю «Вяснянку» яны з мужам Мікалаем Дудчанкам стварылі яшчэ ў 1967 годзе. Вельмі хутка ансамбль заваяваў папулярнасць не толькі ў абласным цэнтры, але і далёка за яго межамі.

—     Прыехалі аднойчы ў Габрава — балгарскі горад-пабрацім Магілёва, а яго кіраўніцтва кажа: «Мы да вас пасы­лаем сваіх самадзейных артыстаў, а вы прывезлі прафесіяналаў!» Ледзь мы пераканалі, што нават наша «зорка» — Фёдар Балабайка, працуе слесарам-кіпаўцам на заводскай ТЭЦ. Такую вось вы’сокую планку мы адразу для сябе вызначылі ў творчасці.

Таленавітых, удумлівых, самабытных харэографаў хутка заўважылі ў рэспубліцы. I не толькі за высокае выканаўчае майстэрства «Вяснянкі», але і за вельмі ашчадныя, трапяткія адносіны да нацыянальнай фальклорнай спадчыны. Сваю першую аўтэнтычную харэаграфічную кампазіцыю «Гусарыкі» Валянціна Іванаўна «спісала» літаральна з натуры, убачыўшы танец у выкананні вельмі сталых па ўзросту жанчын з вёскі Харошкі, што пад Магілёвам. Іх было восем, а дзевяты — хлопец, мабыць, чыйсці ўнук. Зусім, як у той песні — «Восем дзевак, адзін я»… «Гусарыкі» дагэтуль захаваліся ў рэпертуары калектыву, які ў 1974 годзе атрымаў назву той самай вёсачкі.

—    У сталіцу сваю «Вяснянку» ў поўным складзе мы перавезці, зразумела, не маглі, — працягвае перагортваць старонкі ўспамінаў Валянціна Іванаўна. — Забралі толькі Фёдара Балабайку і Таццяну Царык. Астатніх набіралі па конкурсу.

Пачынаць давялося з шасці танцавальных пар і некалькіх музыкантаў, у задачы якіх уваходзіла суправаджэнне выступленняў вядомай у той час спявачкі Вольгі Шутавай. Аднак у гэтых рамках Гаявой было, мякка кажучы, цеснавата. Стаць поўнасцю самастойным калектывам дапамог удзел ва Усе­саюзным аглядзе-конкурсе прафесійных народных танцавальных калектываў СССР, які прысвячаўся 60-годдзю Вялікага Кастрычніка.

—    Мы паставілі перад зусім яшчэ маладым калектывам звышзадачу: перамагчы!

Нават уявіць цяжка маштабы таго спаборніцтва «ад Буга да Курыл», калі ўсе пятнаццаць рэспублік рыхтаваліся да яго з большым, мабыць, імпэтам, чым бальшавікі да штурму Зімняга. Здавалася б, дзе ўжо тут спрачацца беларусам, скажам, з грузінскай лязгінкай, ці ўкраінскім гапаком? Але трэба ведаць Гаявую! Яна верыла ў свае сілы і ў той «матэрыял», які імкнулася паказаць ва ўсёй прыгажосці.

«Калена трэцяе!»

Таму ўжо пад час папярэдняга прагляду прэтэндэнтаў на выступленне ў Крамлёўскім палацы з’ездаў «Харошкі» вельмі спадабаліся кіраўніку Дзяржаўнага ансамбля танца СССР ігару Маісееву. У рэпертуары гэтага легендарнага калектыву было некалькі беларускіх харэаграфічных «эцюдаў», але ўбачанае ў Мінску настолькі ўразіла і здзівіла майстра, што ён папрасіў пазнаёміць яго з Валянцінай Гаявой.

—      У вас усё добра атрымліваецца, — падбадзёрыў мяне вялікі маэстра, — не без гордасці ў голасе гаворыць Валянціна Іванаўна. — Па яго словах, у нашых нумарах прысутнічала жывая душа народа, а гэта галоўнае ў нацыянальным танцы. Параіў толькі дадаць крыху лірыкі.

Акрыленая такой высокай адзнакай, Гаявая ўключае ў конкурсную праграму ўзнёсла-рамантычную «Тураўскую легенду» і вельмі светлую, паэтычную «Каханачку».

Шмат было перажыванняў, сумненняў і, зразумела, надзей. Вынік жа пераўзышоў усе чаканні — «Харошкі» атрымалі Першую прэмію і званне лаўрэата Усесаюзнага конкурсу! Цяпер перад імі адкрываліся лепшыя сцэны буйнейшых гарадоў. I не толькі Савецкага Саюза.

—      Напрыклад, Фёдара Балабайку можна смела ў Кнігу рэкордаў Гінеса заносіць, — расказвае далей Валянціна Іванаўна. — Наш ветэран у танцы, бадай, некалькі разоў абышоў планету Зямля. А калі яшчэ дадаць шматлікія гастрольныя вандроўкі па Еўропе, Амерыцы, Японіі, Блізкім Усходзе, то і з ліку саб’ешся!

Апрача гастроляў і ўдзелу ў шматлікіх афіцыйных і культурных мерапрыемствах на Радзіме і паза яе межамі, поспех нязменна садзейнічаў «Харошкам» і на розных фестывалях — «Руская зіма», «Маскоўскія зоркі», «Кіеўская вясна» і іншых.

«Калена чацвёртае!»

Сёння ў калектыве працуе звыш ста чалавек. Ёсць свой аркестр і вакалісты, а ў рэпертуарнай скарбонцы больш за 200 харэаграфічных твораў. Кожны танец мае як свой завершаны малюнак, музычнае афармленне, так і свае касцюмы. Усім гэтым кампанентам Валянціна Гаявая надае вялікае значэнне, імкнецца, каб усё адпавядала арыгіналу, гістарычнай праўдзе, нацыянальным традыцыям. Менавіта ў такім ключы пабудаваны харэаграфічныя кампазіцыі «Полацкі сшытак», «Беларусы», «Поры года», «Добры вечар, госці», «Местачковыя карцінкі». Кожная з праграм з’яўляецца яркім спектаклем, са сваім арыгінальным сюжэтам і героямі.

—    I ўсё гэта, заўважце, не стылізацыя пад фальклор, як гэта робіцца цяпер вельмі часта, — зазначае Валянціна Іванаўна. — Мы стварылі ў сябе сапраўдную творчую лабараторыю па вывучэнню гісторыі Бацькаўшчыны, яе святаў, абрадаў, канцэртных строяў, музычнай спадчыны. Шкада, што, не маючы свайго ўласнага памяшкання (арандуем яго пакуль у Белдзярж-філармоніі), мы не змаглі ўсё падрабязна занатаваць і сістэматызаваць, а некаторыя нашы унікальныя знаходкі і адкрыцці варта было б наогул «запатэнтаваць» на прадмет аўтарскіх правоў.

Якімі б фантастычнымі на першы погляд ні здаваліся разважанні кіраўніка «Харошак», але яна працягвае марыць і цвёрда верыць у стварэнне ўласнага тэатра танца. А можа — метадычнага цэнтра, дзе былі б сканцэнтраваны ўсе здабыткі і напрацоўкі, сабраныя за гады творчай дзейнасці. Якімі змаглі б карыстацца новыя пакаленні артыстаў. Бо ім ужо не ўдасца на свае вочы ўбачыць у «арыгінале» тыя ж «Гусарыкі», што прыйшлі да нас з далёкіх часоў дзякуючы традыцыі захоўваць і перадаваць культурную спадчыну з пакалення ў пакаленне. I вельмі важна не даць разарвацца гэтаму ланцужку, а тым больш — страціць у ім хоць адно звяно…