Агульная iдэя для самаўдасканалення

   Дубоўская, В. Агульная iдэя для самаўдасканалення : [абласны семiнар для намеснiкаў дырэктароў школ на базе СШ № 21 г. Магiлёва] / Вольга Дубоўская // Настаўніцкая газета. — 2016. — 20 кастрычнiка. — С. 15.

Каб педагагічны савет не ператвараўся ў доўгае і нуднае мерапрыемства, яго трэба рыхтаваць. “Зразумела”, — скажуць намеснікі дырэктараў і ўздыхнуць, абцяжараныя думкамі пра свае педагагічныя сходы. Думаю, многія, каму даводзілася прымаць удзел у такіх мерапрыемствах, лічылі хвіліны да іх заканчэння. І вось, каб не задавацца вечнымі пытаннямі, як правесці ці як адседзець гэты педагагічны савет, трэба вывучаць тэхналогію правядзення педсаветаў.

Не так даўно такія тэхналогіі былі ў цэнтры ўвагі на абласным семінары для намеснікаў дырэктараў, які праводзіўся аддзелам арганізатараў адукацыі і педагагічнага працэсу Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Рабочай пляцоўкай стала сярэдняя школа № 21 Магілёва, дзе педагагічны савет даўно не доўгае і зусім не нуднае мерапрыемства.

Нефармальны падыход

Запрошаныя да ўдзелу ў семінары намеснікі дырэктараў азнаёміліся з вопытам арганізацыі педсаветаў у 21-й школе Магілёва ў працэсе дзелавой гульні “Мы рыхтуем педсавет”. Завучы практыкаваліся ў вызначэнні зместу, выбары метадаў падрыхтоўкі і форм правядзення педагагічных саветаў. Яны планавалі кансультацыі для педагогаў, складалі план падрыхтоўкі і правядзення педагагічнага савета па зададзенай тэме, праектавалі яго рашэнні.

Форма дзелавой гульні была выбрана невыпадкова. Перад намеснікамі 21-й магілёўскай школы стаяла задача свабодна і даходліва падзяліцца сваім вопытам з калегамі, прычым у актыўнай форме. І яны гэта зрабілі без напружання, бо расказвалі пра тое, што робяць ужо некалькі гадоў.

педсавет-copy.jpgСайт

 

Дзелавую гульню з удзельнікамі семінара пачала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 21 Магілёва Галіна Віктараўна Барысік, якая найперш засяродзілася на праблемах планавання і зместу педагагічных саветаў. Маладыя і яшчэ нявопытныя намеснікі да гэтага пытання падыходзяць фармальна. Як правіла, за аснову сваіх педсаветаў яны бяруць сумніўныя распрацоўкі з інтэрнэту. У выніку ў іх нічога не атрымліваецца. Па меркаванні Галіны Віктараўны, пры арганізацыі і правядзенні школьнага педсавета зыходзіць трэба перш за ўсё з патрэб уласнага калектыву.

“Зыходным пунктам пры планаванні педсавета заўсёды з’яўляецца аналіз дзейнасці настаўніцкага калектыву ў мінулым навучальным годзе і задач ад вышэйшых інстанцый у выглядзе інструктыўна-метадычных пісем, нарматыўных дакументаў. На гэтых высновах ідзе вызначэнне мэты і задач школы на бягучы год. Для таго, каб папрактыкавацца ў вызначэнні тэматыкі педсаветаў, мы з калегамі падчас гульні за аснову ўзялі задачы нашай 21-й школы за апошнія пяць гадоў і тэматыку праведзеных педагагічных саветаў. Намеснікам дырэктараў было прапанавана супаставіць задачы з тэмамі, каб зразумець механізм выхаду на дзейсныя тэмы педсаветаў.

Наступным этапам нашай гульні стала вызначэнне метадаў падрыхтоўкі і форм правядзення педсаветаў. Мы гаварылі пра тое, як рыхтуецца педсавет на працягу года. Канечне, за аснову браліся прыклады 21-й школы. Ішла гаворка пра тое, калі павінны стварацца творчыя групы настаўнікаў, калі праводзіць тэарэтычныя семінары, калі — практыкумы па ўзнаўленні неабходнай інфармацыі для актуалізацыі тэмы педсавета.

Звычайна пры арганізацыі педсаветаў мы прытрымліваемся наступнай схемы: прыкладна 15 хвілін тэорыя, усё астатняе — практычная частка. Спецыфіка педсаветаў у нашых школах заключаецца ў тым, што на іх абавязкова павінна нешта вырашацца, задавацца вектар далейшага развіцця. У выніку перад арганізатарамі педсавета паўстае праблема недахопу часу (15 хвілін на тэорыю ніяк не хапае). Мы ж на семінары паказалі, што на тэарэтычную частку можна працаваць на працягу ўсяго года, а на самім педсавеце працаваць толькі над выпрацоўкай канкрэтных рашэнняў”, — расказала Галіна Віктараўна.

Асобна вялася гаворка пра формы педсаветаў. Існуе традыцыйная форма педагагічнага савета, а ёсць нетрадыцыйная. Як заўважыла Г.В.Барысік, традыцыйная форма педсаветаў заўсёды актуальная і дзейсная.
“У прапорцыі суадносін традыцыйных і нетрадыцыйных форм нельга аддаваць перавагу нейкай адной форме. Традыцыйныя формы даюць магчымасць больш канкрэтна вырашаць неабходныя праблемы, а нетрадыцыйныя актуальныя, калі трэба перайсці да асваення нейкага глабальнага пытання, нечага абсалютна новага, калі неабходна арганізаваць “мазгавы штурм”, правесці калектыўную творчую справу.

“Напрыклад, калі мы засвойвалі сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, нам трэба было зрабіць так, каб кожны настаўнік заглыбіўся ў гэтую тэму. Калі ўводзілі сістэму маніторынгу, то стваралі ўмовы для таго, каб кожны вызначыўся са сваім колам абавязкаў. Або калі мы пачыналі ўдзельнічаць у інавацыйным праекце па інтэрнэт-тэхналогіях (сеткавым узаемадзеянні) і нам неабходна было прыняць рашэнне, ці будзем мы ў гэтым прымаць удзел калектыўна. Разам з тым было важна, каб кожны разумеў ступень свайго ўдзелу ў праекце. Вось у такіх выпадках нашы педсаветы праходзілі ў нетрадыцыйнай форме”, — працягвала Галіна Віктараўна.

Тэма — актульная і негрувасткая

Далей намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Генадзьеўна Райкіна, расказваючы пра свае знаходкі, спынілася на арганізацыі і правядзенні педагагічнага савета, дзе разглядалася работа педагогаў, накіраваная на развіццё навучэнцаў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ў прадметных кабінетах школы ў разрэзе дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі.

Намеснікам дырэктараў было прапанавана ў інтэрактыўнай форме змадэляваць падрыхтоўку да гэтага педагагічнага савета. У прыватнасці, яны ў групах працавалі над кансультацыямі для педсавета, распрацоўвалі план правядзення педагагічнага савета, праектавалі яго рашэнні. Думалі над тым, якія пры падрыхтоўцы да педсавета можна правесці майстар-класы, арганізаваць творчыя групы, метадычныя фарміраванні. Адбыўся актыўны абмен інфармацыяй і ідэямі. “Высветлілася, што намеснікам дырэктараў цяжка вызначыць актуальную і негрувасткую тэму для педагагічнага савета”, — адзначыла Таццяна Генадзьеўна Райкіна.

У сярэдняй школе № 21 Магілёва, акрамя рабочых педсаветаў (па выніках чвэрці) праводзіцца два тэматычныя педагагічныя саветы. Напрыклад, педсавет па дапрофільнай і профільнай падрыхтоўцы, пра які ўдзельнікам семінара расказвала Т.Г.Райкіна, якраз з такіх.

Падрыхтоўка да яго пачыналася ў пачатку мінулага навучальнага года, а праходзіў ён у канцы трэцяй чвэрці. Ужо ў верасні ў школе працавалі творчыя групы настаўнікаў (напрацоўвалі новы вопыт), дзейнічалі практычныя семінары (для актуалізацыі ведаў і навыкаў педагогаў). Затым складаліся анкеты, праводзіўся метадычны тыдзень, падчас якога педагогі дэманстравалі тое, што зрабілі (чаму навучыліся) за год. Усе педагогі наведвалі ўрокі адно аднаго, вывучалі і ацэньвалі назапашаны вопыт калег, рабілі высновы, якія прадстаўлялі намеснікам дырэктара. Потым адміністрацыя школы аналізавала зробленае за папярэдні перыяд, з улікам назіранняў вызначала лепшы педагагічны вопыт (які затым і дэманстраваўся на педсавеце). У выніку напярэдадні педсавета настаўнікі ведалі, што ад іх патрабуецца, кожны з іх вызначыў свае задачы на будучыню, а на педагагічным савеце толькі заставалася падвесці высновы напрацаванага вопыту і прыняць калектыўнае рашэнне.

“У межах гэтага педсавета мы праводзілі школьны агляд кабінетаў (з мэтай азнаямлення і вызначэння іх функцыянала для вучняў і настаўнікаў, асабліва маладых педагогаў), распрацоўвалі пытанні для анкетавання педагогаў школы. У нас працавалі творчыя групы настаўнікаў, мы арганізоўвалі кансультацыі, распрацоўвалі план правядзення педсавета. Я агучвала і тыя рашэнні, што былі прыняты на гэтым педагагічным савеце”, — расказала Т.Г.Райкіна.

Арыенцір на творчых настаўнікаў

Пра ролю творчай групы ў падрыхтоўцы педагагічнага савета гаварыла настаўніца біялогіі і хіміі кіраўнік творчай групы Ірына Віктараўна Масквіна:

“Як ужо было сказана, у нашай установе адукацыі творчыя групы ствараюцца для падрыхтоўкі якіх-небудзь мерапрыемстваў, напрыклад, педсаветаў, семінараў і, вядома ж, для стварэння ў школе неабходных умоў для паспяховага навучання вучняў у профільных класах. У мінулым навучальным годзе была створана творчая група па дыдактычным і метадычным забеспячэнні выкладання хіміі і біялогіі ва ўмовах профільнага навучання.

Мы як прадметнікі, якія працуюць у профільных класах, адчуваем цяжкасці пры правядзенні ўрокаў на павышаным узроўні. І недахоп дыдактычнага матэрыялу і метадычных распрацовак вымусілі нас стварыць такія творчыя групы па розных напрамках. Справаздача пра работу маёй творчай групы была прадстаўлена на педагагічным савеце ў форме відэафільма, дзе былі прадэманстраваны асноўныя напрамкі работы вучэбнага кабінета біялогіі і яго аснашчанасць.

Вядома ж, у кабінеце ёсць абсталяванне стандартнае і дзеці з ім працуюць па меры неабходнасці. Гэта выявы натуральных аб’ектаў (табліцы, карты, плакаты), прылады для доследаў (посуд, штатывы), прыборы агульнага прызначэння (мікраскопы, лупы, муляжы, вільготныя прэпараты), гербарны матэрыял, матэрыялы, сабраныя ў выглядзе творчых справаздач з экскурсій у жывую прыроду, макеты і разборныя мадэлі, калекцыі, пудзілы і шкілеты біялагічных аб’ектаў, разборныя малекулы і інш.

Але мы стараемся выкарыстоўваць і больш эфектыўнае абсталяванне: інтэрнэт-крыніцы, 3D-мадэлі, відэатэку, віртуальныя лабараторыі, відэаматэрыялы, знятыя на сваіх лабараторных доследах, дамашні эксперымент, аўдыяматэрыял.

Прааналізаваўшы дзейнасць сваёй творчай групы, мы зрабілі наступныя высновы: навукова-тэарэтычныя веды, неабходныя педагогам для работы ў сістэме профільнага навучання, сталі больш глыбокімі і сістэмнымі, іх педагогі свядома выкарыстоўвалі ў сваёй практычнай дзейнасці.

Пры рэалізацыі профільнага навучання старшакласнікаў настаўнікі ўносілі ў выкананыя дзеянні элементы сваёй аўтарскай сістэмы, самастойна распрацоўвалі ўласныя метадычныя прадукты. Рост прафесіяналізму настаўнікаў групы дазваляе на высокім якасным узроўні ажыццяўляць сеткавае навучанне школьнікаў. У працэсе функцыянавання творчай групы адпрацоўваецца адна з магчымых мадэляў міжшкольных прафесійных аб’яднанняў педагогаў, якія працуюць над адной праблемай, фарміруецца разнастайнасць гарызантальных сувязей”.

Дарэчы, на сёння ў 21-й магілёўскай школе рэалізуюцца фізіка-матэматычны профіль, хіміка-біялагічны, лінгва (замежная мова)-матэматычны, лінгвістычны (замежная мова — руская мова). Два напрамкі з’явіліся з гэтага навучальнага года. Гэта замежная мова — грамадазнаўства і замежная мова — гісторыя Беларусі. Пачаў дзейнічаць клас інжынернай накіраванасці.

Дапрофільная падрыхтоўка ажыццяўляецца па такіх прадметах, як фізіка, матэматыка, англійская мова, хімія, біялогія, гісторыя, грамадазнаўства.

Арганізаваная самаадукацыя

Такім чынам, працуючы над агульнай тэмай, кожны ўдзельнік педагагічнага калектыву ўдасканальвае сябе. Такая арганізаваная самаадукацыя дае магчымасць развівацца ўсёй школе. Гэтыя думкі былі ключавымі падчас абласнога семінара, там адбываўся актыўны абмен меркаваннямі. Гаспадары дзяліліся сваімі напрацоўкамі, а ўдзельнікі прапаноўвалі свае рашэнні. Зразумела, што педсаветы 21-й школы Магілёва не могуць быць узорнымі на сто працэнтаў. Намеснікі дырэктараў навучальнай установы дзяліліся сваім алгарытмам, інструментарыем, але змест, напаўненне педагагічнага савета ў кожнай навучальнай установе свой. У кожнага свая спецыфіка, свае вучні і свае патрэбы.

Разам з тым завучы сярэдняй школы № 21 Магілёва працягваюць сваё самаўдасканаленне. Цяпер Таццяна Генадзьеўна і Галіна Віктараўна працуюць над стварэннем сваіх анлайн-школ для настаўнікаў-прадметнікаў. Зразумела, у школе ідзе падрыхтоўка да чарговага тэматычнага педагагічнага савета. У гэтым годзе ён будзе прысвечаны арганізацыі сістэмы дапрофільнай падрыхтоўкі. Школа ўдзельнічае ў эксперыментальным праекце па дапрофільнай падрыхтоўцы, таму перад настаўнікамі і адміністрацыяй стаіць задача прааналізаваць тое, што ўжо напрацавалі, і вызначыць, куды рухацца далей.