«Цудоўны горад, цудоўныя людзi!»

   Сакалоўская, В. «Цудоўны горад, цудоўныя людзi!» : [Магiлёў наведала дэлегацыя вучняў i выкладчыкаў Рыжскай асноўнай беларускай школы iмя Я. Купалы] / Валянцiна Сакалоўская // Магілёўскія ведамасці. — 2016. — 1 ноября. — С. 6.

— менавіта так выказала свае ўражанні і пачуцці ад знаходжання ў Магілёве Ганна Іване — дырэктар Рыжскай асноўнай беларускай школы імя Я. Купа л ы і кіраўнік дэлегацыі з Латвіі, у складзе якой было 29 вучняў з сёмага па дзявяты клас і 13 дарослых, у асноўным — выкладчыкаў гэтай навучальнай установы. I ўсе з іх, з кім бы ні даводзілася размаўляць, былі аднадушнымі з Ганнай у гэтым меркаванні.

«Вельмі цёплы прыём. У інтэрнаце агралесатэхнічнага каледжа, дзе нас размясцілі, вельмі добра, утульна, прыгожа. Горад добраўпарадкаваны. Цікавыя музеі, заасад, экскурс», прыгожыя плошчы» (Анжэліка, 8 клас). «Уражваюць спартыўныя пабудаванні, архітэктура будынкаў. Смачныя нацыянальныя стравы. Таленавітыя людзі жывуць у Магілёве» (Глеб, 7 клас).

«Незабыўныя ўражанні ад наведвання магілёўскіх гімназій, дзе вучацца вельмі таленавітыя рабяты…» (Кірыл, 9 клас).

— У вандраваннях бываем кожны год, — гаворыць, напрыклад, выкладчык рускай і беларускай мовы і літаратуры Святлана Главацая. — Аб’ехалі ўжо ўсю Беларусь. Усе гарады прыгожыя, добрыя. Але, здаецца мне, што ў Магілёве людзі самыя душэўныя. Цеплыню вашага горада, вашай зямлі вельмі адчуваем, нягледзячы нават на такое халоднае восеньскае надвор’е.

Ахвотна распавядалі госці пра сваю навучальную ўстанову. У ёй займаецца 175 вучняў з 1 па 9 клас з беларускіх сем’яў, якія пражываюць у Рызе. Школа асноўная, або, як у нас кажуць, базавая. Наогул жа, у Латвіі 12-гадовая сярэдняя школьная адукацыя. Мэты і заданы гэтай Рыжскай беларускай асноўнай школы — не дазваляць дзецям страціць свае карані, этнічную еднасць са сваім народам, а таксама — дапамагаць ім інтэгрыравацца ў латышскае асяроддзе. Школа дзяржаўная. Яе вучні нараўне з беларускай мовай вывучаюць і латышскую, а таксама ўсе дысцыпліны, прадугледжаныя праграмай латышскіх асноўных школ. Пасля дзевяцігодкі юнакі і дзяўчаты працягваюць адукацыю ў сярздніх спецыяльных установах, або паступаюць у дзясятыя класы агульнаадукацыйных школ ці гімназій. «Мы ўпэўнена глядзім у будучыню!» — падкрэсліла Ганна Іване.

Нашым карэспандэнтам давялося прысутнічаць на сустрэчы дэлегацыі з Рыгі з вучнямі і настаўнікамі Магілёўскай гарадской гімназіі №1. Госці пазнаёміліся з гэтай, адной з лепшых у нашай краіне, установай агульнай сярэдняй адукацыі, удзельнічалі ў творчых майстар-класах па вырабах выцінанак, пазнаёміліся з цікавай сімволікай беларускай вышыўкі, мелі магчымасць зрабіць для сябе лялькі-абярэгі.

Захапляла гасцей і таленавітая літаратурна-музычная кампазіцыя, у якой вучні расказвалі пра любімую Беларусь музыкай, вершамі, песнямі…

Яркім, сакавітым мазком у цудоўнай палітры ўражанняў гасцей стаў і падарунак ім ад гімназіі — сімвал Магілёва — яго герб (аплікацыя саломкай).

Ганна Іване выказала самую шчырую ўдзячнасць усім за такі радушны прыём. «Мы павязём з сабой у Рыгу самыя радасныя, самыя цёплыя ўспаміны», — сказала яна. I запрасіла прадстаўнікоў гімназіі таксама наведацца ў госці ў іх невялікую купалаўскую школу.