Не проста іншая пляцоўка для тэатра

Казакоў, І. Не проста іншая пляцоўка для тэатра : [гутарка з І. Казаковым, галоўным рэжысёрам Магілёўскага абласнога тэатра лялек] / І. Казакоў ; гутарыла Т. Команава // Культура. — 2013.— 6 красавіка. — С. 13.

»Другая сцэна»: субпрадукт, «сырое мяса» або узрушэнне?

Апошнія некалькі сезонаў парадавалі тэатралаў магутным «выплескам» маладых i яркіх творцаў, што выкшталціліся ў прасторы тэатра лялек. Сярод ix i Iгap Казакоў — галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога тэатра лялек. Яго «Чароўны пэндзаль» стаў летась пераможцам Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў намінацыі «Лепшы спектакль для дзяцей». А сёлета малады рэжысёр скарыў i, выказваючыся пафасна, «з’яднаў ycix у агульным парыве» сваёй новай прэм’ерай — спектаклем «Гамлет» У.Шэкспіра, які стаў бясспрэчным фаварытам «Март.кантакту». Пры гэтым важна адзначыць, што прастора інтарэсаў Iгapa Казакова сягае далёка за межы адно толькію творчага самавыяўлення: як галоўны рэжысёр ён даў жыццё цікаваму i перспектыўнаму праекту — «Другой сцэне», з якой i пачалася наша гаворка.

— «Другая сцэна» — гэта не толькі жаданне задзейнічаць яшчэ адну нашу пляцоўку, але найперш — імкненне асвоіць прынцыпова іншыя спосабы існавання тэатра лялек, паступова i метадычна разбураць ідэю таго, што лялькі — гэта тыя ж цацкі. У прасторы «Другой сцэны» мы аддаем прыярытэт працэсу. Няхай гэтыя работы незавершаныя, не маюць стандартнай кампазіцыі… — гэта не важна, бо перад намі эксперыментальная база, дзе можна паспрабаваць практычна ўсё, што хочаш i можаш.

На дадзены момант у нас няшмат рэзідэнтаў, асноўны — Юрка Дзівакоў, які ажыццявіў ужо тры праекты. Але я хачу пашыраць гэтае кола — мне цікава, каб у нас спрабавалі сілы ўсе ахвотныя, i гэта датычыць не толькі рэжысуры. Мару бачыць тэатр сапраўдным культурным цэнтрам, творчым скрыжаваннем: са сваей бібліятэкай, відэатэкай, фотавыстаўкамі, прэзентацыямі дызайнерскіх работ…

Гэта можна разглядаць як запрашэнне? Якія канкрэтна крокі павінен зрабіць малады творца, каб патрапіць на «Другую сцэну»?

— Для пачатку— звязацца з намі.. Мне хочацца, не пабаюся пафаснасці, каб наш тэатр таксама зpaбiў свой унёсак ва ўзбагачэнне тэатральнага жыцця Беларусі. Калі параўноўваць з тым, што робіцца ў Pacii, дык мы знаходзімся ў незайздросным становішчы: там СТД ладзіць мноства самых разнастайных творчых праектаў, усе ездзяць адзін да аднаго на спектаклі, i ў выніку адбываецца бурлівае творчае жыццё. Гэткі культурны ўзаемаабмен — надзвычай магутная рэч.

Яшчэ адна каштоўнасць — час. У рэпертуарным тэатры пастаноўка спектакля — гэта працяглая тэхналагічная работа: стварэнне лялек, дэкарацый, рэпетыцыі i г.д. Праектная ж работа дазваляе дастаткова хутка ствараць своеасаблівы «тэатральны субпрадукт», правяраць яго i альбо развіваць далей у паўнавартасны спектакль, альбо, атрымаўшы «граблямі па ілбе», з пэўнай лёгкасцю расставацца з iм. Гэта дае большую прастору для творчасці пры адсутнасці такіх фактараў, як фінансавая адказнасць за патрачаны бюджэт ці неабходнасць работы на пэўную катэгорыю глядацкай аудыторыі. Прыкладам, зараз мы рыхтуем праект пад назвай «Арт-абстрэл», у рамках якога хацелі б менавіга па праектным прынцыпе за даволі кароткі прамежак часу выпусціць дастаткова вялікую колькасць работ. Ажыццявіць своеасаблівы «выплеск ідэй».

«Другая сцэна» сапраўды прынцыпова іншая, у параўнанні з асноўнай пляцоўкай Магілёўскага тэатра лялек?

— Зразумела. На асноўнай сцэне наша работа мусіць вырашаць канкрэтныя задачы: выпускаючы чатыры спектаклі ў сезон, мы павінны улічваць i ўсе ўзроставыя катэгорыі нашых гледачоў, i момант рэпертуарнай прывабнасці. Для гэтага плануем запрашаць на пастаноўкі буйных рэжысёраў тэатра лялек, знаных не толькі ў нашай кpaiнe, але i за мяжой — каб пэўным чынам «расквеціць» рэпертуар ды i проста атрымаць новы вопыт работы, пазнаёміцца з тэхнікамі, творчымі прынцыпамі. А яшчэ —павялічыць у рэпертуары колькасць пастановак для дарослага гледача. Бо сёння тэатр лялек настолькі сінтэтычны, што вельмі складана правесці мяжу: думаю, па «Гамлеце» відаць, што практычна немагчыма падзяліць, дзе завяршаецца жывы план i пачынаецца «тэатр лялек». Наколькі сённяшняму гледачу цікавая выключна анімацыя? Думаю, не вельмі. Зараз такі час, калі мы паўсюль: на вуліцы, дома, за камп’ютарам паглынаем інфармацыю: «папкамі», прычым паралельна на некалькіх узроўнях: калі гэта рэклама, то яна працуе адначасова i на візуальнае ўспрыняцце, i на слыхавое, ды яшчэ i «рыдлёўкай па галаве» табе могуць даць, каб лепей паўздзейнічаць. Чаму ж у тэатры да гэтага часу мусіць заставацца «сціплы набор»: кaлi драматычны акцёр будзе «браць майстэрствам» i толькі?

Дарэчы, як успрымаюць праекты «Другой сцэны» непасрэдна гледачы?

— Аўдыторыя наша камерная — чалавек трыццаць-сорак. Напачатку, сапраўды, была надзвычай розная рэакцыя: некаторыя людзі былі проста не гатовыя да таго, што iм прапаноўвалася, не ведалі, як «спажываць» наша «сырое мяса». Але зараз ужо выкрышталізавалася асаблівая публіка, якая ідзе адмысова на нашы лабараторныя работы. Пасля кожнага паказу мы размаўляем з гледачамі, i гэткая камерная атмасфера дае нам магчымасць працаваць, так бы мовіць, на малекулярным узроуні.

Я, шчыра кажучы, зайздрошчу таму, што ў сувязі з выпускам рэпертуарных спектакляў сам да гэтага часу яшчэ не дабраўся да «Другой сцэны», хоць маю некалькі ідэй, якія хацелася б праверыць…

«Рыдлёўкай па галаве», «граблямі па ілбе»… — асабіста вы як рэжысёр наколькі далека гатовы icцi ў cвaix спектаклях у выкарыстанні падобных прыёмаў?

— На мой погляд, адна з асноўных праблем сучаснага беларускага тэатра, у прыватнасці, у тым, што мы захапляемся пастаноўкай нейкіх абстрактных маралітэ i забываем, што тэатр павінен быць яшчэ i відовішчным, дзівосным, тым, які ўзрушвае. Мне асабіста не цікавыя спектаклі, якія мяне не ўзрушваюць. Таму i ў «Гамлеце» нейкія рэчы, пэўна, зроблены жорстка, але мне хацелася, каб глядач адчуў тое, што адчуваю я ў гэты момант. Я сам жыву эмоцыямі ад спектакляў, якія бачыў дванаццаць гадоў таму, i гэта былі адны з самых магутных уражанняў: калі бачыш яркі спектакль, тады быццам бы атрымліваеш «штуршок пад зад»— i сам пачынаеш несціся, несціся да выніку… Мне падабаецца — «узрушваць». Тэатр не павінен гладзіць па галаве, хутчэй — ускалашмачваць на ёй валасы. Прыкладна, як у мяне зараз.