Сiнькевiч, Г. Пазабюджетнай дзейнасцi патрэбна развiццё : [у Магiлёве прайшло пасяджэнне Рэспублiкаскага савета дырэктароў устаноў прафесiянальна-тэхнiчнай i сярэдняй спецыяльнай адукацыi] / Ганна Сiнькевiч // Настаўнiцкая газета. — 2017. — 28 студзеня. — С. 19.
Сучасныя эканамічныя ўмовы прад’яўляюць новыя патрабаванні да сферы прафесійнай адукацыі. Рэаліі патрабуюць ад навучальных устаноў гэтага профілю дынамічнага развіцця. Каб інтэнсіўна развівацца і ісці ў нагу з часам, установам трэба шукаць дадатковыя крыніцы даходу. Аднак калі ў адных установах гэтая работа наладжана дастаткова паспяхова, то іншыя сутыкаюцца з некаторымі складанасцямі.
Як выпрацаваць адзіны алгарытм эфектыўнай арганізацыі пазабюджэтнай дзейнасці, разважалі на чарговым пасяджэнні Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якое адбылося днямі ў Магілёве.
Акрамя кіраўнікоў устаноў ПТА і ССА, удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, рэгіянальных упраўленняў і камітэтаў адукацыі, дэпутаты Савета рэспублікі. Сумесна ўдзельнікі дэталёва абмеркавалі актуальныя праблемы і перспектывы развіцця пазабюджэтнай дзейнасці ў прафесійных навучальных установах.
Сёння для планамернага развіцця гэтым установам адукацыі неабходна пашыраць спектр пазабюджэтнай дзейнасці. Ліцэі і каледжы павінны ў поўнай меры выкарыстоўваць свой вучэбны і вытворчы патэнцыял. Пакуль рэсурсы ўстаноў у частцы арганізацыі платных паслуг нявычарпаны.
— Сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі трэба больш актыўна выкарыстоўваць магчымасці шматканальнага фінансавання. Развіццё пазабюджэтнай дзейнасці ажыццяўляецца досыць эфектыўна. Але сучасныя ўмовы ставяць перад намі новыя задачы. Гэта тычыцца адукацыі моладзі, неабходнасці павышаць узровень яе прафесійнай падрыхтоўкі. Новыя магчымасці для ўстаноў адкрываюцца і ў плане дадатковай адукацыі дарослых людзей, якія ўвесь час маюць патрэбу ў павышэнні прафесійнай кваліфікацыі, — адзначыў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.
Паводле яго слоў, пэўныя перспектывы развіцця пазабюджэтнай дзейнасці ёсць і ў арганізацыі шостага школьнага дня. Тут ужо прасочваецца нядрэнная дынаміка. Каля 45 тысяч школьнікаў задзейнічаны ў суботу ва ўстановах ПТА і ССА.
— Ні адна прафесійная навучальная ўстанова ў суботні дзень не павінна быць закрытай. У нас дастаткова магчымасцей, каб гэтую работу арганізаваць. Формы дзейнасці разнастайныя: гэта і сустрэчы па інтарэсах, і гурткі. Прычым функцыянаванне гурткоў можна наладзіць у тым ліку на платнай аснове, — заўважыў Вадзім Анатольевіч.
Як высветлілася, зараз найбольш распаўсюджаныя спосабы атрымаць пазабюджэтных сродкі ў навучальных установах — аказанне платных адукацыйных паслуг і вытворча-гаспадарчая дзейнасць. Адметнай рысай “пазабюджэткі” з’яўляецца яе сувязь з адукацыйным працэсам. Напрыклад, вытворчасць тавараў і аказанне паслуг ажыццяўляецца ў адпаведнасці з праграмамі, зацверджанымі ў вучэбных планах устаноў адукацыі. Але ўсё ж існуючы патэнцыял установы выкарыстоўваюць не цалкам. Між тым кропкі для нарошчвання аб’ёмаў пазабюджэтнай дзейнасці ёсць, аднак іх рэалізацыі перашкаджае шэраг праблем, сярод якіх — адсутнасць абаротных сродкаў і крэдытных рэсурсаў, нарматыўных прававых актаў сеткавага ўзаемадзеяння, дзяржаўнае абмежаванне ўзроўняў рэнтабельнасці, недастатковасць навыкаў і вопыту выкарыстання маркетынгавых інструментаў, неабходнасць пагашэння бюджэтных выдаткаў за кошт пазабюджэтных крыніц, давядзенне планаў на ўзроўні паказчыкаў мінулых гадоў, выконваць якія дырэктарам ва ўмовах крызісу досыць складана. Гаварылі кіраўнікі прафесійнай школы і пра іншыя цяжкасці.
— Але адных размоў недастаткова. Патрэбны дзейсныя прапановы, канкрэтныя механізмы павелічэння тэмпаў росту пазабюджэтнай дзейнасці, — арыентаваў прысутных першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.
Станоўчых напрацовак у плане ўласнага фінансавага забеспячэння хапае. У краіне ёсць навучальныя ўстановы, дзе больш за палову бюджэту складаюць даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці. На пасяджэнні некаторыя з дырэктараў падзяліліся з калегамі сваім паспяховым вопытам у гэтым кірунку. Так, у Рагачоўскім прафесійна-тэхнічным каледжы будаўнікоў здолелі наладзіць эфектыўную пазабюджэтную дзейнасць у галіне будаўніча-мантажных работ. У Віцебскім прафесійна-тэхнічным каледжы машынабудавання імя М.Ф.Шмырова на развіццё сваёй установы ўмела прыцягваюць сродкі міжнародных праектаў. А вось у Слуцкім дзяржаўным каледжы асновай пазабюджэтнай дзейнасці сталі платныя паслугі. У гэтай установе чуйна рэагуюць на патрэбы рынку і імкнуцца шукаць любыя магчымасці, каб зарабляць уласныя матэрыяльныя сродкі. Акрамя разнастайных відаў адукацыйных і іншых паслуг, у каледжы ёсць цырульня і пральня на гаспадарчым разліку, функцыянуе маладзёжнае кафэ, дзейнічае вучнёўская бізнес-кампанія.
— Паўнавартаснае выкарыстанне вытворчых плошчаў і чалавечых рэсурсаў дазваляе нам штогод павышаць узровень дадатковых даходаў. Поле пазабюджэтнай дзейнасці будзем пашыраць і далей, але робім мы гэта не на шкоду асноўнай адукацыйнай і выхаваўчай рабоце, — паведаміў дырэктар каледжа Барыс Блахін.
Такі ж падыход да справы выкарыстоўваюць і ў Ляхавіцкім аграрным каледжы. У гэтай навучальнай установе дзейнічае вучэбная гаспадарка, якая ўключае ў сябе ферму буйной рагатай жывёлы, пчаліную пасеку, ветэрынарную клініку, сад, цяпліцу, вучэбна-даследчы севазварот, вытворчыя аўтамайстэрні і аўтатрактадром. Вялікая гаспадарка не толькі прыносіць установе дадатковыя крыніцы фінансавання, але і дазваляе рыхтаваць высокапрафесійных спецыялістаў.
Што тычыцца Магілёўскай вобласці, то тут флагманам па ажыццяўленні пазабюджэтнай дзейнасці на працягу ўжо дзевятнаццаці гадоў з’яўляецца эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж. Сёння тут эфектыўна функцыянуюць лячэбна-аздараўленчы і спартыўны комплексы, буфет, абутковая майстэрня, пральня, цырульня, лячэбна-аздараўленчы комплекс, дзейнічае станцыя тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, аказваюцца турыстычныя паслугі і паслугі аргтэхнікі, наладжаны выпуск разнастайнай сувенірнай прадукцыі. Але на дасягнутым ва ўстанове не спыняюцца, а пастаянна шукаюць новыя ідэі і формы работы. Дырэктар каледжа Алег Бахановіч выступіў перад калегамі з некаторымі прапановамі па ўдасканаленні пазабюджэтнай дзейнасці. На яго думку, варта задумацца аб ільготным падаткаабкладанні прафесійных навучальных устаноў, а сэканомленыя грошы накіраваць на абнаўленне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы. Магчыма, правільным стымулюючым крокам стане таксама прадастаўленне ўстановам права самастойна распараджацца заробленымі сродкамі, а не вяртаць расходы ў бюджэт.
— Узнятыя праблемы сапраўды патрабуюць аператыўнага рэагавання, таму ўсе агучаныя прапановы будуць прапрацаваны, экспертна прааналізаваны, каб у далейшым праз нарматыўныя прававыя акты па магчымасці змяніць сітуацыю да лепшага, — рэзюмаваў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Марзалюк.
Падчас пасяджэння ўдзельнікі абмеркавалі многія надзённыя пытанні. Закраналася тэма нарматыўнага фінансавання навучальных устаноў, арганізацыі практыкі навучэнцаў і працаўладкавання выпускнікоў. Разам прысутныя выпрацавалі шэраг эфектыўных рэкамендацый па развіцці пазабюджэтнай дзейнасці. У цэлым, як было адзначана ў канцы мерапрыемства, уменне кіраўнікоў знаходзіць дадатковыя сродкі фінансавання важнае, але пры гэтым на другі план не павінна адыходзіць ажыццяўленне непасрэдна адукацыйнага працэсу. Асноўнае прызначэнне ўстаноў прафесійнай адукацыі — выкананне значнай сацыяльнай функцыі ў грамадстве, таму якасць адукацыі і падрыхтоўкі кадраў павінна быць для іх першачарговай задачай.