У цемры жаданняў

   Чарняўская, Д. У цемры жаданняў : [новы спектакль С. Варнаса «Смех у цемры»] / Дар’я Чарняўская // Лiтаратура i мастацтва. — 2017. — 24 сакавiка. — С. 13.

Новы спектакль Саўлюса Варнаса прадэманстравалі на нестандартнай пляцоўцы — у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Услед за «Крэйцаравай санатай» (паводле Талстога) «Смех у цемры» (паводле Набокава) працягвае даследаваць повязі шлюбу, а таксама звяртаецца да вытокаў палкасці і, як вынік, здрады, да якой вядуць неўтаймаваныя жаданні.

Проза Уладзіміра Набокава — адмысловы гімн пачуццёвасці, «Песня песняў» ХХ стагоддзя. Літаратурная аснова спектакля, раман «Камера абскура», вельмі падобны да знакамітай «Лаліты», але абраны твор больш жорсткі, дынамічны і ў выніку трагічны. Каб зрабіць годны сцэнічны варыянт рамана, рэжысёр-пастаноўшчык узяў на сябе абавязкі сцэнографа, мастака па святле, а таксама ажыццяўляў падбор музыкі. Сцэнічная прастора звярнулася да назвы «Камера абскура» літаральна: здавалася, што галоўны герой знаходзіцца ўнутры сапраўднага прыстасавання для стварэння фотаздымкаў. Атрымалася гіганцкая камераабскура: дэкарацыі-сценкі па баках, велізарны белы экран у цэнтры, а насупраць яго, там, адкуль на постаць аб’екта-акцёра павінна падаць святло, сядзяць гледачы. Пад позіркамі засяроджанай аўдыторыі паціху праяўляецца выява галоўнага героя…

Праца акцёра ў такім выпадку разглядаецца быццам праз павелічальнае шкло. Глядач заўважыць любую памылку, імгненне фальшу разбурыць крохкую атмасферу даверу. Ускладняе справу і абраны жанр монаспектакля. Акцёр у монаспектаклі застаецца сам-насам з гледачом, уся ўвага аўдыторыі ад пачатку і да канца пастаноўкі засяроджана толькі на ім. Іван Трус, знаёмы мінчанам як выканаўца галоўнай ролі ў «Крэйцаравай санаце», жыва і натуральна ўвасобіў персанаж Бруна Крэчмара. Пошукі кантакту з аўдыторыяй пачаліся яшчэ да прэм’еры: Іван Трус у сваім сцэнічным вобразе хадзіў па зале, нешта мармытаў, пільна ўглядаўся ў вочы здзіўленых гледачоў.

Спектакль можна раскласці на некалькі планаў. У аснове — лірычны аповед Бруна Крэчмара. Падзеі з яго жыцця разгортваюцца бы старонкі рамана. Перад гледачом няма вернай жонкі Анелізы, спакусніцы Магды, вераломнага мастака Горна. Але ўсе астатнія ўдзельнікі гісторыі ўвасоблены ў самім Бруна, падаюцца праз прызму яго ўяўленняў, а таму жывуць разам з ім на сцэне. Тут прэпарыруюцца пачуцці ды ўчынкі персанажа, агаляюцца матывы галоўнага героя. Яны павінны выклікаць адпаведную рэакцыю з боку назіральнікаў, і акцёр сам выносіць прысуд грамадскасці праз гучныя абвінавачванні, што знайшліся ў каментарах да кнігі «Камера абскура» ў інтэрнэт-прасторы. Ён пыхліва, узнёсла дэкламуе бязлітасныя меркаванні чытачоў, але… Раптам знікае прамое святло, скіраванае на сцэну, герой выходзіць за межы дэкарацый і пачынае ціха, пранікнёна размаўляць з гледачамі, якія ў гэты момант і не гледачы ўвогуле, а людзі — такія ж, як ён сам, са сваімі пачуццямі, памылкамі і гісторыямі. У зале ўсталёўваецца інтымная атмасфера асабістай размовы, дзеля якой, напэўна, і хочацца хадзіць у тэатр. Кожнаму тэатральнаму герою трэба выказацца і быць пачутым, сустрэць звычайнае чалавечае спачуванне пасля суровага аўтарскага прысуду ды гнеўных каментароў.

Каханне ў спектаклі «Смех у цемры» — не святло, а смех, здзек лёсу над слабым чалавекам, ахопленым балючай палкасцю. Бруна Крэчмар стаў сляпым не тады, калі патрапіў у аварыю, а значна раней. Калі дзеля Магды забыўся на прынцыпы, на гонар, на сям’ю, на ўсё ўласнае жыццё… Пасля вялікага гора, што напаткала сям’ю Крэчмара, ён думае над тым, каб вярнуцца да жонкі, па каменьчыках складвае вежу адкуплення. Новы выбух палкасці разбурае гэтую далікатную спробу жыць сумленна. Але ці можна абвінавачваць сляпога ў тым, што ён не бачыць шлях да святла?

Спектакль паціху ператвараецца ў даследаванне. Вінаваты Бруна Крэчмар ці не вінаваты? Адказ на пытанне залежыць ад таго, ці здольныя людзі ўвогуле кантраляваць сваё жыццё, уладарыць пачуццямі. Напрыканцы спектакля гучаць словы пра тое, што Бруна Крэчмар павінен быць пакараны, але ж Набокаў вынёс свайму герою занадта суровае пакаранне.

На думку Саўлюса Варнаса, «Камера абскура» — адзін з самых зачаравальных раманаў Уладзіміра Набокава. Раней рэжысёр хацеў паставіць на сцэне «Лаліту», але актрыса захварэла, пастаноўка адклалася, а потым увогуле не адбылася. Калі пачалося супрацоўніцтва з Іванам Трусам, спадар Варнас вырашыў зноў звярнуцца да набокаўскай тэмы. Рэжысёр «Смеху ў цемры» кажа, што спачувае галоўнаму герою: усе людзі часам памыляюцца і падпадаюць пад уладу захапленняў, а потым вымушаны адказваць за свае памылкі.

— Так, усё ішло да трагічнай развязкі, бо ёсць у жыцці нешта такое, праз што нельга пераступаць, — падзяліўся думкамі рэжысёр Саўлюс Варнас. — Кожны шлюб невыпадковы, і калі мы яго разбураем, лёс як быццам кажа: дарэмна. Жорстка ці занадта жорстка? Не нам судзіць.