Крылоў, А. За нашу i вашу свабоду : да 120-й гадавiны паўстання ў Магiлёўскай губернi / А. Крылоў // Ленiнскi шлях. — 1983. — 23 чэрвеня.
Адным з найбольш драматычных момантаў рэвалюцыйнай барацьбы народаў Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі з самадзяржаўем з’явілася паўстанне 1863—1864 года.
Успыхнуўшае ў студзені 1863 года ў Варшаве, яно хутка ахоплівала ўсё новыя і новыя тэрыторыі, уцягваючы ва ўзброеную барацьбу шырокія слаі насельніцтва, пагражаючы перакінуцца і ў цэнтральныя раёны Расіі.
У планах кіраўніцтва паўстаўшымі вялікая ўвага ўдзялялася арганізацыі паўстанчых атрадаў ва Усходняй Беларусі і асабліва ў Магілёўскай губерні. Гэта ўскладвалася на члена Літоўскага Правінцыяльнага Камітэнта, капітана Генеральнага штаба рускай арміі Людвіга Звяждоўскага.
Сярод удзельнікаў паўстання многа імён выдатных рэвалюцыянераў, якія аказалі вялікі ўплыў на ўвесь працэс рэвалюцыйна-дэмакратычнага руху не толькі ў Расіі, а і па ўсёй Еўропе: Серакоўскі і Каліноўскі — першыя рэвалюцыйныя дэмакраты Беларусі і Літвы, Урублеўскі і Дамброўскі, якія сталі потым, па характарыстыцы Е. Маркса, лепшымі генераламі Парыжскай Камуны, Антон Трусаў — адзін з заснавальнікаў рускай секцыі i Інтэрнацыянала.
Імя Людвіга Звяждоўскага па праву стаіць побач з імёнамі гэтых выдатных барацьбітоў з самадзяржаўем. Паслядоўнік і прадаўжацель справы Пестэля і Рылеева, сучаснік і аднадумца Чарнышэўскага, Дабралюбава, Герцена, Звяждоўскі аддаў жыццё за ідэалы рэвалюцыі, дэмакратыі і свабоды. Ён нарадзіўся ў 1839 годзе ў Віленскай губерні ў сям’і рэгістратара. Шаснаццаці год Людвіг паступіў у Нікалаеўскае інжынернае вучылішча, якое скончыў у 1852 годзе. 3 1856 года ён слухач Акадэміі Генеральнага штаба ў Пецярбургу. У гэтыя гады Звяждоўскі блізка сыходзіцца з прагрэсіўна настроенымі афіцэрамі. Сярод яго сяброў Серакоўскі, Обручаў, Дамброўскі. Разам з імі ён стварае рэвалюцыйны гурток з афіцэраў Акадэміі, вядзе агітацыйную работу, часта сустракаецца з супрацоўнікамі «Современника». У 1858 годзе Звяждоўскі — ад’ютант штаба 1-га армейскага корпуса, які кватэраваўся ў Вільна, і тут працягвае работу па прыцягненню афіцэраў у рады падпольнай арганізацыі. У верасні 1862 года Звяждоўскага ў сувязі з падазрэннем аб яго ўдзеле ў дзейнасці рэвалюцыйнага таварыства пераводзяць у Маскву. Але сувязіз рэвалюцыянерамі Магілёўшчыны не парываюцца, і ў пачатку 1863 года па даручэнню Звяждоўскага з Масквы ў Горкі студэнтам Горы—Горацкага земляробчага інстытута Станіславам Віскоўскім перапраўляецца партыя штуцараў і рэвальвераў. К гэтаму часу рэвалюцыйны гурток студэнтаў земляробчага інстытута стаў асноўным цэнтрам рэвалюцыйнай актыўнасці ў Магілёўскай губерні. Яго члены падтрымлівалі цесныя сувязі з перадавой інтэлігенцыяй Пецярбурга, Масквы, Казані, Варшавы. Узначальвалі гурток студэнты Віскоўскі, Сурын, Антановіч, Дамарацкі.
Рыхтаваліся да паўстання і ў сядзібах памешчыкаў, якія спачувалi яму. Тут арганізоўваліся базы для збору і адпачынку паўстаўшых, накаплівалася зброя і харчы.
Камандзірамі асобных паўстанчых атрадаў Звяждоўскі, які ўзяў сабе псеўданім Сякера, назначыў асабіста яму вядомых афіцэраў Ігната Будзіловіча, Яна Жукоўскага, Еанстанціна Жаброўскага, Станіслава Дзержаноўскага. Маладыя афіцэры (старшаму з іх было ўсяго 30 год, а малодшаму Будзіловічу — 22) без ваганняў згадзіліся прыняць удзел у паўстанні.
Напярэдадні яго Звяждоўскі распрацаваў і перадаў камандзірам атрадаў дыспазіцыю, якая павінна была стаць кіраўніцтвам да дзеянняў.
Згодна плана ў Магілёўскай губерні першапачаткова павінна было быць сем партызанскіх атрадаў: у Аршанскім, Сенненскім, Магілёўскім, Рагачоўскім, Чэрыкаўскім паветах і Горы — Горках.
Паўстанне было назначана на 24 красавіка (па стараму сцілю). Першыя крокі паўстаўшых былі паспяховымі. У ноч на 24 красавіка атрад Сякеры хуткім манеўрам акружыў Тары — Горкі, дзе яго ўжо чакалі ўзброеныя групы студэнтаў інстытута. Мясцовы гарнізон, які налічваў каля роты, быў захоплены знянацку. Звяждоўскі паспяхова атакаваў казарму з салдатамі і хутка поўнасцю авалодаў горадам.
Першы поспех акрыліў людзей, атрад значна вырас, у яго ўступіла каля 80 чалавек. Ён налічваў цяпер больш трохсот партызан. Пасля прывядзення да прысягі Сякера аддаў загад збірацца, і ў тры гадзін,ы дня паўстанцы накіраваліся па дарозе, якая вяла ў Крычаў.
Паведамленне аб захопе Горак выклікала ў Магілёўскага губернатара Беклімешава сапраўдную паніку. У Пецярбург паляцела тэлеграма: «Утварыліся і зноў утвараюцца сапраўдныя шайкі, месцамі значныя — 600 і больш чалавек. Неабходна абараняць гарады і мястэчкі, у якіх размешчана артылерыя». Падзеі ў Магілёўскай губерні ўсхвалявалі урад і ў тэрміновым парадку ў асноўныя пункты губерні ўводзяцца войскі, магчымыя шляхі руху паўстанцаў блакіруюцца кавалерыйскімі войскамі. Неўзабаве тут сканцэнтравалася больш дывізіі са значнай колькасцю артылерыі і кавалерыі.
Звяждоўскі хуткім маршам вёў свой атрад у мястэчка Краснае, дзе яго павінна была чакаць група Жукоўскага. Але тут ён атрымаў жалобнае паведамленне: атрад Жукоўскага быў разбіты і ў Краснае прыбыло ўсяго некалькі чалавек. Станавілася відавочным, што план шырокамаштабнага паўстання сарваны. Разрозненыя атрады паўстанцаў лёгка перамалываліся ў сутыкненнях з, адной з самых моцных армій свету. 26 красавіка былі разбіты атрады Грыневіча і Будзіловіча, услед за імі загінуў атрад I. Анцыпа, перайшоў у Мінскую губерню атрад Жаброўскага.
Усё шчыльней сцягвалася кальцо карнікаў і вакол групы Сякеры, якая хуткімі пераходамі ішла ў напрамку Мінскай губерні, паглыбляючыся ў лясістую мясцовасць. I усё-такі 29 красавіка пры фарсіраванні Пронi ён быў сустрэты моцным злучэннем пад камандаваннем падпалкоўніка Батаеўскага. Пасля бою частцы паўстанцаў удалося схавацца ў лесе, аднак становішча іх было крытычным: падыходзілі к канцу боепрыпасы, канчаліся прадукты. Улічваючы цяжкасць становішча, бесперспектыўнасць далейшай барацьбы, 30 красавіка на агульным сходзе атрада было прынята рашэнне яго роспуску.
Нямногім паўстанцам, разам са Звяждоўскім, удалося прадоўжыць барацьбу ў іншых месцах Польшчы і Беларусі.
Скончыўся «мяцежны тыдзень Магілёўскай губерні». Пачаўся час праследванняў і рэпрэсій. Больш трохсот паўстанцаў прадстала перад ваенна-палявымі судам!, з іх каля двухсот, у тым ліку і жанчыны, былі прыгавораны да катаргі. Кіраўнікі атрадаў Грыневіч, Анцыпа, Будзіловіч, Жаброўскі былi пакараны. Праз некалькі месяцаў, змагаючыся ў Польшчы, параненым трапіў у палон і Людвіг Звяждоўскі.
15 лютага 1864 года ён быў павешаны ў горадзе Апатава. Паўстанне жорстка падаўлена. Тысячы яго байцоў загінулі. Але справа, дзеля якой яны ішлі на смерць, не прапала, і сімвалам інтэрнацыянальнай салідарнасці рускіх, беларускіх, польскіх рэвалюцыянераў стаў дэвіз паўстаўшых: «За нашу і вашу свабоду!»