Друкарня ў Куцеінскім манастыры

Побач з месцам, дзе некалі невялічкая рачулка Куцеінка ўпадала ў Дняпро, віднеюцца рэшткі каменнай сцяны і невялічкай царквы былога Куцеінскага манастыра. Гісторыя стварэння манастыра і роля, якая адводзілася яму ў барацьбе беларускага народа за сваю нацыянальную незалежнасць, неадлучныя ад гістарычных падзей канца XVI — першай паловы XVII ст.

У студзені 1582 г. скончылася Лівонская вайна. Землі Оршы адышлі да Рэчы Паспалітай. Польскія феадалы прыкладалі нямала намаганняў, каб знішчыць беларускую мову і культуру, заняволіць жыхароў духоўна. Найбольш актыўнымі і паслядоўнымі праваднікамі палітыкі знішчэння нацыянальнай духоўнай культуры былі езуіты. У створаных імі калегіях упарта ўкаранялася сістэма выхавання ў вучняў глыбокай рэлігійнасці, прыхільнасці да каталіцызму, справы ордэна. У 1621 г. аршанскія езуіты дамагліся выдання прывілеі, згодна з якой ні ў горадзе, ні ў наваколлі не магла быць адкрыта праваслаўная царква.

Гарадское насельніцтва ўсё актыўней процідзейнічала духоўнаму заняволенню. Дзейнасцю езуітаў была ўстрывожана частка праваслаўных дзеячаў і беларускіх феадалаў. Яны пачалі пошукі найбольш эфектыўных сродкаў барацьбы за захаванне беларускай мовы І культуры.

Найбольш верагодным шляхам у гэтай барацьбе было адкрыццё праваслаўных манастыроў і храмаў, якія маглі стаць апорнымі пунктамі зберажэння роднай мовы і культуры. Гэтай думкі, відаць, прытрымліваўся і буйны беларускі феадал Багдан Сцяцкевіч. Менавіта ў гэты час на яго землях узнікла некалькі праваслаўных манастыроў і храмаў. Заснаваны ім у 1623 г. Куцеінскі манастыр дзякуючы шырокай падтрымцы народных мас хутка стаў адным з асноўных рассаднікаў праваслаўя не толькі ў Беларусі але і ў Літве.

Сцяцкевіч вырашыў заснаваць у манастыры друкарню. Дзеля знаёмства з друкарскай справай у 1630 г. ён наведвае Кіеў, які ў гэты час быў адным з буйнейшых цэнтраў кнігадрукавання. У Кіеве спагадліва аднесліся да яго задумы стварыць на ўсходзе Беларусі праваслаўную друкарню і прапанавалі ў якасці друкара Спірыдона Собаля, выхадца з Магілёўшчыны.

Неўзабаве Собаль перавозіць друкарскае абсталяванне ў Куцеінскі манастыр і рыхтуе да выдання адразу 3 кнігі. Дзякуючы намаганням ігумена Іоіля Труцэвіча ў дапамогу друкару былі вылучаны найбольш кемлівыя і пісьменныя манахі. Праз год з друку выходзяць кнігі «Брашна духоўнае», «Буквар», «Малітвы паўсядзённыя». У 1632 г. Собаль друкуе «Часаслоў».

Факты сведчаць, што па куцеінскаму буквару вучыліся рускай мове нават за мяжой. У Дзяржаўным гістарычным музе! ў Маскве захоўваецца экземпляр «Буквара», на якім шмат паметак на англійскай і нямецкай мовах.

Цікавасць даследчыкаў выклікае сама назва кнігі «Буквар». Вядомы англійскі даследчык старажытнай кнігі Джон Сіманс выказвае думку, што цяперашні тэрмін «буквар» у XVI стагоддзі, напэўна, азначаў хутчэй настаўніка або знаўцу пісьма, чым кнігу. Гонар першага ўвядзення слова «буквар» на тытульным аркушы належыць Собалю.

Невядома, якімі прычынамі быў абумоўлены пераезд Собаля з Оршы ў Буйнічы пад Магілёвам. Хутчэй за ўсё Сцяцкевіч, які бачыў вялікі друкарскі талент Собаля, дзеля стварэння яшчэ аднаго буйнога цэнтра кнігадрукавання прапанаваў яму прадоўжыць друкарскую дзейнасць на Магілёўшчыне.

Далейшае жыццё выдатнага беларускага друкара было цяжкім. Захавалася некалькі прашэнняў Собаля на імя цара, дзе ён просіць дазволу пераехаць у сталіцу Рускай дзяржавы, каб друкаваць там кнігі. Але, ведаючы блізкасць друкара да кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы, на якога ў Маскве глядзелі як на уніята, Собалю адмовілі.

Пра далейшы лёс кнігадрукара мала што вядома. Даследчыкі, асноўваючыся на не ўдакладненых звестках, лічаць, што няўдачы, якія напаткалі Собаля, прымусілі яго пастрыгчыся ў манахі.

Лёс куцеінскай друкарні быў больш шчаслівы, чым лёс яе заснавальніка. Кнігадрукаванне тут працягвалася да 1654 г. За гэты час было выдадзена каля 30 кніг агульным тыражом больш як 5 тыс. экз.

Актыўная дзейнасць аршанскіх друкароў звярнула на сябе ўвагу патрыярха Нікана. У 1655 г. ён загадвае перавезці друкарню пад Ноўгарад, у Іверскі манастыр, у 1665 г. яна была перавезена ў Васкрасенскі манастыр пад Масквой, а ў 1676 г.— у Маскву, на Друкарскі двор.

Сюды ж з Оршы былі выкліканы старац Калістрат, які лічыўся вялікім майстрам па вырэзванню матрыц для адліўкі шрыфтоў, і іншыя аршанскія друкары. Неўзабаве друкарня і яе майстры былі перададзены ў распараджэнне Сімяона Полацкага.

Толькі адзінкавыя выданні Куцеінскай друкарні абмінулі кніжныя вогнішчы, распаленыя каталіцкай рэакцыяй, ці ваенныя ліхалецці і дайшлі да нас. Выданнямі куцеінскіх друкароў ганарацца музеі і бібліятэкі не толькі нашай краіны. Нацыянальныя бібліятэкі ў Варшаве, Кракаве, Дубліне, Оксфардзе, Кембрыджы, Капенгагене адносяць выданні аршанскіх друкароў, якія захоўваюцца там, да самых рэдкіх і цікавых старажытных кніг.

I. А. ЯРШОЎ, гісторык

Матэрыял сканаваны з часопіса «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», 1981. № 4. С.
39—40.