С. І. Богуш-Сестранцэвіч

Станіслаў Іванавіч Богуш-Сестранцэвіч
(3 верасня 1731 года)

Богуш-Сестранцэвіч Станіслаў Іванавіч нарадзіўся 3 верасня 1731 года ў в.Занкі Ваўкавыскага павета Навагрудскага ваяводства, цяпер Свіслацкі р-н. Беларускі вучоны, царкоўны дзеяч, літаратар. З шляхецкай сям’і пратэстанцкага веравызнання. Дзядзька Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Вучыўся ва універсітэтах Кралеўца (цяпер Калінінград), Франкфурта, Амстэрдама, Лондана. Служыў афіцэрам у прускім гусарскім палку і літоўскай гвардыі. Пасля выхаду ў адстаўку (1761) працаваў хатнім настаўнікам у Радзівілаў. Пад уплывам нявесты (шлюб не адбыўся) перайшоў у каталіцызм. Скончыўшы Варшаўскую школу піараў (1763), быў настаяцелем ў Гомелі і Бабруйску, канонікам і епіскапам-суфраганам у Вільні. З 1773 года біскуп Беларускага біскупства, з 1982 года – Магілёўскі арцыбіскуп. З 1774 года Богуш-Сестранцэвіч прыступіў да кіравання справамі епархіі. У 1778 годзе заснаваў у Магілёве семінарыю.

З’яўляўся прыхільнікам ідэй гуманізму і асветніцтва, спрыяў адкрыццю школ на Беларусі, развіццю кнігаведавецкай справы. Заснаваў Магілёўскую друкарню.

У малавядомай кнізе С.С.Богуш-Сестранцэвіча “Аб Заходняй Расіі” (Магілёў, 1793) аўтара цікавіла гісторыя краю. Акрамя таго, ён аўтар “Літоўскай граматыкі”.

З 1801 года да канца дзён сваіх жыў у Пецярбургу. Апекаваўся навукай і сам працаваў у галіне гісторыі, філалогіі, медыцыны і інш. Выбіраўся членам Расійскай акадэміі навук, Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі.

Але акрамя заснавальніка каталіцкіх царквей, Богуш-Сестранцэвіч быў прадпрымальнікам свайго часу на Магілёўшчыне. Акрамя належачых яму 800 прыгоннікаў, ян меў яшчэ шмат маёнткаў, вёсак, млынаў і шынкоў у межах Магілёўскай губерні. У Магілёве ў яго была фабрыка канапаў і стулляў.

У 1793 годзе выдаў у Магілёве сваю гісторыка-краязнаўчую працу “Аб Заходняй Расіі”, у якой разгледзеў праблему паходжання беларусаў, украінцаў і рускіх. Аўтар “Гісторыі Таўрыды”, “Гісторыі сарматаў і славян”, “Граматыкі літоўскай” (мелася на ўвазе граматыка беларускай мовы; не выдадзена) і іншыя навуковыя працы .

Напісаў, паставіў і выдаў у Магілёве вершаваную трагедыю “Гіцыя ў Таўрыдзе”(1783). Пісаў вершы, казанні і іншыя дыдактычныя творы. Захапляўся помнікамі старажытнасці, збіраў манускрыпты.

Памёр 1 снежня 1826 года. Пахаваны ў Пецярбургу ў пабудаваным ім касцёле св.Станіслава.