Магілёўская губернская друкарня

Магілёўская губернская друкарня дзейнічала ў 1833–1917 гг. пры губернскім праўленні. Друкавала газету “Могилевские губернские ведомости”, штогадовы даведник “Обзор Могилевской губернии”, “Памятные книжки Могилевской губернии”, афіцыйныя матэрыялы губернскага праўлення, мясцовых дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый, губернскага статыстычнага камітэта: агляды і статыстычныя табліцы, спісы населеных пунктаў, звесткі аб складзе насельніцтва і інш. Друкаваліся матэрыялы сходаў і з’ездаў, справаздачы, уставы.

У 1853–1855 гг. выдадзена першая кніга “Могилевская флора” Р. Пабо і К. Чалоўскага. Сістэматычнае кнігадрукаванне пачалося з 1861 г. Усяго выйшла каля 217 назваў кніг, у асноўным свецкай тэматыкі на рускай мове (рэлігійная літаратура складала 4,6 %). Найбольш цікавымі з’яўляюцца краязнаўчыя працы па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі: “Исторический очерк Могилевской губернии” М.В. Фурсава (1882), “Дневник курганных раскопок, сделанных в течение лета 1892 г. в уездах Рогачевском, Быховском, Климовичском, Чериковском и Мстиславском” М.В. Фурсава і С.Ю. Чалоўскага (1892), “Историческая справка Могилевской мужской гимназии 1809–1909” М.П. Сазонава (1909), “Белыничский Рождество-Богородицкий монастырь” Ф.А. Жудро (ч. 1–2, 1911), збор гістарычных матэрыялаў “Могилевская старина”. Былі выдадзены таксама: “Опыт описания Могилевской губернии…” (1882–1884) і “Свадебные песни белорусские” (1884) пад рэдакцыяй А. Дамбавецкага, “Белорусский сборник”  Е. Раманава (1901, вып. 6.) і інш. На беларускай мове надрукавана кніга “Тарас на Парнасе” і іншыя беларускія вершы (1900–1902).