Ад складальнікаў
Складанне зводных рэтраспектыўных каталогаў друкаванай кнігі – важная задача бібліяграфіі. Такія каталогі зʹяўляюцца неабходнай першаснай асновай для вывучэння працэсу станаўлення i развіцця ўсіх сучасных навук, якія ў той ці іншай ступені абапіраюцца на дасягненні айчыннай i сусветнай гісторыі ў самым шырокім сэнсе – уласна гістарычнай навукі, гісторыі грамадска‐палітычнай думкі, духоўнай i матэрыяльнай культуры, мастацтва, філасофіі, філалогіі, эканомікі, прыроды, этнаграфіі i г. д. Пісьменнасць i кнігадрукаванне адыгрываюць значную ролю ў развіцці чалавецтва, у станаўленні нацыянальных культур і міжнародных духоўных сувязей.
Работа над серыяй рэтраспектыўных выданняў зводнага каталога, абʹяднаных пад агульнай назвай «Кніга Беларусі», непасрэдна пачалася ў 1972 г., калі ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У. I. Леніна (сёння – Нацыянальная бібліятэка Беларусі) быў створаны сектар зводных каталогаў. Гэта серыя павінна ахапіць наступныя тэматычныя раздзелы: старадрукаваныя кірылічныя кнігі XVI–XVIII стст.; кнігі XIX – пачатку XX ст. на беларускай мове; кнігі XIX – пачатку XX ст. на рускай мове; кнігі XVI–XVIII стст. лацінскага шрыфту; кнігі XIX – пачатку XX ст. на замежных мовах.
Вынікам першага этапа работ было выданне ў 1986 г. зводнага каталога «Кніга Беларусі. 1517–1917», які уключыў першыя тры раздзелы серыі.
Асноўныя прынцыпы рэтраспектыўнага апісання друкаванай кнігі добра распрацаваны ў бібліяграфіі і пакладзены ў аснову прапанаванага чытачу выдання.
Кнігі Беларусі XIX – пачатку XX ст. апісаны ў каталогу ў двух раздзелах: «Выданні на беларускай мове» і «Выданні на рускай мове». Прынцып падбору літаратуры ў гэтых раздзелах розны. Беларускамоўныя кнігі ўлічаны ўсе незалежна ад таго, дзе яны былі выдадзены, таму што большая ix частка у XIX – пачатку XX ст. выдавалася за межамі Беларусі. З выданняў на рускай мове зарэгістраваны толькі тыя, што выдадзены на тэрыторыі Беларусі. Падрабязна прынцып адбору бібліяграфічнага матэрыялу i апісання беларускіх выданняў пададзены ў прадмовах да адпаведных частак каталога.
Работу складальнікаў дадзенага каталога ў значнай ступені ўскладняла тое, што да гэтага часу на Беларусі не былі ўлічаны ўсе кнігі, якія выйшлі на яе тэрыторыі ад XVI да пачатку XX ст. Многія помнікі кніжнай культуры не зберагліся да нашага часу. Нават у самым поўным зборы нацыянальнай кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі многія выданні адсутнічаюць. Усё гэта ўскладняла працу вучоных, патрабавала значных затрат часу на выяўленне неабходнай літаратуры.
У працэсе складання каталога былі выкарыстаны кніжныя фонды навуковых бібліятэк i музеяў Беларусі, а таксама замежных (у першую чаргу расійскіх) збораў, у якіх прадстаўлены значныя калекцыі беларускіх выданняў.
Вялікую метадычную i практычную дапамогу складальнікам аказвалі вядучыя бібліяграфічныя i навуковыя кнігазнаўчыя цэнтры Беларусі, Расіі, Украіны i інш. Складальнікі выказваюць глыбокую падзяку ўсім навуковым супрацоўнікам i бібліёграфам, якія аказалі істотную дапамогу ў выяўленні беларускіх дарэвалюцыйных выданняў, – Л. А. Анасовіч, Г. Ф. Грышынай, Г. М. Ермалаевай, Г. В. Кісялёву, Ю. А. Лабынцаву, В. I. Лук’яненка, А. I. Мальдзісу, Я. Л. Неміроўскаму, I. У. Саламевічу.
Развіццё інфармацыйных тэхналогій пашырае магчымасці бібліяграфічнага апісання дакументальнай спадчыны нашай краіны. З 2004 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі пачала выпуск электронных выданняў на CD‐ROMах. У сувязі з гэтым з’явілася ідэя зрабіць электроннае перавыданне зводнага каталога «Кніга Беларусі». Выкарыстанне сучасных тэхнічных сродкаў дазволіла стваральнікам праекта аздобіць каталог якасным ілюстрацыйным матэрыялам са збораў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і значна пашырыць магчымасці пошуку і навігацыі ў тэксце каталога. На дыску таксама змешчаны электронныя паўнатэкставыя копіі 12‐ці выданняў, уключаных у каталог.
Першы раздзел «Старадрукаваныя кірылічныя кнігі ХVІ–ХVІІІ стагоддзяў» дапоўнены звесткамі пра экзэмпляры выданняў, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, набытыя за 20 гадоў пасля выхаду ў свет зводнага каталога.
Асноўная мэта электроннага перавыдання зводнага каталога «Кніга Беларусі» – папулярызацыя нацыянальнай дакументальнай спадчыны, якая з’яўляецца адной з найвялікшых каштоўнасцей нашай краіны. Каталог дапамагае азнаёміцца з гісторыяй беларускага кнігадрукавання, уласнымі вачыма пабачыць помнікі даўно мінулай эпохі.
Стварэннем электроннага рэсурса «Кніга Беларусі» Нацыянальная бібліятэка Беларусі распачынае новы этап вялікай навукова‐даследчай работы па найбольш поўнай рэканструкцыі рэпертуару беларускай кнігі на працягу ўсёй гісторыі кнігадрукавання на Беларусі. Складзены ў 1970–80‐я гг. ХХ ст. зводны рэтраспектыўны каталог беларускай друкаванай кнігі падлягае значнай сэнсавай перапрацоўцы згодна з самымі новымі дасягненнямі кнігазнаўчай навукі і распрацоўкамі ў галіне тэарэтычных прынцыпаў і методык стварэння нацыянальнай бібліяграфіі. У каталогу будуць адлюстраваны беларускія старадрукі і выданні ХІХ – пачатку ХХ ст., выяўленыя даследчыкамі за апошнія 20 гадоў у беларускіх і замежных кнігазборах, а таксама тыя кнігі, якія раней не былі ўключаны ў зводны каталог па ідэалагічных прычынах. Чакаюць уліку і даследавання кнігі, якія выходзілі ў Беларусі на замежных мовах, выданні савецкага і постсавецкага перыяду. Асобныя апісанні, прадстаўленыя ў каталогу, будуць дапоўнены звесткамі пра выяўленыя новыя экзэмпляры выданняў, іх асаблівасці, месца захоўвання. Прадугледжваецца перапрацоўка бібліяграфіі да апісанняў выданняў і спісаў кнігазнаўчай літаратуры па прадстаўленай тэматыцы. Дапрацаваныя версіі зводнага каталога будуць тэрмінова выдавацца па меры накаплення новых звестак. Улічваючы, што бібліяграфія такога абʹёму не можа быць вычарпальнай, складальнікі i выдаўцы спадзяюцца атрымаць ад зацікаўленых чытачоў дадатковыя звесткі пра выданні, не ўключаныя ў гэты каталог або апісаныя па дэфектных экзэмплярах. Праект «Кніга Беларусі» падрыхтаваны ў межах праграмы «Памяць Беларусі».
Дадзенае выданне будзе карысным і цікавым для даследчыкаў гісторыі кніжнай культуры Беларусі, літаратуразнаўцаў, супрацоўнікаў бібліятэк, архіваў, музеяў, а таксама ўсіх тых, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі.