Гармата-гадзіннік

Бальчэўскі, Э. Гармата-гадзіннік / Э. Бальчэўскі // Магілёўская праўда. – 1988. — 16 снежня.

Прыкладна год назад абласная газета змясціла фотарэпартаж са Смаленска «Горад славы над Дняпром». На адным са здымкаў — гармата на лафеце, ўстаноўленая на пастаменце. Тэкст паведамляў: «Гэта гармата страляла па французах у 1812 г.». Быў падобны помнік у свой час і ў Магілёве, аднак зберагчы яго не здолелі.

У 1812 г. руская армія пад камандаваннем Кутузава, разграміўшы войскі Напалеона, вогнала іх рэшткі за межы Расіі. Вайна працягвалася на тэрыторыі заходнееўрапейскіх краін і закончылася канчатковым разгромам французаў пад Ватэрлоа ў 1814 г,

На радзіму рускія салдаты вярнуліся толькі ў 1815 г.

1-я руская армія была тады раскватаравана ў Беларусі. Яе штаб размясціўся ў Магілёве, у адным з будынкаў былога езуіцкага калегіума. Рэшткі гэтага кор­пуса цяпер убудаваны ў новы дом, дзе створан му­зей дзекабрыстаў. Камандаваў арміяй М. Б. Барклай-дэ-Толі.

З яго ведама, па ініцыятыве начальніка артылерыі арміі генерал-маёра А. М. Яшвілі, на Гандлёвай (цяпер Савецкай плошчы) быў устаноўлены арыгінальны знак у памяць Айчыннай вайны 1812 года. Для яго выкарысталі трафейную француз­скую гармату з імператарскай каронай і вензелем На­палеона на ствале. Гарма­та была ўстаноўлена ў вертыкальным становішчы. На канцы ствала гарызантальна ўмацавалі бронзавы дыск. На паверхні дыска быў выгравіраваны гадзіннікавы цыферблат і ўмацаваны стрыжань. Цень ад яго ў ясны дзень паказваў сапраўдны сонечны час. Гэты гарадскі сонечны гадзіннік выконваў сваё прызначэнне на працягу сарака год.

У 60-я гады мінулага стагоддзя Гандлёвая плошча была ліквідавана. На яе месцы стварылі Круглы сквер, названы па прозвішчу тагачаснага губернатара Баклемішаўскім, а астатнюю частку плошчы — Губернатарскай. Калі пасаджаныя ў скверы дрэвы разрасліся і іх цень стаў поўнасцю закрываць сонечныя прамяні, гадзіннік перастаў паказваць час. Нейкая злая рука адламала і стрыжань. 3 часу сваёй устаноўкі сонечны гадзіннік прастаяў 123 гады,

У 1938 г. Круглы сквер на Савецкай плошчы быў знесены, а сама плошча забрукавана каменем. Разам са старымі дрэвамі, якія ўжо засыхалі, была знята і трафейная французская гармата з сонеччым цыферблатам, Ніхто не пашкадаваў, не заступіўся за своеасаблівы помнік, адзіны ў Магілёве. Далейшы лёс гарматы невядомы. Нядзіўна будзе, калі трапіла яна на прыёмную пляцоўку базы «Утарчармета».

Э. БАЛЬЧЭЎСКІ, краязнавец.