І здабыткі, і страты

Аношкін, I. І здабыткі, і страты / I. Аношкін // Магілёўская праўда. — 1988. — 28 снежня.

Пра тое, як змяніўся за гады Савецкай улады наш Магілёў, наша Магілёўшчына, можна расказваць бясконца. Вось для параўнання радкі з кнігі вядомага журналіста М. К. Лемке «250 дзён у царскай стаўцы» пра наш горад перад рэвалюцыяй.

«Што сказать аб сучасным Магілёве на Дняпры (губернскім)?.. Невялікі, брудны, пазбаўлены прымітыўных зручнасцей, з чатырма вагонамі аднаконнай цягі, якія ідуць не шпарчэй малайца-салдата са стралковага палка, пыльны, населены яўрэйскай беднатой, упраўляемы разбэшчанай паліцыяй пад началам салдафона…».

Такім быў… А сёння буйны прамысловы і куль­турны цэнтр. Разнастайная прамысловасць. Інстытуты, тэхнікумы, школы, палацы і дамы культуры, бібліятэкі… Не пазнаць іншыя гарады, вёскі. У маёй роднай Антонаўцы — цэнтры калгаса «1-е Мая» Чавускага раёна — выраслі з двухпавярховымі жылымі дамамі вуліцы, сельскі Дом культуры такі, што не сорамна б яму і ў горадзе стаяць, васьмігадовая шко­ла, дзіцячы садзік, фельчарска-акушэрскі пункт… Што ўжо казаць пра калгас «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага ў Кіраўскім раене, іншыя перадавыя гаспадаркі вобласці!

Радавацца б ды радавацца. Аднак на сэрцы трывожна. Ці не таму, што калі дзве дзяўчыны — можа, студэнткі, можа, настаўніцы паціху размаўлялі ў аў­тобусе на роднай беларускай мове, нейкі франтаваты бамбіза пакпіў: «Болгарки, что ли?». А можа, та­му, што зноў запрашаюць у школу, і не проста на сустрэчу пісьменніка з вучнямі, а з нагоды праводзімага там Тыдня беларускай мовы. Гэта не ў Турцыі, не ў Польшчы, нават не па-суседству на Украіне — у нас, у Беларусі Тыдзень. А не кожны дзень, не заўжды.

Як гэта здарылася, што ідзем да юбілею Беларус­кай рэспублікі, а родную беларускую мову, культу­ру занядбалі? Можа, яны вартыя таго? Дык не. Ва ўсім свеце лічаць нашу мо­ву багатай, сакавітай, прывабнай. Недарма ў Лондане славутая Дзяржаўная Беларуская бібліятэка. У Варшаўскім універсітэце ка­федра беларускай мовы і літаратуры. У Канадзе выдаюцца прагрэсіўныя беларускія часопісы, працуюць беларускія школы. А ў нас не толькі ў Магілёве — ні ў адным райцэнтры не ўцалела беларуская шко­ла, ды ў некаторых і вёсках. Як жа гэта здарылася?

Звычайна ківаюць на ча­сы сталінскага культу. Сапраўды, шмат вынішчылі тады беларускіх пісьменнікаў, вучоных і ўсіх, хто не цураўся роднай мовы. Але ж нашы беларускія школы большасцю закрываліся ў часы хрушчоўскай адлігі, брэжнеўскага застою. Помніцца, Мікіта Сяргеевіч, выступаючы ў Прыбалтыцы, хваліў нас, беларусаў, за тое, за што, калі па-шчырасці, прыстойнаму чалавеку з намі і здароўкацца не варта — што адмовіліся ад роднай мовы, свае школы перавялі на рускую мову і, такім чынам, першыя прыйдзем у камунізм. Быццам, з роднай беларускай мовай пра камунізм і марыць няма чаго.

Зрэшты, закрываліся не толькі беларускія школы. Як сведчыць прэса, у сталіцы Кіргізіі, горадзе Фрунзе, уцалела толькі адна школа з выкладаннем на кіргізскай мове. А ў Карэльскай АССР — ніводнай на роднай мове. Хоць ім таксама дэкляравалася двухмоўе. Вось да чаго прыводзіць вульгарнае, антыленінскае разуменне сацыялізму, камунізму, Чыноўнікі ж розных рангаў, абы паступіла зверху нават не каманда — намёк, гатовы былі вылузнуцца са скуры, каб адвучыць людзей ад роднай мовы. Пра гэта нядаўна добра сказала ад­на жанчына ў тэлевізійнай передачы. У яе пацікавіліся, як яна адносіцца да збору заяў наконт адкрыцця ў школах беларускіх класаў. Калі закрывалі беларускія школы, адказала яна, ніхто ў нас не пытаў. Сапраўды, хіба ж зборам заяў выправіць бяду? Родная мова — справа дзяржаўкая, і яна як родная матуля павінна быць пад абаронай закона, дзяржавы.

Як тут не прыгадаць даўным-даўно сказанае Фракцішкам Багушэвічам: «Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мо­ву сваю, так як той чалавек перад скананнем, якому мову займае, а потым і зусім змоўкне. Не пакідайце ж мовы нашай беларус­кай, каб не ўмерці…».

Сапраўды, без мовы не можа быць народа, нацыі. Без народа, нацыі не можа быць дзяржавы. Таму пры ўсіх нашых дасягненнях ёсць над чым задумацца, ёсць чаму ўстрывожыцца.

І. АНОШКІН,
сакратар абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.