Як імя тваё, вуліца?

Ножнікаў, М. Як імя тваё, вуліца? / М. Ножнікаў // Магілёўская праўда. — 20 студзеня. — 1989.

«Старажытны Магілёў, — піша ў рэдакцыю абласной га­зеты журналіст А. Нявецкі з Вільнюса, — доўгія вякі меў свой Дняпроўскі праспект, які потым перэйменавалі ў вуліцу Першамайскую. Мяркую, што настала пара вярнуць старую назву, а Першамайскай назваць вуліцу ў новым раёне».

Аўтар пісьма, ураджэнец нашай вобласці, прыводзіць у прыклад Ленінград, дзе ў свой час славуты Неўскі называлі праспектам Кастрычніцкай рэвалюцыі, вяртанне назваў вуліцам Мінска (Даўгабродская, Лагойскі тракт) і Вільнюса, падмацоўваючы прыклады заметкай з гарадской газеты «Вярнуць вуліцам ранейшыя назвы» пра пастанову наконт гэтага выканкома гарсавета сталіцы Літвы.

Нядаўна наша газета змясціла пісьмо ветэрана вайны і працы Н. Прарэшанкі «Захаваць подых гісторыі», які заклікае берагчы старажытныя назвы, вярнуць іх па магчымасці вуліцам і раёнам горада. Яго актыўна падтрымліваюць магіляўчане А. Зубовіч і Г. Крываносаў. Паступаюць таксама прапановы назваць, напрыклад, плошчу ля аўтобуснага парка плошчай Вызвалення, трэці аўтадарожны мост цераз Дняпро — Троіцкім і г. д. Мяркуючы па ўсім, на­стае пара наводзіць у гэтай важнай справе парадак у агульнагарадскім маштабе і не толькі ў імёнах вуліц, плошчаў, сквераў, але і мікрараёнаў, устаноў гандлю і бы­ту.

Сёння размова пойдзе толькі пра назвы вуліц. Такіх мікратапанімаў, як іх завуць вучоныя, у нас больш за ўсё — некалькі соцень. Аднак, трэ6а заўважыць, што, нягледзячы на імклівы рост горада, вуліц у ім становіцца менш, бо ўзнімаюцца прасторныя новыя раёны, знікаюць маленькія драўляныя кварталы.

У першыя гады Савецкай улады было нямала назваў, з якімі развітваліся без жалю: вуліцы Дваранская, Жандарская, Мяшчанская, зав. Тлусты (Жирный), Ганжэева канава і г. д. У побыт трывала ўваходзілі савецкія імёны — Леніна, Маркса, Лібкнехта, Камсамольская, Піянерская.

Але і тады, і цяпер не абыходзіцца без хібаў, паспешлівасці, неразважлівасці, няправільна зразумелага патрыятызму, ды і проста ўгодніцтва, чынашанавання. ГІрыкладаў задужа многа.

Звернемся толькі да некаторых. Змены бывалі нярэдка. Але асабліва пацярпеў горад пасля глабальнага перайменавання, якое прадпрынялі гарадскія «галовы», у 1938 г. Адразу некалькі дзесяткаў вуліц! Тады зніклі з карты Магілёва Малое Завалле (вул. Мянжынскага), Вялікае Завалле (Леванеўскага), Левае Завалле, звязаныя з гістарычным абарончым Палявым ва­лам; Ільінская, Успенская і многія іншыя, а спіс назваў стаў нагадваць палітінфармацыю даваеннага ўзору.

Некаторыя атрымалі імёны людзей, вядомых усёй краіне (заўважым, пры іх жыцці) — такіх, як Крэнкель, Шыршоў, Папанін, Асіпенка, Рас­кова, Вільямс, Лысенка і інш. Забыліся тады толькі на земляка О. Ю. Шміта. Але галоўная бяда ў іншым — знівеліравалі асноўную масу гэтых неабавязковых назваў так, што яны ніякім чынам не звязаны з Беларуссю, Магілёўшчынай, іх гісторыяй, людзьмі. Уражанне такое, быццам гарталі, не задумваючыся, нейкі універсальны энцыклапедычны слоўнік і першае, што трапіцца, цягнулі на вулічныя шыльды. Бах, Капернік, Качалаў, Масквін, Мо­царт, Марат, Ванцэці, Сака, Мечнікаў, Карпінскі, Кулібін, Д. Бедны. Вуліцы Алтайская, Тульская, Іжэўская, Томская, Мурманская, Калужская, А, можа, вы ведаеце, хто такія Гадуванцаў, Хальзуноў, Сяроў, Ламака, Лагода, Корнышаў?

Нямала ёсць назваў немілагучных, ды і проста абсурд­ных. Ну, скажам, што гэта та­кое — «Клубны аўраг»; «Рэспубліканскі спуск»? А завулкі Бэзны, Круглы, Трохвугольны, Упорны? Прабачце, але такое нагадвае ціхі здзек нейкіх замаскіраваных аўгураў. Здзек і з гараджан, і з цаярозага розуму?

Практычна няма ў горадзе вуліц імя дзеячаў беларускай культуры і гісторы, акрамя Я. Купалы і Я. Коласа. А вось Украіну прадстаўляюць Шаўчэнка, Франко, Пархоменка, Шчорс, вуліцы Кіеўская, Дарніцкая (?!), Львоўская, Палтаўская, Нежынская, завулкі Луганскі, Горлаўскі, Днепрапятроўскі, Чарнігаўскі. Суседнюю Смаленшчыну — Лавачкін, Пржэвальскі. На асаблівым месцы камсамолка з Калінінскай вобласці Ліза Чайкіна — адна вуліца і 12 завулкаў.

Выключэнні ёсць, але загадкааыя. У 1981 г. у раёне плошчы Касманаўтаў завулак Баявы быў названы імем П. Кабзарэўскага (Гардона). Нямногім вядомэ дзейнасць гэтага перакладчыка беларус­кай літаратуры, які ўсё свядомае жыццё правёў у Ленінградзе (памёр у 1970 г.). Затое ўсе з дзіцячых год памятаюць цудоўнага «Дзікага сабаку Дзінга, або Аповесць аб першым каханні», што напісаў другі ўраджэнец Магілёва — пісьменнік Р. I. Фраерман, які нават ке ўпамінаецца ў беларускіх энцыклапедыях, але ёсць у Вялікай Савецкай. Ня­мала зрабіў у літаратуры і магіляўчанін А. В. Пысін, шэраг твораў якога змешчаны ў «Бібліятэцы сусветнай літаратуры».

Ва ўсім свеце вядома імя нашага земляка, выдатнага рэвалюцыянера і асветніка М. К. Судзілоўскага — доктара Руселя, а яно не ўвекавечана нідзе нават на тэрыторыі вобласці. У Магілёве пасля рэвалюцыі 10 год плённа працаваў адзін з першых беларускіх прафесійных кампазітараў М. М. Чуркін, тут была пастаўлена яго опера (першая беларуская, савецкая) «Вызваленне працы». Пра гэта ведаюць хіба толькі гісторыкі ды музыказнаўцы.

Дзіўна, аднак, што рашэнні прымаюцца, ажыццяўляюцца, але ў абласной газеце не друкуюцца, а гараджан проста ставяць перад фактам. Такое можна растлумачыць толькі няўвагай і непавагай да іх, традыцыйнымі з былых часоў поглядамі на сэнс, змест і формы публічнасці. Пара адмаўляцца ад такіх метадаў.

Жыццё, зразумела, — гэта няспынны рух наперад, таму і заканамерна з’яўленне ў ста­рых гарадах назваў, што адлюстроўваюць эпоху.

Аднак гісторыю не адменіш, яна заўсёды напомніць пра сябе. Ведаю нямала магіляўчан, нават і не вельмі ста­рых, якія называюць вул. Лазарэнкі Віленскай. Сапраўды, некалькі стагоддзяў запар ад яе пачыналася дарога на Вільню. У старажытнай Оршы (добры і рэдкі прыклад) гістарычныя назвы захавалі амаль усе вуліцы, адкуль «стартавалі» шляхі ў суседнія гарады: Горацкая, Дубровенская, Магілёўская.

А вось у самім Магілёве энергія накіравана ў другі бок. З былога Аршанскага шасэ зрабілі адразу два праспекты — Віцебскі і Дзімітрава. Выпадкова ўцалелі толькі Гомельскае і Слаўгарадскае. Дарэчы, чаму «шасэ»? Раз ідзе праз горад, даўно пара зваць вуліцай, скажам Гомельскай. Яшчэ адзін стылістычны ню­анс: не вельмі пасуе ў нас да слова «бульвар» яго дакладная і ёмкая назва — Непакораных.

Добрых і змястоўных мікратапанімаў у горадзе ўсё ж нямала, але многае псуе неахайнасць і неразваротлівасць. Як пісаў адзін паэт-жартаўнік: «Я живу на улице Лесной. Кто ее Лесной назвал — не знаю. Здесь не пахнет в воз­духе сосной. Зайца встретишь разве что в трамвае».

Слушна заўважыў К. Паустоўскі ў сваёй «Кнізе вандраванняў»: «Назвы трэба паважаць. Змяняючы іх у выпадку крайняй неабходнасці, трэба гэта рабіць перш за ўсё пісьменна, з веданнем краіны і з любоўю да яе. У адваротным выпадку назвы ператвараюцца ў славеснае смецце, рассаднік дрэннага густу і выкрываюць невуцтва тых, хто іх выдумляе».

У сённяшнім Магілёве ста­рых назваў нямнога. Цудам захаваліся Вялікая Чавуская, В. Машэкаўская, Струшня, Карабанаўскія вуліца і завулкі, яшчэ некаторыя. Аднак вяртаць былыя назвы трэ­ба з розумам і з роздумам. Вось тая ж Першамайская. Калі б вільнюскі зямляк зазірнуў у больш даўнюю гісторыю, дык даведаўся б і пра першую назву гэтай магістралі — вуліца Шклоўская. Частка ж за чыгуначным вакзалам была Кацярынінскай, а Дняпроўскі бульвар паўтара дзесятка год існуе ў нас на мікрараёне Юбілейны.

Увогуле прыгадаем некато­рыя гістарычныя імёны: вул. Камсамольская — Дваранская, раней Бульварная, яшчэ раней — Перакрэсценская, частка ля педвучылішча — Касцерня, Болдзіна — Чырвонасалёрны завулак, раней Фарны, част­ка — Семінарскі, Ленінская— Вялікая Садовая, Ветраная, Піянерская — Малая Садовая; зав. Чарнышэўскага — Шчамілаўка; зав. Мігая — Папярэчны, Лютэранскі, Кааператыўны; вул. Вялікая Грамадзянская — В. Мяшчанская; Будзённага — Шклоўскі базар, Сувораўская; Спартыўная — Стара-Чарнігаўская; К. Маркса — Зялёная; К. Лібкнехта — два завулкі — Паштовы і Пажарны; Чэлюскінцаў — Быхаўская; Міронава — Афіцэрская; Мігая — Краснапольскі зав.; Вароўскага — Салтанаўская; Боткіна — Гваздоўка; Вал Чырвонай Зоркі — Архірэйскі; у раёне Нікольскай царквы былі Мяшчанскія, Мікалаеўскія, Балонне, Падвальная, Цараў зав.; на Лупалаве — Лагерная, Мясніцкая, Байніцкая, Узвальская, Палявая, Гарбарная, Вяйнянская, Новапрадольская, Лекертаўская, Рэзчыкаўская, Папоўка, Рагачоўская (назва існуе), Нова-Чарнігаўская (праспект Пушкіна), Нова-Базарная, Андрэеўская.

Справа аднаўлення і захавання гістарычных назваў, змены неадпаведных павінны стаць сапраўды грамадскай, агульнай, чуйна ўлічваць грамадскую думку і заўсёды быць публічнай. Мяркую, што для такой работы неабходна стварыць пры гарвыканкоме пастаянную камісію з гісторыкаў, краязнаўцаў, архітэктараў, журналістаў, старажылаў. Пры дбайных адносінах, старанным вывучэнні ўсіх прапаноў і матывіровак і, яшчэ раз падкрэсліваю, — шырокай публічнасці, поспех справы будзе забяспечаны.

Наш горад — наша жыццё. Яго назвы — (і старыя, і но­выя) — сведкі жыцця многіх пакаленняў, сведкі багатай гісторыі народа. Іх заўсёды трэба захоўваць, ахоўваць і ўзбагачаць.

М. НОЖНІКАЎ.