Рудкоўскі, М. Гісторыя горада: у літаратуры… / М. Рудкоўскі // Магілёўская праўда. — 1988. — 10 красавіка.
Эпіграфам для гэтай кнігі мог бы стаць верш Максіма, Багдановіча «Летапісец»;
Душой стаміўшыся ў жыцёвых цяжкіх бурах,
Свой век канчае ён у манастырскіх мурах.
Тут ціша, тут спакой — ні шуму, ні клапот,
Ён пільна летапіс чацвёрты піша год,
I спісвае ўсё ад слова і да слова
З даўнейшых граматак пра долю Магілёва.
Кніга, выпушчаная нядаўна маскоўскім выдавецтвам «Наука», мае да гэтых радкоў самае прамое дачыненне. Яна называецца «Уводзіны ў вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання». Сваю манаграфію аўтар Мікола Улашчык прысвяціў гісторыі знаходак, публікацый і крытычнага вывучэння ўсіх вядомых у цяперашні час беларуска-літоўскіх летапісаў.
Пятую главу выдання займае «Магілёўская хроніка Г. Р. Сурты і Трубніцкіх». Гэта асаблівы від беларускіх летапісаў, складальнікамі якіх былі жыхары гарадоў, пераважна мяшчане. Вядомыя цяпер хронікі з’явіліся ў першай палавіне XVII стагоддзя, а апошнія запісы зроблены ў 1867 г. Найбольш шырокай і змястоўнай з усіх вядомых гарадскіх хронік і летапісаў Беларусі і з’яўляецца якраз Магілёўская хроніка, складзеная Т. Р. Суртой і членамі сям’і Трубніцкіх.
Дзякуючы ім, мы можам зазірнуць у далёкае мінулае нашага горада, даведацца шмат цікавага пра ўклад жыцця яго жыхароў. Таму гэту кароткую анатацыю хочацца і завяршыць словамі Максіма Багдановіча:
I ўсё змянілася, і ўжо пра іх забылі.
Вы, літары, цяпер нанова ўсё збудзілі!
I людзі зведаюць аб прадзедах сваіх,—
Аб горы, радасцях і аб прыгодах іх…
М. РУДКОЎСКІ.