Зігуля, Н. Непасрэднасць з «Алоўкам» : [мультыплікацыйная студыя «Аловак» магілёўскага кінатэатра «Космас»] / Н. Зігуля // Звязда. — 2015. — 15 студзеня. — С. 1, 5. — (Чырвоная змена).
Знайсці мультыплікацыйную студыю «Аловак», што размяшчаецца на другім паверсе магілёўскага кінатэатра «Космас», нескладана. Ужо з лесвіцы чуваць, у якім з пакояў з’яўляюцца на свет дзіцячыя шэдэўры. Нават не верыцца, што такі гам могуць стварыць пяцёра мультыплікатараў. Наогул, наведвальнікаў студыі ў пяць разоў больш. Але ж плённа атрымліваецца працаваць вось такімі невялічкімі групкамі. I зусім не праз тое, што шумна. Кіраўнік студыі Марыя Белякова лічыць, што гэта звычайны творчы працэс. Проста так лягчэй кожнаму надаць максімум увагі.
Дзве тысячы здымкаў – усяго адна хвіліна
Няма нічога дзіўнага ў тым, што мультыплікацыйная студыя ўзнікла ў сталіцы любімага дзецьмі «ўсіх краін і народаў» фестывалю «Анімаёўка». Умовы — лепш не прыдумаеш. Заняткі — бясплатныя, валодаць мастацкімі здольнасцямі неабавязкова, палёт фантазіі — неабмежаваны. Нават пластылін і алоўкі набываюцца за дзяржаўны кошт. Толькі не лянуйся, рабі.
Усё пачалося два гады таму. Ахвотных далучыцца да «найвялікшага з мастацтваў» знайшлося каля 20 чалавек. 3 першых «аксакалаў» засталіся самыя ўседлівыя. Гэта на словах рабіць мульцік легка і проста, а на справе працэс вельмі марудны і доўгі. Марыя лічыць, што займацца ў студыі здольны толькі тыя, хто гатовы ўпарта ісці ва ўсім да канца.
— Спачатку прыдумляем гісторыю, падзею ці, прынамсі, якога-небудзь героя, — прыадкрывае сакрэты творчай кухні Марыя Белякова. — Потым у тэхніцы «перакладка». Гэта калі герой — разборны, а ўсе яго складнікі (рукі, ногі, вочы…) маюць некалькі розных пазіцый. Напрыклад, каб «карцінка» размаўляла, ёй спатрэбіцца, як мінімум, тры раты. Для плоскага мультфільма (гэта больш просты варыянт) неабходна намаляваць фон. А вось для аб’ёмнага — для непрафесіяналаў гэта тэхніка наогул вельмі складаная, але магілёўскія аніматары па няведанні пачалі менавіта з яе — прыйдзецца рабіць дэкарацыі, як для міні-спектакля.
Але героі і дэкарацыі — гэта яшчэ палова справы. Перад тым, як пачаць мантаж, Марыя робіць неверагодную колькасць фотаздымкаў. Толькі для адной хвіліны будучага твора дзіцячага мастацтва ІХ спатрэбіцца каля… дзвюх тысяч. А доўжацца мульцікі ў сярэднім ад 1,5 да 6 хвілін. Добра яшчэ, што карцінкі на экране мільгаюць з хуткасцю не 24 кадры ў секунду, як у звычайных фільмах, а ўсяго 5. Не дзіва, што за першы год існавання студыі атрымалася зрабіць толькі тры мультфільмы. Затое цяпер, калі ўсё стала на накатаныя рэйкі, іх колькасць павялічылася да 15.
Ад «Анімаёўкі» да… «Беларусьфільма»?
Студыя зусім не прэтэндуе на мэтанакіраваную падрыхтоўку творчых кадраў для беларускага кінематографа. Гэта яшчэ адна магчымасць захапіць нечым дзяцей, далучыць іх да прыгожага, дапамагчы адкрыць у сабе схаваныя таленты. Самыя дарослыя аніматары — васьмікласнікі, малодшыя вучацца ў другім класе. Усіх студыйцаў аб’ядноўвае адно жаданне — даведацца аб нечым цікавым і новым для сябе. Яны з задавальненнем удзельнічаюць у конкурсах і нават маюць узнагароды.
— Летась у «Анімаёўцы» мульцік Максіма Паўлава «У пошуках шчасця» быў прызнаны пераможцам і атрымаў галоўны прыз — малы крыштальны аловак і дыплом, а сёлета Каця Мазько са сваімі «Шкоднымі звычкамі» заняла другое месца, — радуецца за сваіх выхаванцаў Марыя Белякова.
Узнагарод і насамрэч шмат. Мультфільм «У пошуках шчасця», напрыклад, узяў таксама галоўны прыз фестывалю «Кінаклік» у Яраслаўлі. А сёлета расіяне адзначылі магілёўскую студыю за усе мультфільмы, якія тут стварылі. Яшчэ адзін дыплом студыйцы прывезлі летась з фестывалю «Маладое кіно Украіны», які адбыўся ў Днепрапятроўску.
Магілёўскіх стваральнікаў мульцікаў можна лічыць у Беларусі першапраходцамі. Калі, вядома, не браць у разлік сталічныя курсы для дарослых аніматараў і студыі «Мы — ёсць!», дзе заняткі праводзяцца з хворымі дзецьмі. I нават калі глядзець на справу ў маштабах СНД, можна смела казаць: магілёўская студыя знайшла сваю нішу.
— Мы падтрымліваем зносіны з замежнымі мультыплікацыйнымі студыямі, у кожнай з іх свая спецыфіка. Сёлета да нас завіталі аніматары з «Татарфільма», якія прыязджалі на «Анімаёўку». I наша студыя ім спадабалася. У іх таксама існуе нешта падобнае, але для дарослых. I займаюцца яны ў асноўным камп’ютарнай анімацыяй, — кажа Марыя.
«А можа быць, варона, а можа і не быць…»
Вераніка Радзівонава — таленавітая не па гадах. Яна вучыцца ў другім класе, а студыю наведвае ужо год. Вельмі любіць савецкія мультфільмы пра Калабка і Чабурашку. I, як высветлілася, сама можа ствараць цікавыя гісторыі. Яе пластылінавыя героі з’яўляюцца на свет з неверагоднай хуткасцю. За год яна паспела зрабіць тры мульцікі. Чарговы яе твор пра лянівае кацяня, якое ўсё ж так перавыхавалася.
Не навічкі ў справе Вара Клепікава і Жэня Яскевіч. А вось Арцём Карыткін прыйшоў у студыю не так даўно. Але і яму ёсць чым пахваліцца. На падаконніку ўжо стаіць каробка 3 яго творам на марскую тэматыку. Зараз ён разам з Варай, Жэнем і іншымі студыйцамі робіць групавы фільм на навагоднюю тэматыку. Дзеці з захапленнем расказваюць пра тое, як Дзед Мароз замест свята нечакана трапіў у мінулае да пячорных людзей і нават ледзь не загінуў. Не турбуйцеся, усё абышлося. Дзікуны таксама не засталіся пакрыўджанымі, атрымалі падарункі і пабачылі навагоднюю ёлку.
Гісторыі ў студыйцаў заўсёды атрымліваюцца павучальнымі. Але, каб накіраваць у «мірнае» рэчышча самыя смелыя фантазіі, часам прыходзіцца ісці на хітрыкі. У баку ад рабочай пляцоўкі ляжаць нейкія монстры, плод ідэй на тэму, як пачвары заваявалі прышэльцаў. Кіраўнік не стала расхалоджваць ініцыятараў: хай спачатку злепяць тое, што хацелі б убачыць. Сюжэт за гэты час можа змяніцца не адзін раз.
— Калі мульцік гатовы, мы ўсе разам абмяркоўваем, што спадабалася, а што не, — кажа Марыя. — Але звычайна усё ўсім падабаецца. Я таксама нікога не крытыкую, таму што сапраўды атрымліваецца добра.
Пасля здымак пластылінавыя героі ў кардонных каробках перасяляюцца ў шафу. Знішчыць тое, чым жыў на працягу некалькіх месяцаў, рука не падымаецца. Гледзячы на нязграбныя пластылінавыя фігуркі, пачынаеш прыгадваць нейкія эпізоды з гісторыі іх стварэння.
— Студыя — мае першае месца працы пасля ўніверсітэта, — кажа Марыя. — I мне падабаецца тое, чым я займаюся. Дзіцячая непасрэднасць, светапогляд, фантазіі — усё гэта вельмі цікава. Дзеці прасцей ставяцца да ўсяго, таму, напэўна, іх мульцікі атрымліваюцца добрымі і светлымі. У нас пакуль што няма асобнага пакоя для здымак, прафесійнага абсталявання для запісу гуку, але не усё ж адразу. Мы проста займаемся творчасцю і ніякіх сур’ёзных мэт не ставім. Але ў нас усё яшчэ наперадзе.