Магілёў — горад з ільвіным характарам

Беланожка, А. Магілёў — горад з ільвіным характарам / Алёна Беланожка // Маладосць. — 2018. — № 1. — С. 1, 4—5. 

Дзе паўнаводны Дняпро павольна плыве між маляўнічых берагоў, стаіць над вадой горад-рыцар, горад-воін, прыгожы, светлы, непахісны Магілёў. Адкуль такая назва? Існуе легенда пра асілка Машэку. Ён быў моцны і адважны — як леў. Машэка закахаўся ў прыгажуню Наталку і загінуў, вераломна забіты каханай. Машэку пахавалі, насыпалі курган, і вырас вакол кургана, на магіле асілка-льва, горад. I атрымаў ён назву Магілёў. Напэўна, у спадчыну ад волата Машэкі атрымаў гэты горад і сапраўдны львіны характар.

На гербе Магілёва — рыцар з мячом і Пагоня. Горад неаднойчы праяўляў рыцарскую стойкасць і шляхетную высакароднасць. Вораг, які прыходзіў пад магілёўскую браму, адчуваў на сабе жорсткасць і непакорнасць абаронцаў горада! Але калі да нас прыходзяць з Miрам — мы адкрываем браму горада і свае сэрцы i з радасцю сустракаем сяброў!

Уваходзім у горад… Час пазнаёміцца з яго жыхарамі.

Магілёўцы з даўніх часоў вядомыя сваёй ашчаднасцю. О, так! Няма такога магілёўца, у якога б за каўнерам світкі не быў зашыты цэлы скарб. Аўтарамі сямнаццатага стагоддзя апісана цікавая гісторыя пра жанчыну, якая аддала жабраку старую шапку свайго мужа. Муж, вярнуўшыся дадому, страшэнна ўзлаваўся, даў жонцы іншую шапку, навейшую, і загадаў аднесці яе жабраку, а тую, старую, вярнуць. Калі жанчына прынесла шапку дадому, аказалася, што ў ёй за падкладкай было зашыта трыста рублёў.

Грошы лічыць мы ўмеем — гэта праўда. I гаспадарку ўмеем весці, і гандляваць. Гандаль нам даецца добра! Магілёў стаіць на вялікім шляху «з вараг у грэкі». У даўнія часы горад быў буйнейшым гандлёвым цэнтрам. Над Дняпром гула і віравала Гандлёвая плошча (пасля — Губернатарская, затым — Савецкая, а сёння — Плошча Славы). Трэба зазначыць, у Магілёве да 1938 года палову насельніцтва складалі яўрэі, што адбілася на выхаванні ў магіляўчан гандлярскага спрыту і камерцыйнай жылкі.

Усім вядома, што Магілёў быў адным з любімых гарадоў імператара Мікалая II. Царская сям’я часта прыязджала сюды. Вялікая княгіня з князёўнамі любіла гуляць па Вялікай Садовай вуліцы, заходзіць у крамы, набываць кветкі, уборы, упрыгожванні. Па ўспамінах сучаснікаў, князёўны вялі сябе вельмі прыветліва і адкрыта, размаўлялі з жыхарамі, цікавіліся гарадскімі навінамі. Падчас Першай сусветнай у Магілёве была стаўка Мікалая II. У драматычным тэатры імператару паказвалі відэазводкі з фронту. Сёння ў доме, дзе размяшчалася стаўка, знаходзіцца краязнаўчы музей, а ў будынку, дзе жыў Мікалай II, — Палац шлюбаў. У тэатры ж — вельмі прадказальна — абласны драматычны тэатр, вядомы сваімі выбітнымі пастаноўкамі.

Яшчэ адна частка магілёўскай гісторыі — Ратуша. Першую Ратушу пачалі будаваць яшчэ ў 1578 годзе, праз год пасля атрымання Магдэбургска-га права. Спачатку яна была драўляная, некалькі разоў гарэла і змяняла сваё месцазнаходжанне. У 1698 годзе на высокім беразе Дняпра была ўзведзена каменная Ратуша, якая доўгі час была самым высокім будынкам горада. У 1957 годзе яе ўзарвалі, а праз палову стагоддзя выбудавалі на-нова, і ў 2008-м адбылося яе ўрачыстае адкрыццё. Цяпер у будынку Ратушы знаходзіцца Музей гісторыі Магілёва.

Кожны госць нашага горада абавязаны наведаць і Плошчу Зорак. Тут можна ўбачыць яшчэ адну «разынку» Магілёва — скульптуру Астролага. Кажуць, прамень святла, які б’е з накіраванага ў неба тэлескопа, можна ўбачыць з космасу. Вакол астролага размешчаны крэслы са знакамі Задыяка. Дастаткова сесці ў крэсла са сваім знакам, загадаць таемнае жаданне — і яно здзейсніцца. Калі ж дакрануцца да левай рукі Астролага або, што яшчэ лепш, да яго ілба — удача ніколі вас не пакіне!

У Магілёве праводзіцца міжнародны музычны фестываль «Залаты шлягер» і фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа», на які з’язджаюцца выканаўцы і госці з усяго свету. У чэрвені тут заўсёды назіраецца высокая канцэнтрацыя белакрылых анёлкаў, а над Дняпром плыве водар лілей: белая лілея — сімвал фестывалю «Магутны Божа». У кастрычніку ж, калі Магілёў апранае восеньскае ўбранне, на ўсіх афішных тумбах і рэкламных экранах ззяюць зала-тыя кляновыя лісткі — сімвал «Залатога Шлягера».

А яшчэ… у нашым парку атракцыёнаў стаіць сапраўдны Ту-134! Як ён трапіў на поле з атракцыёнамі — гэта загадка. Па адных звестках, пілоты зрабілі аварыйную пасадку, а ўжо затым каля самалёта выраслі атракцыёны. Па іншых звестках, самалёт у 1983 годзе быў спісаны з-за старасці, i яго адбуксіравалі ў дзіцячы парк. У самалёце працаваў цір, музей авіяцыі і нават — быў час — паказвалі кіно. Напэўна, кожны магіляўчанін мае свой здымак «каля самалёта».

Пра Магілёў напісана шмат кніг — пра яго гісторыю і культуру, пра мужную абарону горада і кровапралітныя баі на Буйніцкім полі ў час Вялікай Айчыннай вайны, пра вялікія будоўлі і новыя праекты. Магілёў, як птушка Фенікс, некалькі разоў адраджаўся пасля вынішчальных пажараў і войн. Характар горада яшчэ больш загартаваўся ў агні. Затое сёння мы ганарымся кожнай старонкай сваёй мінуўшчыны, цэнім кожную хвіліну міру і рупліва працуем над тым, каб жыць у шчасці і дабрабыце.

Магілёў — горад-леў, горад-легенда — чакае гасцей!