Здзейсненае і планы

Кунцэвіч, А. Здзейсненае і планы : [размова з намеснікам губернатара Магілёўскай вобласці А. Кунцэвічам] / Андрэй Кунцэвіч ; запісала Святлана Воцінава // Маладосць. — 2018. — № 1. — С. 6—7. 

Здзейсненае і планы

Размова з намеснікам губернатара Магілёўскай вобласці Андрэем Куццэвічам, яшчэ нядаўна журналістам і рэдактарам раённай газеты, пачалася з пытання, ці не шкада яму той непрацяглай рэдакцыйнай рамантыкі, атмасфера якой, безумоўна, адсутнічае ў яго сённяшняй працы.

Інтэрв’ю, якім мы меліся адкрыць нумар-прысвячэнне Магілёўшчыне, толькі напалову выконвае ролю афіцыйнага ўступнага слова, бо на другую палову яно прыемна трансфармавалася ў міні-партрэт аднаго з кіраўнікоў вобласці.

Пра журналісцкую дзейнасць

— Сум па журналісцкай дзейнасці і працы ў рэдакцыі я, натуральна, адчуваю. Напэўна, гэта пачуццё з’яўляецца непазбежным для чалавека, які так ці іначай меў дачыненне да творчай прафесіі. Але гэта светлы сум, без адцення шкадавання і з вялікай удзячнасцю, бо менавіта журналістыка дала мне добры старт для далейшай дзейнасці. Этап, які прайшоў для мяне ў сценах рэдакцыі Бялыніцкай раённай газеты, успамінаецца з цеплынёй i павагай да тых, з кім давялося працаваць. Сярод гэтых людзей шмат таленавітых асоб, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусь Гэта і Мікалай Іванавіч Падабед — пісьменнік-гумарыст, які больш за трыццаць гадоў узначальваў рэдакцыйны калектыў Бялыніцкай раённай газеты «Зара над Друццю», і сённяшні яго кіраўнік Міхаіл Аляксеевіч Карпечанка — пісьменнік, драматург, краязнаўца, імя якога добра вядомае ў літаратурных колах Беларусі, і іншыя вельмі творчыя асобы. Пры газеце працавала літаб’яднанне, якое падтрымлівала маладых аўтараў. I мой прыход у журналістыку пачынаўся з супрацоўніцтва з гэтай рэдакцыяй у якасці юнага паэта — першыя мае публікацыі былі вершаваныя. Пазней, калі супрацоўніцтва развілася, мяне ўжо паглынула журналістыка: па-чынаючы з дзясятага класа, я добра разумеў, кім хачу быць. I рабіў усё для таго, каб рэалізаваць сваю мару. Паступіў на журфак, адвучыўся, па размеркаванні прыехаў на працу ў «сваю» раёнку. Чатыры гады працаваў загадчыкам аддзела пісем, два гады — рэдактарам. Гэта быў вельмі каштоўны прамежак часу — хай не працяглы, але вельмі важкі ў сэнсе набытага вопыту. Я ўдзячны калегам з газеты за ўсё, што яны мне далі, чым паўплывалі на светапогляд.

Пра сур’ёзнасць рашэнняў

— Любое рашэнне, якое прымаецца кіраўніком, сур’ёзнае, іншых тут не бывае. Паколькі ты надзелены па-сапраўднаму высокімі кіраўніцкімі паўнамоцтвамі, рашэнні табе трэба прымаць разумныя, правільныя, а для гэтага вельмі важна правесці папярэднюю экспертызу там, дзе магчыма, разгледзець сітуацыю з розных бакоў, прааналізаваць усе магчымыя варыянты развіцця падзей. Асабліва калі ты намеснік старшыні аблвыканкама і адказваеш за некалькі важнейшых накірункаў сацыяльнай сферы адначасова.

З улікам развіцця тэхналогій

— З майго пункту гледжання сёння, нягледзячы на дастаткова шырокі ўзровень адкрытасці і даступнасці кіраўніцтва, можна і нават патрэбна шукаць або пашыраць каналы зваротнай сувязі. Кіраўніцтва вобласці актыўна выкарыстоўвае прамыя лініі, асабістыя прыёмы грамадзян, сустрэчы з насельніцтвам, іншыя формы непаспрэдных стасункаў з жыхарамі рэгіёна. Гэта, безумоўна, важна, але з улікам развіцця тэхналогій зразумела, што неабходна шукаць зваротную сувязь і з дапамогай інтэрнэту. Яшчэ працуючы намеснікам старшыні Магілёўскага гарвыканкама, пачаў весці афіцыйную старонку ў Твітары, каб любы, хто жадае, мог узняць праблему, задаць пытанне. За тыя два гады, на працягу якіх я вяду гэтую старонку, пераканаўся, што створаны сапраўды вельмі дзейсны сродак сувязі.

Здабыткі сацыяльна-культурнай сферы

— Сацыяльная сфера Магілёўскай вобласці актыўна развівалася ў мінулыя гады і планамерна развіваецца далей, таму, напэўна, не знойдзецца нечага такога, што трэба ствараць з нуля. Па вялікім рахунку, нямала зроблена ў галіне аховы здароўя, адукацыі, культуры і сацыяльнай абароны насельніцтва. Сур’ёзную ўвагу кіраўніцтва вобласці, і ў першую чаргу старшыня аблвыканкама Уладзімір Віктаравіч Даманеўскі, надае далейшаму развіццю інфраструктуры. У 2017-м, напрыклад, была ўведзена ў строй новая школа на тысячу вучняў у Крычаве, адчынены новы дзіцячы садок на 240 месцаў у Магілёве, пачалі працаваць фізкультурна-аздараўленчыя комплексы ў Краснаполлі і Касцюковічах, завяршылася рэканструкцыя басейна ў Глуску. Пры дапамозе праграмы па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чар-нобыльскай АЭС завершана будаўніцтва новага хірургічнага комплексу абласнога анкалагічнага дыспансера. Такія важныя накірункі — адукацыя, выхаванне, ахова здароўя — патрабуюць асаблівай увагі мясцовай улады, i такую ўвагу яны атрымліваюць. Не менш амбіцыйныя планы ў нас i на 2018-ы: завяршэнне капітальнага рамонту радзільнага дома ў Магілёве, будаўніцтва новай школы ў Бабруйску і ўвядзенне ў строй шэрагу іншых сацыяльных аб’ектаў, вельмі патрэбных для павышэння якасці жыцця насельніцтва і рашэння надзённых сацыяльных праблем.

Цікавасць да вопыту іншых

— Вучыцца трэба заўсёды. I я з вялікім задавальненнем назіраю за працай сваіх калег з іншых рэгіёнаў, бо ў іх сапраўды ёсць чаму павучыцца. Да прыкладу, не так даўно з гродзенскім калегай абмяркоўвалі падыходы да справы арганізацыі прамысловага турызму на Гродзеншчыне. Магілёўская вобласць таксама мае вялікі патэнцыял у гэтай сферы, і вопыт суседзяў будзе для нас вельмі карысны.

Юбілей вобласці

— Так атрымліваецца, што 2018 год для нашага рэгіёна адкрывае менавіта гэтая падзея — 80-годдзе Магілёўскай вобласці. На пачатак года назначены вялікі ўрачысты святочны сход. Мы запрасілі дэлегацыі з усіх рэгіёнаў вобласці, у склад якіх увайшлі заслужаныя людзі, ардэнаносцы. Гэтаму фінальнаму мерапрыемству папярэднічае вялікая акцыя, у якую ўключылася літаральна ўся вобласць, — эстафета добрых спраў. Кожны мае магчымасць зрабіць тую ці іншую добрую справу і прысвяціць яе 80-годдзю роднага краю. Калі гаварыць пра палітру культурных мерапрыемстваў вобласці ў 2018 годзе, трэба назваць такія ўжо знакавыя культурныя праекты, як «Александрыя збірае сяброў», між-народны пленэр па жывапісе «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве» і іншыя культурныя ме-рапрыемствы, што даўно сталі пастаяннай часткай фестывальнага руху на Магілёўшчыне.

Кнігі, якія ўразілі

— Мне вельмі падабаецца мемуарная літаратура, апісанні жыццяў вядомых персон. Нядаўна прачытаў кнігу аднаго з першых кіраўнікоў незалежнай Беларусі Вячаслава Кебіча «Спакушэнне ўладай». Вядома, ніякія мемуары не абыходзяцца без суб’ектыўнасці меркаванняў, але чытаць жывыя ўспаміны заўсёды цікава: быццам сам апынаешся ў гушчы падзей, імкнешся ўбачыць іх вачыма непасрэдных удзельнікаў, спрабуеш адчуць іх перажыванні і з гэтай пазіцыі даць тым падзеям ацэнку. А літаральна не так даўно мне трапіла ў рукі кніга пра Янку Купалу. Да яго творчасці я з універсітэцкіх гадоў не звяртаўся, а цяпер, зусім па-іншаму яе ўспрымаючы, кнігу прачытаў з задавальненнем.

Пажаданні на 2018 год

— Планеце зычу міру і стабільнасці — каб 2018 год здолеў пазбегнуць узброенага рашэння канфліктаў, а ў якасці пажадання ўсім, пачынаючы ад членаў маёй сям’і і да жыхароў вобласці і краіны, выказваю надзею на моцнае здароўе, узмацненне дабрабыту, духоўны і матэрыяльны росквіт. Няхай 2018 год прынясе нашмат больш радасных падзей і пачуццяў, чым мінулы!

Запісала Святлана Воцінава