Беларусь памятае: з гонарам пра сваіх прадзедаў

Бачкарова, Ю. Беларусь памятае: з гонарам пра сваіх прадзедаў : [палотнішча «Беларусь памятае!» прэзентавана на Буйніцкім полі] / Юлія Бачкарова // Настаўніцкая газета. — 2019. — 27 чэрвеня. — С. 3. 

Палотнішча “Беларусь памятае!” з імёнамі Герояў Савецкага Саюза, поўных кавалераў ордэна Славы прэзентавана на Буйніцкім полі Магілёўскага раёна ў рамках правядзення маладзёжнага марафону “75”. Выкананае ў колерах Дзяржаўнага сцяга палотнішча памерам 4,5 на 2,15 метра змясціла 124 прозвішчы слаўных ураджэнцаў Прыдняпроўскага рэгіёна — прадстаўнікоў кожнага раёна вобласці. Падчас мітынгу яго пранеслі байцы студатрадаўскага руху. Пасля яно перададзена на захаванне ў Магілёўскі абласны краязнаўчы музей.

Патрыятычны праект, які прымаў Магілёў, прысвечаны 75-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў рамках рэспубліканскага патрыятычнага праекта “Кветкі Вялікай Перамогі”. Яго арганізатарамі выступілі БРСМ, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Беларуская чыгунка.

“Гэта сумесны праект, асаблівасцю якога стала ­перасоўная лабараторыя, якая наведвае беларускія гарады і папаўняецца алічбаванымі здымкамі часоў Вялікай Айчыннай вайны і іншымі сведчаннямі таго трагічнага перыяду ў гісторыі нашай краіны, — растлумачыў першы сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый Варанюк. — Я таксама прыняў удзел у праекце — алічбаваў здымак свайго прадзеда Міхаіла Платонавіча з вёскі Улужжа Круглян­скага раёна, адкуль ідзе мой род. Ён прайшоў вайну, быў на фронце, атрымаў раненне, вярнуўся жывым дадому. Наша сям’я прай­шла праз акупацыю, выжыць у тых умовах было няпроста, таму мы з гонарам шануем і помнім людзей, якія ўнеслі свой уклад у нашу Вялікую Перамогу”.

На тэрыторыі Магілёўскай вобласці адпраўным пунктам маршруту стала вёска Прысна. Адсюль калона, якая складаецца з аўтобуса з удзельнікамі марафону, перасоўнага аўтобуса-музея, рэтра-аўтамабіляў і магілёўскіх байкераў, праехала да мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле”. На гэтым святым для ўсяго беларускага народа месцы адбыўся мітынг з ­удзелам прадстаўнікоў органаў улады, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый.

Ужо праз 2 гадзіны дэлегацыя прыбыла ў кінатэатр “Радзіма”, дзе прайшоў адкрыты дыялог “Беларусь памятае!” на патрыятычную тэматыку з удзелам прафсаюзнага актыву, БРСМ, прадстаўнікоў органаў улады, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў патрыятычнага праекта “Беларусь памятае”, байцоў студатрадаўскага руху.

“Гэты патрыятычны праект уключае ў сябе альбом “Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі”, накіраваны на збор інфармацыі, кароткай біяграфіі і фотаздым­каў воінаў-вызваліцеляў, прадзедаў, дзя­доў і бацькоў, якія абаранялі і вызвалялі Беларусь ад фашызму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — удакладнілі арганізатары. — У ходзе правя­дзення марафону ўся сабраная інфармацыя будзе размешчана ў альбоме “Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі”.

У гэты ж час на плошчы Зорак разгарнуўся оўпэн-эйр “Кветкі Вялікай Перамогі”. Гасцей і ­ўдзельнікаў мерапрыемства чакала канцэртная праграма з выступленнем мясцовых выканаўцаў. ­Акрамя таго, працавала фотазона, тэматычныя і інтэрактыўныя пляцоўкі патрыятычнай накіраванасці ад навучальных устаноў вобласці і многае другое.

На пляцоўцы каля кінатэатра размясцілася мабільная экспазіцыя “Вызваленне Беларусі”, перасоўны музей Вялікай Айчыннай вайны. Жадаючыя змаглі прыйсці ў гэты дзень з партрэтам свайго сваяка-вызваліцеля і расказаць пра яго, адсканіраваць фота і тым самым зрабіць уклад у стварэнне альбома “Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі”.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара