Сінькевіч, Г. Выхоўваюць сапраўдных патрыётаў : [ДПЛ № 9 г. Магілёва] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2019. — 9 ліпеня. — С. 7.
Асноўная задача ўстановы прафесійнай адукацыі — якаснае навучанне прафесіі. Навучыць маладых людзей абранай спецыяльнасці, сфарміраваць у іх неабходныя прафесійныя навыкі — гэта першасна. Але не менш важна і належнае выхаванне падрастаючага пакалення, выхаванне маладых людзей працавітымі, здаровымі, патрыятычнымі. Такога меркавання прытрымліваюцца ў дзяржаўным прафесійным ліцэі № 9 Магілёва імя А.П.Старавойтава.
— Маладым людзям часта трэба дапамагчы вызначыцца ў жыцці, накіраваць іх на правільны шлях, расказаць пра сапраўдныя маральныя каштоўнасці. Для рэалізацыі гэтых мэт у ліцэі ўжо больш за 10 гадоў функцыянуе ваенна-патрыятычны праваслаўны клуб “Сокал”, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце В.Я.Правашынская.
Ідэйны натхняльнік стварэння клуба “Сокал” і яго нязменны кіраўнік дырэктар ліцэя Міхаіл Уладзіміравіч Сасонка. Аб’яднанне стала своеасаблівым прадаўжальнікам дзейнасці праваслаўнага клуба “Перасвет”, які функцыянуе пры Магілёўскай епархіі.
— Падлеткі, з якімі стаў займацца Міхаіл Уладзіміравіч, не мелі ўзорных паводзін, многія стаялі на ўліку ў ІСН. І хоць праз год у клуб прымалі розных хлопцаў, вялікую частку ўсё роўна складалі дзеці з няпоўных сем’яў, сацыяльныя сіроты. Найважнейшай мэтай было арганізаваць вольны час падлеткаў, зацікавіць іх нечым карысным, адцягнуць ад вуліцы, бо большасць злачынстваў дзеці здзяйсняюць ад таго, што не ведаюць, чым сябе заняць. Падчас трэніровак хлопцы даюць выхад сваёй энергіі, і думкі зрабіць што-небудзь супрацьпраўнае адпадаюць самі сабой, — гаворыць В.Я.Правашынская.
Паводле яе слоў, клуб “Сокал” — форма арганізацыі грамадзянска-патрыятычнага, працоўнага, маральнага і духоўна-праваслаўнага выхавання падрастаючага пакалення ў рамках нацыянальна-палітычных інтарэсаў Беларусі. У аснове выканання праграмы клуба ляжыць прынцып супрацоўніцтва прадстаўнікоў выканаўчай улады, воінскіх фарміраванняў, грамадскіх арганізацый, педагогаў.
— Заняткі ў нашых выхаванцаў праходзяць наступным чынам: панядзелак, серада, пятніца — фізічная падрыхтоўка, а аўторак і нядзеля — наведванне храма. Знайсці час на глупствы хлопцам праблематычна. Вольныя толькі чацвер і субота, іх “берагуць” для цікавых мерапрыемстваў. Духоўны настаўнік клуба айцец Сергій пастаянна праводзіць заняткі, дзе дзеці даведваюцца пра асноўныя праваслаўныя крытэрыі і сілу малітвы, — адзначыла В.Я.Правашынская.
Характэрна, што раз у два тыдні ў клубе праходзіць трэнінг, падчас якога яго члены дзеляцца наяўнымі праблемамі. Расказваюць абсалютна ўсе: як кіраўнік Міхаіл Уладзіміравіч Сасонка, так і хлопцы. Яны ўключаюцца ў абмеркаванне і шукаюць рашэнне праблемы, высвятляючы, у чым яе прычына і як можна было гэтага пазбегнуць. З такой традыцыі вызначыўся дэвіз клуба — “Няма задач невыканальных”.
Адзін з асноўных кірункаў дзейнасці клуба — заняткі спортам і фізічная падрыхтоўка. Выхаванцы аб’яднання прымаюць удзел у раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах, дзе годна сябе прадстаўляюць. Ужо 4 гады на базе ліцэя па ініцыятыве кіраўніка “Сокала” М.У.Сасонкі праводзіцца Міжнародны турнір па мнагаборстве і рукапашным баі памяці А.Я.Юневіча. Галоўная мэта правядзення спаборніцтва — выхаванне ў падлеткаў патрыятызму і грамадзянскасці, моцнага духу і мэтанакіраванасці, папулярызацыя здаровага ладу жыцця і баявых адзінаборстваў.
Вялікая ўвага ўдзяляецца таксама валанцёрскай дзейнасці. Хлопцы ўдзельнічаюць у арганізацыі масавых дабрачынных мерапрыемстваў і акцый, аказваюць дапамогу ветэранам.
— “Сакаляняты” даказваюць свой патрыятызм і духоўнасць не словам, а справай. Хлопцы аднаўляюць помнікі воінам Вялікай Айчыннай вайны, праваслаўныя храмы, праводзяць турыстычныя паходы па месцах баявой славы, удзельнічаюць у пошукавых экспедыцыях, аказваюць шэфскую дапамогу ветэранам, а таксама сем’ям ваеннаслужачых, якія загінулі пры выкананні воінскага абавязку, — падкрэсліла В.Я.Правашынская.
Зараз у ваенна-патрыятычным праваслаўным клубе “Сокал” займаюцца каля 60 падлеткаў ад 12 да 18 гадоў. Але ёсць тут і старэйшыя хлопцы, якія прыходзяць на трэніроўкі, дапамагаюць навабранцам.
Кіраўніцтва клуба не ставіць сваёй адзінай мэтай спартыўныя дасягненні, хоць іх у “сакалянят” дастаткова. Шматлікія дыпломы рэспубліканскіх і міжнародных турніраў красамоўна сведчаць, што фізічная падрыхтоўка ў выхаванцаў клуба на высокім узроўні. Аднак галоўнае, для чаго дзейнічае аб’яднанне, — выхаванне годнага грамадзяніна, гатовага мірна працаваць і ў патрэбны час абараняць Радзіму.
— Мы катэгарычна супраць навешвання ярлыкоў “дрэнны”, “цяжкі”… Не бывае дрэнных дзяцей. У “Сокал” прымаюць усіх. Для многіх маладых людзей заняткі ў аб’яднанні — шанс стаць на правільны жыццёвы шлях, бо падлеткам трэба не так шмат: займальная справа, дружны калектыў і веданне таго, што ў іх вераць, — падкрэсліў М.У.Сасонка.
Дзверы ваенна-патрыятычнага праваслаўнага клуба “Сокал” расчынены заўсёды і для ўсіх. Для дзясяткаў хлопцаў гэтае аб’яднанне стала магчымасцю вызначыцца з маральнымі прыярытэтамі і знайсці сваё месца ў жыцці.
Ганна СІНЬКЕВІЧ