Чыгрын, С. Беласточчына: вятранне ў маладосць : [беларускі паэт Аляксей Пысін] / Сяргей Чыгрын // Культура. — 2020. — 27 сакавіка. — С. 4.
Жыццё і творчасць беларускага паэта Аляксея Пысіна (1920—1981) былі звязаны з Беласточчынай, хаця сам паэт нарадзіўся і жыў далёка ад беластоцкай зямлі — на Магілёўшчыне. Беласточчыну ён палюбіў, відаць, тады, калі 19-гадовага юнака ў 1939 годзе накіравалі ў Бельск. А было гэта якраз пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР.
Аляксей Пысін.
Аляксей Пысін у той час вучыўся на другім курсе Мінскага камуністычнага інстытута журналістыкі. Студэнта Пысіна датэрмінова накіроўваюць на працу ў Бельскую раённую газету на пасаду літсупрацоўніка. Там ён вучыўся пісаць, сустракаўся з беларусамі Бельшчыны, гутарыў пра жыццё, заводзіў першыя знаёмствы. Калі б не вайна, Аляксей Пысін мог застацца на Беласточчыне назаўсёды. Але юнака забралі на фронт. Хутка пачалося адступленне аж да Гомеля, потым — эвакуацыя на Урал, у запасны полк, далей шляхі вялі на фронт…
Вайну прайшоў сувязістам, двойчы быў паранены. Аляксей Пысін дэмабілізаваўся ў 1946 годзе. Але ў Бельск ён ужо не трапіў, бо Беласточчына стала польскай тэрыторыяй. Праўда, Пысін заўсёды адсочваў падзеі, якія адбываліся на Беласточчыне. У 1965 годзе, калі ў Гарадку пачалі будаваць Дом культуры, дзе было месца і для бібліятэкі, ён напісаў ліст у рэдакцыю беларускага тыднёвіка «Ніва» ў Беласток: «Дарагія сябры! Прашу неяк пераслаць маю кніжку Дому культуры ў Гарадку. Аляксей Пысін. Магілёў, 14 жніўня (1965)» (Георгій Валкавыцкі. Віры. Беласток, 1991. С. 83). Гэта быў зборнік вершаў Аляксея Пысіна «Мае мерыдыяны».
Рэдакцыя беларускага тыднёвіка «Ніва» ў Беластоку, вядома ж, перадала кнігу Дому культуры ў Гарадок. А рэдактар тыднёвіка Георгій Валкавыцкі даслаў у Магілёў Аляксею Пысіну «Ніву», «Беларускі каляндар» і літаратурны альманах «Белавежа». Калі Пысін атрымаў бандэроль, то вельмі ўзрадаваўся, расхваляваўся. Адразу напісаў пісьмо рэдактару «Нівы» Георгію Валкавыцкаму: «Паважаны таварыш Валкавыцкі! Сардэчна ўдзячны за “Ніву”, “Беларускі каляндар”, “Белавежу” і тое задавальненне, якое атрымліваю ад чытання твораў беластоцкіх журналістаў і пісьменнікаў. У мяне даўняя мара: наведаць Бельск, у гэтым горадзе застала мяне мінулая вайна. На нашым з’ездзе (у красавіку) буду размаўляць на гэту тэму ў Саюзе пісьменнікаў. Дасылаю новыя вершы. Прывітанне ўсім вашым супрацоўнікам. З глыбокай павагай А. Пысін. Магілёў, 13.02.1966 г.» (Георгій Валкавыцкі. Віры. Беласток,1991. С. 95).
Калі рэдактар атрымаў ліст з Магілёва ад Аляксея Пысіна і яго вершы, то адразу аддаў іх у друк. А 20 сакавіка 1966 года тыднёвік «Ніва» на першай старонцы друкуе сем новых твораў паэта. Пазней гэтыя вершы Аляксея Пысіна ўвойдуць у яго кнігу паэзіі «Твае далоні» (1967), за якую ён у 1968 годзе атрымае Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Янкі Купалы.
Аляксей Пысін вельмі любіў чытаць беларускі тыднёвік «Ніва». Атрымліваючы яго, вывучаў усё да драбніц. Аб прачытаным расказваў іншым магілёўскім літаратарам. Часам ім даваў пачытаць «Ніву». 16 лістапада 1966 года ён піша рэдактару «Нівы» Георгію Валкавыцкаму ліст, у якім просіць аформіць падпіску «Нівы» на 1967 год і для свайго сябра, магілёўскага пісьменніка-сатырыка Івана Аношкіна. Разам з просьбай Аляксей Васільевіч даслаў свой хатні адрас і адрас Івана Аношкіна. Магчыма, ім рэдакцыя выпісала «Ніву» і яны шмат гадоў яе чыталі. А 23 кастрычніка 1966 года «Ніва» на першай старонцы апублікавала яшчэ тры вершы Аляксея Пысіна: «Агонь ці кроў сцякае на дубровах…», «Рэдка бачым мы птушак сваіх…», «Не ўсе лясы мае згарэлі…». , якія таксама ўвайшлі ў кнігу паэта «Твае далоні».
Вершы Пысіна друкаваліся і пазней у тыднёвіку «Ніва». Але самым шчаслівым для паэта стаў 1980 год. У студзені ў «Ніве» былі змешчаны тры яго вершы, а 19 і 20 чэрвеня і ён сам прыехаў на Беласточчыну. Разам з пісьменнікам Аляксеем Гардзіцкім. Паездка на Беласточчыну была для Аляксея Пысіна вяртаннем у маладосць. Госці з Беларусі ў той час цікавіліся жыццём беларусаў на Беласточчыне, найперш культурным, і літаратурнай творчасцю. Аляксей Пысін з Аляксеем Гардзіцкім пабывалі ў рэдакцыі «Нівы», пазнаёміліся з яе супрацоўнікамі, вялі гутаркі пра ўзнікненне пры Беларускім грамадска-культурным таварыстве і «Ніве» літаратурнага асяродку, а таксама яго дзейнасць. Беларускія пісьменнікі расказалі пра літаратурнае жыццё ў Беларусі, пра культуру і гісторыю. Потым іх знаёмілі з Беластокам.
Візіт Аляксея Пысіна і Аляксея Гардзіцкага ў «Ніве» асвятлялі гісторык і журналіст Мікола Гайдук, паэт і журналіст Міхась Шаховіч. Першы пісаў, другі фатаграфаваў. «Аляксей Пысін зачараваў дэкламацыяй сваіх вершаў розных гадоў: і тых, што паўсталі яшчэ ў школьныя гады, і тых, якія нарадзіліся ў апошнія дні, — паведамляў Мікола Гайдук у “Ніве” 13 ліпеня 1980 года. — Уражвала глыбіня думак і пачуццяў гэтай самабытнай лірыкі. Яна перапляталася ў нейкае лагічнае цэлае з успамінамі паэта пра яго змаганне на розных франтах вайны, працу ў мірны час, бо з гэтага і бярэцца яе радавод».
На другі дзень беларускія літаратары наведалі Бельск і Белавежу. У Бельскім беларускім ліцэі госці сустракаліся з ліцэістамі і настаўнікамі, наведалі спецыяльны кабінет-музей, прысвечаны Беларускай-сялянска-работніцкай грамадзе і яе заснавальніку і кіраўніку Браніславу Тарашкевічу (яго імя нададзена ліцэю). Потым госці наведалі Бельскі Дом культуры, дзе сустрэліся з маладымі мясцовымі літаратарамі.
Будынак, дзе знаходзілася першая рэдакцыя «Нівы» ў 1956 г
Падчас візіту ў Бельск Аляксей Пысін наведаў і брацкую магілу ў Піліцкім лесе, дзе пахаваны яго сябры і проста знаёмыя, якіх да вайны ведаў паэт. Усе яны загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. Як пісаў журналіст Мікола Гайдук, «балючае было вяртанне ў маладосць для Аляксея Пысіна. І хіба толькі пошум Белавежы змог суцішыць боль у душы паэта».
Калі Аляксей Пысін наведаў рэдакцыю «Нівы», абяцаў рэдактару Георгію Валкавыцкаму, што напіша ўспаміны з бельскай маладосці. Але ўспаміны гэтыя Аляксей Васільевіч так і не напісаў. А ў «Ніву» даслаў тры вершы: «Балада сагнутых бабуль», «Даль вечнасці без берагоў…» і «Заспявай, мой дружа, заспявай…». Яны былі апублікаваны на першай старонцы 18 студзеня 1981 года. У адным з гэтых вершаў паэт пісаў:
Даль вечнасці без берагоў,
Ды час мы адлічваць павінны…
У «даль вечнасці» Аляксей Пысін адышоў 27 жніўня 1981 года. Памёр у Магілёве і пахаваны там на Польскіх (якое супадзенне!) могілках на вуліцы Лазарэнкі.
Сяргей ЧЫГРЫН