Сінькевіч, Г. Патрыётаў трэба выхоўваць : [экспедыцыя «Дняпроўскі рубеж–2020» арганізавана АЦТ, клубам «ВІККРУ», пры падтрымцы 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна УС Рэспублікі Беларусь] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 13 кастрычніка. — С. 5.
Пошукавая экспедыцыя моладзі на месцах баёў у гады Вялікай Айчыннай вайны адбылася ў канцы верасня на Магілёўшчыне. Экспедыцыя “Дняпроўскі рубеж — 2020” была арганізавана Абласным цэнтрам творчасці, гісторыка-патрыятычным пошукавым клубам “Віккру” пры падтрымцы 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Акрамя пошукавікаў, ваенных і педагогаў, актыўны ўдзел у раскопках прынялі навучэнцы старшых класаў школ, ліцэяў і каледжаў Магілёва, Слаўгарада і Чавус.
Адкрыццё экспедыцыі прайшло ўрачыста. З пажаданнямі плённай працы да ўдзельнікаў звярнуліся начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь палкоўнік С.М.Варановіч, камандзір 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь падпалкоўнік А.П.Трубека. У час мерапрыемства былі адзначаны лепшыя пошукавікі рэгіёна. Іх узнагародзілі юбілейнымі медалямі “100 гадоў Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь” і “75 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.
Непасрэдна палявыя пошукавыя работы па ўсіх правілах ваеннай археалогіі пачаліся ў ваколіцах вёсак Галавенчыцы і Сутокі Чавускага раёна. Гэтая мясцовасць была выбрана пошукавікамі невыпадкова.
— Менавіта ў гэтых месцах пачаліся баі за вызваленне Беларусі. Тут, каля Галавенчыц, шэсць месяцаў стаяў фронт. Асабліва жорсткія баі ішлі зімой 1943—1944 гадоў, — паведаміў метадыст аддзела краязнаўства і пошукавай работы Абласнога цэнтра творчасці, кіраўнік абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба “Віккру” М.С.Барысенка.
Паводле яго слоў, каля балотца з крыніцамі ў Галавенчыцах пошукавікамі былі падняты астанкі трох салдат. На полі ў Сутоках вынік быў больш значны: тут паднялі 10 чырвонаармейцаў і камандзіраў, якія загінулі ў 1944 годзе. У раёне былога льнозавода ў ваколіцах Чавус былі падняты астанкі шасці байцоў Чырвонай Арміі.
— На жаль, у ходзе раскопак у Чавускім раёне мы не знайшлі ніводнага смяротнага медальёна. Усе байцы засталіся без імён, — адзначыў М.С.Барысенка. — Быў і асаблівы артэфакт. Пошукавік Арцём Ціхінскі падчас разведкі на брустверы аднаго з бліндажоў у лесе знайшоў медаль “За адвагу” № 599516, які належаў, як пазней высветлілі з дапамогай Магілёўскага гарваенкамата, чырвонаармейцу 369-га палка 212-й стралковай дывізіі Івану Іванавічу Кузняцову, 1925 года нараджэння, з Іванаўскай вобласці Расіі. Астанкаў пры гэтым выяўлена не было. Верагодна, медаль салдат згубіў, бо на ім была абламана булаўка. Зараз медаль перададзены прадстаўніку 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, — дадаў Мікалай Сяргеевіч.
Экспедыцыя “Дняпроўскі рубеж — 2020” працягнулася на Слаўгарадчыне. Вынік карпатлівай працы на полі каля вёскі Папоўкі — 10 паднятых байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі з 219-й мотастралковай дывізіі 25 мехкорпуса, якія змагаліся ў гэтых месцах падчас абарончых баёў 1941 года. Былі знойдзены таксама пяць смяротных медальёнаў.
— Плённа прайшоў чацвёрты дзень экспедыцыі. На палях ля вёсак Папоўка і Добры Дуб Слаўгарадскага раёна выявілі і паднялі 8 салдат. Пры іх знаходзіліся тры медальёны, падпісны компас з прозвішчам Ільін і ініцыяламі на адваротным баку компаса “І.І.І.”, брытва з добра бачнымі ініцыяламі “К.К.І.”, а таксама кацялок з незразумела надрапаным прозвішчам “Шаімуха..?метаў”. Гэта важныя даныя для далейшага архіўнага пошуку звестак аб загінуўшых байцах і іх сваяках, — расказаў Мікалай Сяргеевіч.
Экспедыцыя “Дняпроўскі рубеж — 2020” выклікала вялікую цікавасць у маладых людзей. У складзе каманды пошукавікаў у раскопках удзельнічалі навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага электратэхнічнага каледжа і Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Удзел у экспедыцыі прымалі і навучэнцы мясцовых устаноў адукацыі. Пасільную дапамогу пошукавікам аказвалі навучэнцы Усцянскай базавай школы Чавускага раёна, сярэдняй школы № 2 Чавус, Васькавіцкай сярэдняй школы Слаўгарадскага раёна, сярэдніх школ № 1 і № 2 Слаўгарада, Слаўгарадскага прафесійнага ліцэя.
— Падлеткі ўдзельнічалі ў раскопках, цікавіліся работай пошукавага клуба і ваенных археолагаў. Ускладалі кветкі да месцаў раскопак, аддаючы даніну памяці загінуўшым абаронцам Айчыны. Усё гэта вельмі важна. Падрастаючае пакаленне неабходна ўсебакова прыцягваць да краязнаўства, удзелу ў пошукавых экспедыцыях. Дзеці не нараджаюцца патрыётамі. Патрыётаў з іх трэба выхоўваць канкрэтнымі справамі і ўчынкамі. Сляды вайны варта пабачыць ужывую. Гэта вельмі дзейсны спосаб выхавання патрыятызму, — падкрэсліў М.С.Барысенка.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена абласным гісторыка-патрыятычным пошукавым клубам “Віккру”