Ёсць такі аркестр — духавы, жаночы

Сахрай, Г. Ёсць такі аркестр — духавы, жаночы : [духавы аркестр «Ліра» цэнтральнага універмага Магілева] / Генадзь Сахрай // Звязда. — 2020. — 2 снежня. — С. 11.

…Наш «газон» ціха ехаў па заснежанай шашы, па мяцеліцы. За акном было мінус 25. У кабіне, без абагравальніка, хіба трохі цяплей.

А да Ленінграда яшчэ ехаць і ехаць. Дарога была ну вельмі цяжкая: не давала расслабіцца надвор’е, барахліў рухавік, а ў горадзе Луга мы і наогул сталі. Разагравалі ўсё на пару з кіроўцам паяльнай лямпай.

Іншымі словамі, сёння, успамінаючы тую паездку, я не разумею, як на яе адважыўся.

А тады…

Пачалося ўсё з творчай камандзіроўкі ў Харкаў, з таго, што там давялося ўбачыць выступленне дзяўчат, якія ігралі на духавых інструментах. «А чаму б і ў нас, у Магілёве, — мільганула думка, — не стварыць жаночы духавы аркестр?» Складана? Так. З аднаго боку, я добра ведаў музычныя калектывы прадпрыемстваў і дамоў культуры, дапамагаў ім у правядзенні аглядаў, конкурсаў і марш-парадаў, а з другога — справа новая. Дзяўчаты, жанчыны (у тым жа ўнівермагу «Цэнтральны», які крытыкавалі за нізкі ўзровень мастацкай самадзейнасці) маюць прафесіі, пэўныя працоўныя ды і сямейныя абавязкі. А тут у дадатак павінны авалодваць новымі ведамі?

Такімі вось разважаннямі я падзяліўся з Таісай Аляксандраўнай Сідарэнкай, у той час старшынёй прафкама ўнівермага, а потым, адчуўшы падтрымку, ужо і з дырэктарам Аляксандрам Харытонавічам Аўсеенкам. Ён стаў хадайнічаць перад міністэрствам гандлю аб выдзяленні камплекта інструментаў…

Я разумеў, якую бяру адказнасць. На той час у мяне была музычная адукацыя, тры гады служыў у духавым аркестры Савецкай Арміі, быў вопыт кіраўніцтва самадзейнымі калектывамі. Але ж гэты, новы, жаночы, трэба было не толькі стварыць, але і ўтрымаць ад распаду, бо аркестранткі маглі выходзіць замуж і сыходзіць у дэкрэтныя водпускі, звальняцца, мяняць адрасы. На рэпетыцыі і канцэрты іх маглі не пускаць сямейныя клопаты. І таму акрамя асноўнага складу аркестра патрэбен быў рэзервовы…

Але ж нездарма кажуць, што вочы баяцца, а рукі робяць. У кастрычніку 1975-га ва ўнівермагу з’явілася абвестка аб наборы ў жаночы духавы аркестр. Запрашаліся ўсе ахвотныя… Аднак іх чамусьці… не было. Зусім. Дзяўчаты — як потым прызналіся — думалі, што ў аркестр бяруць толькі тых, хто ўжо мае музычную падрыхтоўку.

І тады мы са старшынёй прафкама і сакратаром камітэта камсамола Тамарай Туранковай, што называецца, пайшлі ў народ. Прычым недарэмна: у аркестр запісаліся Валянціна Лосікава (першая стараста), Галіна Іванова, Ларыса Бялкоўская, Надзея Нікіфарава, Таццяна Васількова ды іншыя. Гэты вось першы склад удзельнікаў аказаўся асновай аркестра: многія з удзельніц ігралі ў ім дзесяцігоддзямі, а то і да выхаду на пенсію.

…Нейкага кастынгу (праверкі музычных даных) я не праводзіў. Найважнейшым для мяне было жаданне навучыцца іграць.

З аркестра таксама ніхто не выключаўся (хоць дысцыпліна і патрабавалася)… Проста больш здольных музыкаў я перасаджваў на вядучыя інструменты.

Паступова калектыў папаўняўся новымі людзьмі. У яго прыйшлі Лідзія Цыганкова, Людміла Караткова, Яўгенія Мелашунас, Жанна Пенкрат, Галіна Акінчыц… Мы вучылі музычную грамату, нотныя абазначэнні.

У снежні таго ж 1975 года ў дваццаціградусны мароз я адправіўся ў Ленінград па музычныя інструменты. І колькі ж было радасці, калі яны — новенькія, бліскучыя — з’явіліся ў памяшканні для рэпетыцый.

Першыя спробы атрымаць хоць нейкія гукі выклікалі смех. Некаторыя з навакольных прыходзілі паглядзець, што здарылася: ці не гоняць дзе статак кароў?..

Рэпетыцыі праводзіліся тры разы на тыдзень па тры гадзіны. Усе імкнуліся найхутчэй асвоіць інструменты. Начальства ўнівермага ішло насустрач: графікі работы складалі так, каб аркестранткі маглі хадзіць на заняткі.

Так пачыналася гісторыя незвычайнага музычнага калектыву — жаночага духавога аркестра «Ліра», днём нараджэння якога лічыцца 8 сакавіка 1976 года, калі на ўрачыстым сходзе аркестр упершыню выканаў некалькі нескладаных твораў, а салістка Галіна Дашук праспявала песню «Подари мне платок».

…Ішлі гады. Расло прафесійнае майстэрства самадзейных музыкантаў. Усё больш жадаючых прыходзіла ў аркестр. З задавальненнем, з цікавасцю займаліся Ірына Нікіценка, Валянціна Шарубіна, Святлана Мачульская, Ірына Батура, Валянціна Шалабода… Дзяўчаты хутка навучыліся іграць на духавых інструментах, пастаянна ўдасканальвалі сваё прафесійнае майстэрства, і да гэтага з павагай ставілася кіраўніцтва ўнівермага: найлепшыя аркестранткі ўзнагароджваліся граматамі і грашовымі прэміямі, атрымлівалі пуцёўкі ў дамы адпачынку і санаторыі, ім выдзяляліся сродкі на новыя сцэнічныя касцюмы, абутак, музычныя інструменты. Ні адна просьба з боку кіраўніка аркестра не заставалася без увагі, і я гэта вельмі цаніў. А галоўнае — усе бачылі плён нашай працы. Аркестр «Ліра» любілі ў сваім працоўным калектыве, ён паступова набываў вядомасць не толькі ў горадзе, але і за яго межамі. Магіляўчане з гонарам казалі: «Толькі ў нас ёсць жаночы духавы аркестр!» І гэта праўда: у Беларусі такіх калектываў больш не было.

…У 1987 годзе калектыў універмага ўзначаліў Уладзімір Васілевіч Вежнавец. Ён з любоўю ставіўся да аркестра, садзейнічаў яго развіццю, прыцягненню моладзі. Па ініцыятыве дырэктара ў 2013 годзе аркестр быў прадстаўлены да звання «Народны аматарскі калектыў». І не дзіва, бо тады «Ліра» пастаянна ўдзельнічала ў аглядах і конкурсах, святах духавой музыкі і марш-парадах не толькі ў Магілёве, але і ў Мінску, часта выязджала з канцэртамі ў гарады і вёскі рэспублікі. Да кожнага значнага выступлення аркестр старанна рыхтаваўся, а напярэдадні свят праводзіліся шматлікія рэпетыцыі і страявыя заняткі. Дзяўчаты вучыліся хадзіць у складзе аркестра пад дробат барабанаў і музыку маршаў, дасягалі зладжанага гучання.

Іграць на духавых інструментах і маршыраваць па вуліцы (прычым у ботах на высокіх абцасах і ў любое надвор’е) — гэта, вам скажу, занятак няпросты. Але ж пры гэтым — ну вельмі ўдзячны! Калі выступала «Ліра», спыняліся і старыя, і малыя: вочы цешыла жаночая прыгажосць, маладосць, грацыя, вушы — чароўная музыка… У аркестры доўга ўспамінаўся канцэрт у Шклоўскай калоніі, адкуль ва ўнівермаг яшчэ доўга прыходзілі падзячныя лісты…

Не забываецца і паездка ў Мінск, на мерапрыемствы, прысвечаныя ХХІХ з’езду КПБ. Тады дзяўчаты ў лёгкіх скураных куртачках і будзёнаўках (быў моцны мароз) удзельнічалі ў марш-парадзе духавых аркестраў сталіцы, і, каб не замярзалі клапаны інструментаў, залівалі туды спірт…

У 1982 годзе «Ліра» становіцца лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Магілёўшчыны, у 1985-м — лаўрэатам рэспубліканскага тэлевізійнага конкурсу «Зямля мая», лаўрэатам рэспубліканскага галіновага агляду работнікаў гандлю. У 1975—1977 гадах — лаўрэатам першага, а ў 1986—1987 гадах —другога Усесаюзных фестываляў народнай творчасці…

З кожным годам расла колькасць жадаючых займацца ў гэтым незвычайным музычным калектыве. За гады маёй работы ў аркестры «Ліра» на духавых інструментах навучыліся іграць больш за дзвесце дзяўчат.

…8 сакавіка 2021 года народнаму жаночаму духавому аркестру «Ліра» ААТ «Універмаг «Цэнтральны» спаўняецца 45. Як і ў ранейшыя гады, перад кіраўніком калектыву Дзянісам Аюпавым стаіць галоўная задача — захоўваць традыцыі аркестра, павышаць прафесійнае майстэрства, іграць…

Генадзь САХРАЙ, кіраўнік аркестра «Ліра» ў 1975—1990 гадах, г. Ашкелон, Ізраіль.