«Лабараторым»: тэатральная хімія

Бунцэвіч, Н. «Лабараторым»: тэатральная хімія / Надзея Бунцэвіч // Культура. — 2025. — 5 верасня (№ 36). — С. 10.

Магілёўскі абласны тэатр лял,ек сумесна з Цэнтрам падтрымкі рускіх тэатраў за мяжой Саюза тэатральных дзеячаў Расіі правёў рэжысёрскую лабараторыю. За пяць дзён маладыя творцы з суседняй краіны падрыхтавалі з артыстамі трупы тры эскізы спектакляў.

Па выніках паказаў тэатр павінен спыніцца на чымсьці адным. Але зрабіць выбар будзе няпроста, нават немагчыма: працы, адрозныя па жанры, стылістыцы, вылучаліся прафёсійнымі і нешараговымі прачытаннямі замежнай класікі. Невыпадкова ў час абмеркавання гучалі прапановы рэалізаваць усе тры праекты — вядома, паступова. Тым больш падобная міжнародная лабараторыя (такія сталі “завядзёнкай” для драмы) у ляльках ладзілася ўпершыню. Згадаем хіба беларускую лабараторыю 2021 года ў Брэсцкім тэатры лялек. Пасля яе ў рэпертуары калектыву з’явіўся монаспектакль “Пра навуку і мастацтва” па аднайменным трактаце Леанарда да Вінчы ў пастаноўцы колішняй выпускніцы БДУКМ Асі Якаўлевай, якая пазней працягвала навучанне ў Пецярбургу і Маскве.

“РАМЭА I ДЖУЛЬЕТА”

Цяперашняе правакацыйнае ўвасабленне 24-й драмы Шэкспіра (лічба згадваецца цягам спектакля) рэжысёр Аляксей Ягораў назваў вольным перакладам”. Хутчэй гэта штосьці накшталт сучаснага фанфіка з элементамі літаратуразнаўчага даследавання, якое з гумарам аспрэчвае многія ўстойлівыя ўяўленні пра п’есу і яе персанажаў. Дапамагае распаўсюджаны сёння прыём спектакля ў спектаклі, калі героі быццам рэпеціруюць пастаноўку. Таму не дзіва, што маналогі Меркуцыа (Дар’я Ашэйчык), Тыбальта (Наталля Станкевіч) прасякнуты заўвагамі пра драматургічнае развіццё, абмалёўку персанажаў. Такі падыход фарміруе ў гледачоў крытычнае мысленне, заахвочвае да абмеркавання ўбачанага, перачытвання Шэкспіра. Спектакль запатрабаваны не толью ў Магілёве, але і на прэстыжных міжнародных фестивалях.

Маці (Людміла Чопарава) шчодра частуе цукеркамі герцага Парыса (Мікалай Сцешыц), бо бачыць у ім жаніха і прадзюсара для сваёй дачкі Джульеты (Настасся Крундзікава, якая папоўніла калектыў у жніўні і паступіла на завочнае аддзяленне ў Акадэмію мастацтваў). Гераіня святкуе дзень народзінаў 14 гадоў. Яе каханаму Рамэа (Максім Кошалеў) зусім не 16, як у арыгінале, а каля 40. Але пачуцці перададзены кранальна, на ўзроўні дзіцячых любоўных уяўленняў. На фоне сцяны, размаляванай надпісамі, персанажы ўзлазяць кожны на сваю лесвіцу-драбінку і пачынаюць разгойдваць маленькія цацачньм арэлі, трымаючы іх у руках. Пазней Рамэа і Джульета пасоўваюць лесвіцы бліжэй адна да адной, павялічваюць амплітуду — і ў пэўны момант вяровачкі сплятаюцца. Артысты працуюць жывым планам, але ў эстэтыцы тэатра лялек, калі любая рэч пераўтвараецца, становіцца сімвалам. Тыбальт тут зусім не варожы: ён перакрэслівае на сцяне слова “каханне”, каб напісаць “мір”. Смерць персанажа вырашана як выхад у адчынены сцэнічны люк. Рамэа туды зазірае — і дастае рукі, пачырванелыя ад крыві, што ніяк не сціраецца, бы ў “Макбеце”. Галоўны герой хапае Джульету — і тая запэцкана ў крыві, што не на жарт палохае дзяўчынку.

“ШЭПАТ КЕНТЭРВІЛЯ”

Вядомую гісторыю пра сэра Саймана рэжысёр Дзмітрый Багданаў падаў у якасці спектакля-шпацыру. Гэты жанр, распаўсюджаны ў свеце, у нас толькі пачынае набіраць абароты. Сутнасць у тым, што гледачы не сядзяць у зале ці нават проста на сцэне, а ходзяць па лакацыях. Звычайна — завітваюць у розныя памяшканні тэатральнага будынка ад скляпенняў да гарышча, дзе адбываюцца падзеі з удзелам публікі. Гасцям давялося паблукаць па закуліссі і ўявіць, што гэта старадаўні замак Кентэрвіль, у якім жыве таямнічы прывід. Неспадзяванкі-страшылкі — часцей смешныя, а не драматычныя — падпільноўвалі на кожным кроку. Яшчэ на вуліцы, калі ўсе сабраліся на цэнтральных прыступках, зверху палілася вада. Потым Аканомка (Наталля Бачкарова) згубіла ключы — усе шукалі іх, абіралі патрэбны. Трапіўшы ў тэатр праз службовы ўваход, пакідалі нябачньы аўтографы ў кнізе наведвальнікаў. А ў фінале развітваліся з Сайманам — яго постаць з’явілася на даху, дзе ўсе дагэтуль пабывалі і не заўважылі нічога падазронага.

Лялек прыстасавалі ў асноўным з колішняга спектакля “Надне”. У такім выглядзе “Шэпат Кентэрвіля” ўспрымаецца цалкам завершаным, самадастатковым і, мы ўпэўнены, стане карыстацца попытам, асабліва ў моладзі. Але, улічваючы надвор’е, трэба прадугледзець альтэрнатыўнь варыянты некаторых фрагментаў.

ТРЫЛОГІЯ БУНІНА

Бунінскі цыкл “Цёмныя алеі” цяжка пазначыць як 12+, а менавіта ў такіх спектаклях тэатр зацікаўлены ў першую чаргу. I хаця ў сцэнічным увасабленні апавядання “Чысты панядзелак” рэжысёр Арына Прохарава дэманструе папраўдзе цнатлівае каханне, эскіз выйшаў глыбока філасофскім. Ён — пры ўсёй зразумеласці візуальнага выкладу — разлічаны на больш дарослую аўдыторыю. У перспективе павінны дадацца яшчэ дзве гісторыі, каб атрымаўся трыпціх, годны не толькі пастаяннага рэпертуару, але і замежных гастролей, конкурсаў, фестываляў. Спектаклю ўласцівы сінтэз розных тэхнік, што адлюстроўваюць літаральна ўвесь спектр найноўшых тэндэнцый — ад выкарыстання мастацтва міманса да пастаноўкі судовых пасяджэнняў з удзелам абвінаваўцы і абаронцы як двух абліччаў чалавечага лёсу.

***

Якое рашэнне будзе прынята, залежыць ад тэатра. Але відавочна: лабараторыя прынесла вялікую карысць усім бакам, раскрыла творчы патэнцыял рэжысёраў і акцёраў, стала не проста глытком свежага паветра, а, як паўтаралі ўдзельнікі, сапраўдным ураганам.

Надзея БУНЦЭВІЧ