Зігуля, Н. Ініцыятывы, якія аб’ядноўваюць : [відэаканферэнцыя парламентскай моладзі Магілёва і Прыморскага краю] / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2021. — 15 кастрычніка. — С. 17.
Парламенцкая моладзь Магілёва і Прыморскага краю абмеркавала надзённыя пытанні
Відэаканферэнцыя стала адной з падзей фестывалю «Дні Рэспублікі Беларусь у Прыморскім краі». Пакуль афіцыйная магілёўская дэлегацыя прадстаўляла нашу краіну за 10 тысяч кіламетраў ад яе — у Прымор’і, актывісты маладзёжнага парламента пры Магілёўскім абласным Савеце дэпутатаў арганізавалі анлайн-сустрэчу са сваімі калегамі з Савета маладых дэпутатаў Прыморскага краю. У маладых парламентарыяў шмат агульнага, але ёсць і нюансы. Таму гаварылі ў тым ліку і пра мадэль пабудовы маладзёжных парламенцкіх арганізацый у Беларусі і Расіі, асаблівасці іх функцыянавання, паўнамоцтвы маладых парламентарыяў, ролю маладзёжнага парламента ў грамадска-палітычным жыцці.
— Асабліва выразна наш парламент праявіў сябе ў канцы мінулага і ў пачатку гэтага года, напярэдадні шостага Усебеларускага народнага сходу, — падзяліўся напрацоўкамі каардынатар маладзёжнага парламента пры Магілёўскім аблсавеце дэпутатаў, намеснік старшыні аблсавета Павел САВЕЛЬЕВ. — Дзве з паловай тысячы прадстаўнікоў розных сфер на гэтым форуме мелі магчымасць унесці свае прапановы ў план далейшага развіцця краіны на найбліжэйшыя пяць гадоў. Наш парламент таксама не застаўся ўбаку. Разам з БРСМ былі праведзены дыялогавыя пляцоўкі ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці. Сабраныя падчас іх работы ініцыятывы былі агучаны на пленарным пасяджэнні з удзелам губернатара вобласці Леаніда Зайца. У рэзалюцыю пасяджэння ўвайшлі такія прапановы як стварэнне самастойнага органа дзяржкіравання, які будзе рэалізоўваць маладзёжную палітыку праз падраздзяленні мясцовых выканкамаў; распрацоўка рэспубліканскай праграмы «Моладзь Беларусі» на 2022-2025 гады; фінансаванне маладзёжных праектаў і праграм грамадскіх аб’яднанняў праз дзяржаўныя гранты на конкурснай аснове. Апошняя ініцыятыва, дарэчы, знайшла падтрымку ў Прэзідэнта. Ен пагадзіўся з тым, што ў Беларусі неабходна стварыць сістэму малых грантаў на падтрымку маладзёжных ініцыятыў.
Каардынатар маладзёжнага парламента назваў шэраг удалых ініцыятыў, якія атрымалася рэалізаваць. На адной з дыялогавых пляцовак прадстаўнікі маладзёжных субкультур звярнуліся наконт стварэння скейт-пляцоўкі ў Магілёве. Маладыя парламентарыі дэталёва прапрацавалі прапанову і агучылі вынікі на адной з сесій Магілёўскага гарсавета. Ініцыятыва была прынятая да ведама і знайшла фінансавую падтрымку. З рэалізацыяй праекта дапамаглі прадпрыемствы горада і мясцовыя бізнесмены. Азаяўнікі паўдзельнічалі ў мантажы скейт-пляцоўкі ў гарадскім парку ў Падміколлі.
Маладзёжны парламент выступіў таксама суарганізатарам адкрытага гарадскога чэмпіянату па варкаўце, ініцыятарам якога стаў рух Workout Team. Вырашана праводзіць яго штогоду ліпені.
Свае прыклады паспяховага прымянення маладзёжных ідэй прывялі расійскія дэпутаты маладзёжнага парламента. Некалькі гадоў у Расіі існуе маладзёжная арганізацыя, якая змагаецца з экстрэмізмам у інтэрнэце.
— Гэта вельмі цікавы для нас вопыт, — лічыць дэпутат маладзёжнага парламента пры Магілёўскім аблсавеце дэпутатаў Уладзіслаў КУЛАКЕВІЧ. — Хацелася б як мага глыбей вывучыць яго. Для нас гэта вельмі актуальна.
Тэмамі для разгляду таксама сталі міжрэгіянальнае і міжнароднае маладзёжнае супрацоўніцтва, рэалізацыя сумесных ініцыятыў, інструменты па ўзмацненні фарміравання патрыятызму і грамадзянскасці сярод моладзі Расіі і Беларусі.
У Магілёве дыялог адбыўся на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Да яго далучыліся старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Ірына Раінчык і намеснік начальніка ўпраўлення па рабоце са сродкамі масавай інфармацыі і маладзёжнай палітыцы Магілёўскага аблвыканкама Таццяна Меншыкава.
Удзельнікі сустрэчы абмяняліся кантактамі і намецілі тэмы для будучых анлай-зносін.
Павел Савельеў лічыць, што такія сустрэчы даюць магчымасць зверыць гадзіннікі і абмяняцца вопытам.
— Вельмі важна, каб у эпоху так званых «новых культурных каштоўнасцяў» мы аб’ядналіся і канкрэтнымі прыкладамі захапілі іншых, — кажа Павел. — Сёння, на жаль, моладзь незаўсёды сур’ёзна ацэньвае абстаноўку і слаба разумее важнасць свайго непасрэднага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці краіны. І над гэтым трэба працаваць.
Па выніках анлайн-сустрэчы выпрацавана рэзалюцыя, дзе пазначаны вектары будучых сустрэч.
Нэлі ЗІГУЛЯ.