Пошта з ухілам на камфорт

Бручыкаў, А. Пошта з ухілам на камфорт : [гутарка з дырэктарам Магілёўскага філіяла «Белпошты» А. Бручыкавым] / Аляксандр Бручыкаў ; гутарыла Нэлі Зігуля // Звязда. — 2022. — 21 верасня. — С. 5. 

Дырэктар магілёўскай «Белпошты»: работнікам камфортна, кліентам — зручна

Пад рукой дырэктара Магілёўскага філіяла «Белпошты» Аляксандра Бручыкава нататнік, дзе ён нешта пазначае пасля тэлефонных званкоў. Нават падчас інтэрв’ю не расслабляецца. Прызнаецца, што гэта недазволеная для яго раскоша. Наперадзе шмат работы і нельга губляць час. А тое, што зроблена — маўляў, кропля ў моры. Для кіраўніка, магчыма, і кропля, але маштабы відаць збоку. Сёлета ў Магілёве адзін за адным набылі сучасны выгляд шэсць паштовых аддзяленняў. І работы працягваюцца. І хаця час для размовы быў абмежаваны, Аляксандр Бручыкаў паспеў акрэсліць збольшага тое, што зроблена, і якія сёння стаяць задачы перад поштай.


— У жніўні ў Магілёве адчыніла дзверы абноўленае 33-е паштовае аддзяленне на Юбілейным. Да паслуг кліентаў — больш прасторная зала чакання, зручны плацежна-даведкавы тэрмінал, камфортная мэбля. Прыемныя перамены адбыліся апошнім часам і ў цэнтральным 30-м аддзяленні. З’явілася, напрыклад, электронная чарга…

— Так, мы робім усё для таго, каб кліент адчуваў сябе як дома. Тое ж 33-е аддзяленне абслугоўвае мікрараён агульнай колькасцю 12 тысяч чалавек. Мы зацікаўлены, каб людзі былі задаволены. Што датычыцца 30-га аддзялення, то, сапраўды, там таксама ёсць зрухі. На першым паверсе зараз функцыянуе асобнае памяшканне бізнес-пошты. Раней адно акно абслугоўвала юрыдычных асоб на ўваходзе, а другое — у агульнай зале. Зараз мы ўсё цэнтралізавалі, устанавілі электронную чаргу, і кліенты вельмі задаволеныя. Не трэба бегаць ад аднаго акна да другога, каб абслужыцца хутчэй. Цяпер кавы папіў, і чарга падышла. Але асноўныя перамены ў 30-м аддзяленні яшчэ наперадзе. Мы плануем зрабіць больш сучаснай кліенцкую залу.

— Якая ўвага аддаецца бяспецы супрацоўнікаў? Усе яшчэ ў шоку ад той трагедыі, што адбылася ў Оршы.

— Для бяспекі супрацоўнікаў ведамства робіць усё магчымае. Клапоцімся, каб супрацоўнік адчуваў сябе камфортна і абаронена. Прымяняем шкленне рабочых месцаў да верху, дзвярныя замкі, каб кліент не мог прайсці ў рабочую зону. Гэта абарона і ад зламыснікаў, і ад інфекцый накшталт ковіду. Паралельна адукоўваем супрацоўнікаў, як весці сябе ў выпадку няштатнай сітуацыі. Але ж людзі могуць разгубіцца і нешта зрабіць не так.

— Чым кіруецеся пры аднаўленні сваіх аддзяленняў? На што робіце акцэнт?

— Абнаўляем у адпаведнасці з нашым брэндбукам, які адлюстроўвае асноўныя элементы карпаратыўнай палітыкі. Гэта і замена мэблі, і касметычны рамонт, там, дзе болей чым тры аператары, устаноўка электроннай чаргі. Стараемся, каб і работнікам было камфортна, і кліентам зручна. Усё, вядома, залежыць ад фінансавання, але мы стараемся працаваць так, каб грошы ў нас былі. Цяжка ўсё адразу ахапіць, бо такіх аддзяленняў у нас болей чым 300.

— Якія паслугі сёння развіваеце, чым прывабліваеце кліентаў?

— Цяпер самая галоўная задача для пошты — лічбавізацыя паштовай сувязі. У нас укаранёная нацыянальная паштовая электронная сістэма, якая дазваляе перасылаць лісты ў анлайн-рэжыме з захаваннем юрыдычнай значнасці. Яе забяспечвае электронны паштовы штэмпель. Паслуга прывабная і для юрыдычных асоб, у якіх вялікія аб’ёмы карэспандэнцыі, і фізічных, якія цэняць свой час. Каб зарэгістравацца ў гэтай электроннай сістэме, трэба стварыць электронную скрыню на нашым сайце. Плюсы відавочныя: скарачаецца час дастаўкі карэспандэнцыі і яе кошт. Гэта так званая гібрыдная пошта. Калі ў кліента такой скрыні няма, а ў адрасанта ёсць, кліент усё роўна атрымае гэты ліст, але не ў электронным, а ў надрукаваным выглядзе.

Яшчэ адно новаўвядзенне — апаратны праграмны комплекс «Мабільны паштальён». Практычна ў кожнага нашага паштальёна на руках мабільная каса. Праз праграму «Мабільны паштальён» кліент можа аплаціць камунальныя паслугі, атрымаць пенсію, зрабіць грашовы перавод, аформіць падпіску, купіць тавар і гэтак далей.

— А на сяле гэтыя паслугі таксама даступныя?

— Так. Сёння ўсё сяло аснашчана ў нас такімі праграмнымі комплексамі. Алічбаваны ўжо і сэрвіс «Паштовы кур’ер». Гэта мабільны дадатак, з дапамогай якога можна заказаць і аплаціць паштовае адпраўленне. Неабавязкова ісці на пошту, стаяць у чарзе — проста праз мабільны дадатак можна заказаць кур’ера і аддаць яму пасылку. Дзейнічае па прынцыпе таксі. Акрамя гэтага, з’явілася магчымасць атрымліваць паштовыя адпраўленні па sms-кодзе без прад’яўлення пашпарта і афармлення апавяшчэння. Для гэтага таксама трэба зарэгістравацца ў асабістым кабінеце на нашым сайце і ўвесці свае пашпартныя даныя. Калі прыйдзе пасылка, на тэлефон кліента паступіць sms замест папяровага паведамлення. Для атрымання паслання дастаткова назваць нумар тэлефона, указаны ў асабістым кабінеце, і атрыманы sms-код. Хутка і зручна. Паслуга, дарэчы, бясплатная. Наогул, з нашага сайта можна даведацца, чым лепш адправіць, на чым сэканоміць. Нават калькулятар ёсць, каб падлічыць, колькі будзе каштаваць адпраўленне.

— Інфарматызацыя паслуг дазваляе адмаўляцца ад празмернага папяровага патоку і паскорыць працэс атрымання паслання. З якімі тэмпамі ідзе гэта работа?

— Альтэрнатывай для авансавых кніжак, з якімі раней працавалі паштавікі, сталі электронныя асабовыя рахункі. Гэта паслуга асабліва запатрабаваная юрыдычнымі асобамі. Зараз работа ажыццяўляецца як у электронным выглядзе, так і па авансавай кніжцы. Электронныя асабовыя рахункі, сапраўды, добрыя тым, што скарачаюць той папяровы паток, які існаваў раней. І мы актыўна працуем у гэтым кірунку.

— Паштаматы — таксама адно з апошніх новаўвядзенняў. Як ідзе іх укараненне?

— На жаль, не тымі тэмпамі, якімі хацелася б, хаця перавагі паслугі відавочныя. Не трэба стаяць у чарзе, адпрошвацца з работы, каб забраць пасылку. Ужо пры знаходжанні пасылкі на мытным тэрмінале можна пераадрасаваць яе ў паштамат, які працуе круглыя суткі. Каб скарыстацца паслугай, зноў-такі трэба спачатку зарэгістравацца ў асабістым кабінеце. Мінус пакуль у тым, што паштамат можа выдаць толькі міжнародную карэспандэнцыю. Але ў перспектыве і ўнутраная пошта будзе працаваць праз паштаматы.

— А як ідзе развіццё паштовай галіны на сяле?

— Мы прыводзім у парадак сельскія аддзяленні так сама, як і гарадскія. Плюс мы пераабсталёўваем іх у поштамаркеты, паколькі наша ведамства на сяле яшчэ і актыўна гандлюе. Нашы паштамаркеты ўяўляюць сабой крамы з залай самаабслугоўвання, дзе можна адначасова атрымаць паштовыя паслугі і купіць нешта карыснае для сябе.

— Вашы супрацоўнікі нядаўна апрануліся ў форменнае адзенне. Гэта таксама дысцыплінуе?

— Так. Да таго ж гэта проста прыгожа. Не параўнаць з тым, як было. Усё гэта культура прадпрыемства, якая падкрэслівае яго значнасць.

— Раней пошта асацыіравалася з газетамі, лістамі, паштоўкамі. Цікава, а зараз людзі пішуць адзін аднаму лісты?

— Пішуць, яшчэ як. І буккросінг папулярны не менш, чым раней. І ад гэтага мы ніколі не сыдзем. Перасылаем і дакументы, і асабістыя лісты, і іншыя папяровыя носьбіты.

— Што дае асноўныя даходы ў вашай сістэме?

— Перш за ўсё паштовыя паслугі.

— Ваша прадпрыемства прымае актыўны ўдзел у культурных падзеях краіны, праводзіць конкурсы. Якія праекты, прысвечаныя Году памяці, запланаваны на найбліжэйшы час?

— Сёлета споўнілася 1030 гадоў з моманту ўзнікнення Полацкай епархіі, што лічыцца датай заснавання праваслаўнай царквы на беларускіх землях. 22 верасня Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовы блок «1030-годдзе праваслаўя на беларускіх землях». У гэты дзень на паштамце Мінска і на некаторых іншых аддзяленнях паштовай сувязі краіны, у тым ліку ў Бабруйску і Магілёве, будуць праводзіцца спецыяльныя гашэнні на канверце «Першы дзень».

У Год гістарычнай памяці паштовы праект «1030-годдзе праваслаўя на беларускіх землях» стане адной з важных старонак паштовага летапісу краіны.

— Дзявятага кастрычніка будзе адзначацца Сусветны дзень сувязі. Што б вы хацелі пажадаць сваім супрацоўнікам?

— Жадаю ўсім моцнага здароўя, міру, шчасця і дабрабыту. Цаніце сваіх блізкіх і не губляйце сувязі з тымі, хто вам дарагі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з фондаў Магілёўскага філіяла «Белпошты»