Сяброўства праз гады

Сiдзельнiкава, В. Сяброўства праз гады / Вiкторыя Сiдзельнiкава // Магілёўскія ведамасці. — 2011. — 31 мая. — С. 10. 

Прэзентацыяй сваёй другой кнігі «Лістапад гадоў» сустрэла аматараў паэзіі магілёўская паэтэса Тамара Аўсяннікава. Вечар, які арганізаваў клуб цікавых сустрэч «Натхненне» Палаца культуры вобласці, сабраў тых, хто засумаваў па роднай мілагучнай мове, хто нераўнадушны да творчасці сваіх землякоў і разумее толк у до­брых вершах. Тамары Пятроўне было што расказаць сваім гасцям. У жыцці ёй пашанцавала: на сваім шляху яна сустрэла шмат таленавітых людзей, якія пакінулі след у сусветнай літаратуры. Адно тое, што яна была вучаніцай народнага паэта Ніла Гілевіча і блізкай сяброўкай Яўгеніі Янішчыц, абавязвае ніколі не забываць аб сваёй выбранасці.

3 вялікай павагай гаворыць аб сваім выкладчыку магіляўчанка. Зараз Ніл Гілевіч жыве ў Мінску, у верасні яму споўніцца 80 год. Да гэтага свята Тамара Аўсяннікава ўжо падрыхтавалася — напісала верш. Юбіляру будзе прыемна атрымаць такі каштоўны падарунак. А пакуль паэт не шкадуе добрых слоў, падтрымлівае сваю вучаніцу, каб і далей пісала вершы, закранала імі самыя добрыя пачуцці. У размове Ніл Сымонавіч павіншаваў паэтку з выхадам другой кнігі і прапанаваў адаслаць яе ў Нацыянальную бібліятэку.

— Гэта самая высокая адзнака для мяне, — прызнаецца Тамара Пятроўна. — Спадзяюся, што не апошняя. Я доўгі час пісала ў стол. Было неяк няёмка, маё выхаванне на прафесійнай паэтыцы не давала магчымасці ацаніць сваю творчую годнасць. Нават яшчэ ў студэнцтве я гаварыла Жэні Янішчыц, маўляў, як ты пісаць не магу, а дрэнна — не хачу. I толькі дзесяць год таму паспрабавала сябе на пісьменніцкай ніве. Па-мойму, у мяне атрымалася.

Незвычайная сялянка

Шчырая любоў да паэзіі з маленства суправаджала Тамару. Маці, якую звалі рэдкім імем Макрэна (пазней Аўсяннікава выбрала для сябе псеўданім -Тамара Макрэніна — аўт.), хоць і мела пачатковую адукацыю царкоўнапрыходскай школы, але ж на памяць дэкламавала дзецям вершы Нікіціна, Пушкіна, Фета, Цютчава, Някрасава.

Чытала сялянка многа, нават мясцовыя настаўнікі столькі не ведалі. Калі аднойчы ў вясковую бібліятэку прыехалі правяраючыя і ўбачылі цалкам спісаны фармуляр чалавека 1907 года нараджэння, не паверылі, што тут не займаюцца прыпіскай. Сустрэліся з Макрэнай — і раты паадкрывалі. Настолькі начытанага і рознабаковага чалавека цяжка было ўявіць у глухой вёсцы. Толькі «Пятра I» Аляксея Талстога маці будучай паэткі перачытвала больш за пяць разоў. Пасля пра незвычайную жанчыну выйшаў артыкул у раённай газеце.

Таму, калі стаў выбар, на каго пайсці вучыцца, Тамара не доўга думала — падалася ў сталічны БДУ на філалагічны факультэт. Вось дзе залатыя гады!

—  Курс цудоўны! — успамінае паэтка. — Сярод настаўнікаў быў Ніл Гілевіч, Алесь Адамовіч. Са мной вучыліся дочкі Шамякіна, Калачынскага,   Панчанкі, Карпава, Пшыркова, а так-сама будучыя паэты Яўгенія Янішчыц, Алесь Разанаў. Дзіўна, з Разанавым за ўсю вучобу я ні разу не размаўляла. Ён своеасаблівы: хадзіў у шапцы-вушанцы і заўсёды не па пагодзе апранаўся. Але ж гэта не так моцна кідалася ў вочы. У нас толькі выдзяляліся дзеці дырэктароў школ, старшынь калгасаў і пісьменніцкія, астатнія былі аднолькавыя, бедныя. Калі збіраліся на вечарыну і бачылі ў кагосьці прыгожую сукенку, пыталіся: «Ці дасі сфатаграфавацца?»

Жэня і я

Пашанцавала Тамары і з суседкай па ўніверсітэцкім інтэрнаце. Янішчыц і Аўсяннікава адразу пацягнуліся адна да адной.

— Жэня была маленькага росту, хударлявая, з цудоўнымі ямачкамі на шчоках і зялёнымі вачыма, — малюе партрэт загінуўшай сяброўкі Тамара Пятроўна. — Ад яе зыходзіла нейкая унутраная моц і прыгажосць. Негаваркая, але з тонкім пачуццём гумару, яна магла адпусціць смяшынку і адразу ўсіх развесяліць. Ёй добра даваліся эпіграмы.

А яшчэ яна не хадзіла, яна нібы ляцела, настолькі яе хада была лёгкай і імклівай. Жэня заўсёды накручвала свае цёмна-русыя валасы, распускала іх, і яны хвалямі ўздымаліся і апускаліся з тактам кожнага яе кроку. I вось раптам нечакана спыніцца, дастане свой блакнот, запіша туды нейкі вобраз, два-тры радкі — і зноў «паляцела». А потым праз нейкі час сядзе за стол і напіша ўвесь верш ад пачатку да канца. Самае цікавае, што яна амаль нічога не выпраўляла. Атрымлівалася цудоўна з першага разу. Талент у яе быў відавочны, многія ёй зайздросцілі. Можа, таму, аднойчы не вытрымаўшы прэсінгу і злых языкоў, яна разлічылася з жыццём… Ніл Сымонавіч ставіць Янішчыц у адзін рад з Алаізай Пашкевіч, Наталляй Арсенневай, Ларысай Геніюш. Тамара Аўсяннікава лічыць, што вершы Янішчыц не маюць ні часавых, ні прасторавых межаў. Яна глыбока нацыянальны паэт.

За ўсе гады навучання ва ўніверсітэце дзяўчаты ні разу не паспрачаліся, не гаворачы ўжо аб сварках. Нават калі Тома перашкаджала сустрэчам аднагрупніцы з яе каханым, сяброўка не крыўдзілася, разумела яе клопат.

Жэня закахалася ў маладога карэспандэнта вайсковай газеты Сяргея Панізніка яшчэ ў дзявятым класе. Яны пажаніліся, калі Янішчыц скончыла ўніверсітэт. Многія былі супраць іх шлюбу. Бацькі будучага мужа лічылі дзяўчыну недастаткова прыгожай для свайго сына; сяброўкам, у тым ліку і Тамары, не падабаліся занадта высакамерныя адносіны хлопца да Жэні. I ўсё ж такі сваю долю не абвесці вакол пальца — праз тры гады яны разышліся. У пісьмах магілёўскай сяброўцы Жэня яшчэ шмат разоў успамінала яе перасцярогі наконт таго, што з гэтым чалавекам яна ніколі не будзе шчаслівай.

Наш Гілевіч

Вось ужо доўгія 40 год Тамара Пятроўна захоўвае ўсе пісьмы і запіскі, адрасаваныя ёй Жэняй. Роўна як і ўсе аўтографы выкладчыка спецкурса па фалькларыстыцы Ніла Плевіча.

— У адным з артыкулаў Ніла Сымонавіча параўноўвалі з волатам, — цёпла пасміхаецца субяседніца. — Сапраўды, вельмі падобны: высокі, плячысты, як маналіт. Пачуццё асабістайгоднасці, глыбіня, талерантнасць у добрым сэнсе гэтага слова — якасці характару Гілевіча. Яго гаворка і манера трымацца вельмі на нас уздзейнічалі. Ён так прыгожа размаўляў па-беларуску! Расказваў нам пра тое, аб чым грамадства маўчала. Напрыклад, як 25 кастрычніка 1937 года ў адзін дзень забілі больш за 50 чалавек, сярод якіх было 22 беларускіх і яўрэйскіх пісьменнікі. Мы чулі аб тым, што Сяргей Грахоўскі адбываў сваю павіннасць на лесапавале, Янка Купала быў забіты, а Кузьма Чорны перанёс шмат пакут. Плевіч ніводнага свайго студэнта ніколі не назваў на «ты». Я потым пераняла гэту манеру, калі працавала настаўніцай у школе. Ад такіх адносінаў вучні былі ў захапленні. Нават іх паводзіны станавіліся больш сталымі, сур’ёзнымі.

Ну як магчыма пад такім уплывам застацца паза мяжой творчага шляху? За апошнія дзесяць год магілёўская паэтэса Тамара Аўсяннікава выдала дзве кнігі вершаў «Ноты сэрца» і «Лістапад гадоў». Яе кніга апавяданняў «Любачка», куды ўвайшлі самыя яркія ўспаміны дзяцінства, рыхтуецца да сустрэчы з чытачамі. Але ж гэта не ўсе яе справы. Калісьці паэтэса працавала ў Доме дзіцячай і юнацкай творчасці «Эверэст» кіраўніком літаратурнага клуба «Творчая гасцёўня», збірала вакол таленавітую моладзь, дапамагала разбірацца ў паэзіі. I вось ёсць свае добрыя вынікі: дарэчы, яе вучаніца Таццяна Снігірова вярнулася з міжнароднага конкурсу з Брэста і прывезла першае месца ў намінацыі «Проза». А на міжнародным конкурсе ў Рыме, які арганізавала ўнучка Сталыпіна, дзяўчына трапіла ў фінал. 3 300 удзельнікаў малады магілёўскі талент апынуўся ў ліку лепшых рускамоўных паэтаў.

— Я ганаруся тым, што ў маім жыцці былі такія яркія старонкі, — гаворыць Тамара Аўсяннікава. — Буду і далей працаваць, памятаючы аб сваёй сяброўцы, аб запавеце свайго настаўніка, і спадзяюся, што зноў змагу выклікаць у людзей эмоцыі, каб чытачы і смяяліся, і сумавалі, і хваляваліся. А што яшчэ паэту патрэбна? Толькі шчырасць і разуменне.