Паэт, франтавік, грамадзянін

Паэт, франтавік, грамадзянін : да 90-годдзя з дня нараджэння Аляксея Пысіна // Магілёўскія ведамасці. — 2010. — 20 сакавiка. — С. 12.

Аляксей Васільевіч Пысін нарадзіўся 22 сакавіка 1920 года ў в.Высокі Барок Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах. Быў двойчы паранены. 3 1958 года жыў у Магілёве. Працаваў у рэдакцыі абласной газеты «Магілёўская праўда». Закончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Саюзе пісьменнікаў СССР (1958). 3 1974 года сакратар Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалямі; заслужаны работнік культуры Беларусі (1980 г.).

3 першымі вершамі ў друку Аляксей Васільевіч выступіў у 1938 годзе. Аўтар кніг паэзіі «Наш дзень» (1951), «Сіні ранак» (1959), «Сонечная паводка» (1962), «Мае мерыдыяны» (1965), «Твае далоні» (1967), «Пойма» (1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), «Ёсць на свеце мой алень» (1978) і іншых.

Для дзяцей выдаў зборнікі вершаў «Матылёчкі-матылі» (1962), «Вясёлка над плёсам» (1964), «Кавалёк» (1966), «Колькі сонцаў!» (1979) і паэму «Дзяўчынка Марыям» (1970).

У 1968 годзе за зборнік вершаў «Твае далоні» А.В.Пысіну прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы.

Памёр А.В.Пысін 27 жніўня 1981 года, пахаваны на Цэнтральных могілках абласнога цэнтра па вул. Лазарэнка. На доме па пр.Міра, 35 «А», дзе жыў паэт, устаноўлена мемарыяльная дошка. У сакавіку 2008 года імем Аляксея Пысіна названа адна з магілёўскіх вуліц.

Сёння мы прапануем увазе нашых чытачоў урывак з падрыхтаванай да друку кнігі нарысаў магіляўчаніна Віктара Арцем’ева «Урокі Аляксея Пысіна». Чвэрць стагоддзя аўтар сябраваў са знакамітым паэтам Прыдняпроўскага края, які шчыра дзяліўся з ім сакрэтамі свайго майстэрства.

3 гісторыі двух вершаў

Аднойчы летнім днём у канцы сямідзесятых гадоў я з паэтам Аляксеем Пысіным паехаў па грыбы ў прыдняпроўскі бор. 3 небагатым зборам вярталіся дамоў. Пайшоў спорны дождж. Недалёка ад гомельскай шашы ля вёскі Слабодка Магілёўскага раёна на ўскрайку лесу селі адпачыць. Патрэбна было вогнішча, каб абсушыцца. Аляксей Васільевіч спытаў у мяне:

А ты, Віктар, умееш распаліць вогнішча ў дождж?

Зараз убачыш,— адказаў я і ўзяўся за справу. Знайшліся густыя яліны з сухімі ніжнімі галінкамі, наламаў іх, а намоклых дроў было ўдосталь. Некалькі хвілін мы сядзелі каля вогнішча, вопратка наша пачала пакрысе падсыхаць. Аляксей Васільевіч застаўся задаволены тым, як я запаліў і даглядаў вогнішча. Зацікавіўся, дзе я навучыўся. Потым нешта задумаўся і вымавіў:

Колькі я за вайну вогнішчаў запаліў, не злічыць!

На вожахах спяклі сала, пасялянску падстаўляючы лусту хлеба, каб захаваць больш калорый, бо, ходзячы па лесе, можна сказаць, прагаладаліся. Хлебам з падсмажанай скваркай добра падсілкаваліся. I зусім нечакана для мяне Аляксей Васільевіч задаў пытанне:

—  А ты, Віктар, гідлівы ці не?

Я сумеўся. Сказаць, што не — падман. Каб вельмі — няпраўда, бо ў вайну даводзілася і бульбяныя лупіны есці, і ватруб’е, і траву казелец. Аляксей Васільевіч не стаў чакаць адказу і загаварыў сам.

—  А я — не? 3 вайны сталася.

I расказаў эпізод пра выхад з акружэння. «Было гэта на Ленінградскім фронце. Ішлі абложныя асеннія дажджы. Прабіраліся па лясных балотных дарогах. Ваенную тэхніку не кідалі. Гарматы часта вязлі ў каляінах. Тады салдаты скідвалі з плеч свае шынялі і клалі пад колы гармат. I з лесу на плячах насілі дрэвы, каб пракласці па балоце дарогу-ляжнёўку.

Калі выйшлі з акружэння, то ўсе былі абяссіленыя. Распалілі вогнішча. У лесе былі грыбы. Не ведаю іх назвы. Вялізныя. Такіх я больш нідзе не бачыў. Грыбы мёрзлыя. Іх елі сырымі. Толькі крыху падагравалі на агні, бо не адкусіць — мёрзлыя. У грыбах ажывалі чэрві. Буйныя. На іх не звярталі ўвагі: салдаты ўжо два тыдні не мелі ежы. Спаць паклаліся на сырую зямлю, дзе хто стаяў. А пад раніцу ўсіх засыпала снегам. Хто застаўся ў жывых, адзін аднаго адкопвалі. Вельмі многа салдат засталося там спаць вечным сном. А ў жывых салдат — крывавы панос. I зноў: смерць, смерць…»

Я не стрымаўся і пытаюся ў Аляксея Васільевіча:

—  I ты еў гэтыя грыбы?
—  I я еў.
—  А чарвякоў еў?
—  Калі зашавеліцца, то адкінеш убок і ясі грыб.

Тут я ўспомніў прымаўку свайго вясковага суседа Міхася Ісачанкі: «Як недаясі, дык залатога каня за скарынку хлеба аддасі».

Гадоў праз пятнаццаць пасля выхаду з акружэння былы радавы салдат-гвардзеец А.В.Пысін (у 1957 годзе ўжо вядомы паэт) напісаў верш «Гвардзейскай дарогай». Вось ён:

Дарога згубілася ў топкім бяздонні,
У асеннім карыце гразі.
Гарматы загразлі,
I топяцца коні,
Хоць сам у хамут — і вязі.
Загад батальёнам: «Сюды на плячах
Прынесці з дзялянак дарогу!»
I неслі мы сосен ствалы
Па карчах,
Як зброю для перамогі.
Запахлі кілометры свежай смалой,
Бруснічнікам, мохам і потам.
Па гулкай ляжнёўцы пакрочылі ў бой
Гвардзейскія дружныя роты.
I з ротай гвардзейскай я ў сталасць
                                            ішоў,
Крутыя пазнаў далячыні.
Таму не шукаю спакойных шляхоў —
Масціць іх мяне навучылі.

Як бачым, тут ёсць усё, як і было тады на Ленінградскім фронце. Няма толькі начлегу, той жудаснай ночы з чарвівымі грыбамі і смерцю. Бадай што няма яшчэ і антываеннай скіраванасці ў вершаваных радках.

Яна з’явілася крыху пазней, пасля глыбокага жыццёвага роздуму і філасофскага асэнсавання сутнасці вайны. Да той ночы, калі выйшлі з акружэння, паэт вяртаўся не адзін раз. Непасрэдна ёй прысвечаны яшчэ адзін верш, які датаваны 1967 годам, — «Балада пра начлег».

Нядоўгі прывал. Нядоўгі начлег.
Пад намі снег, над намі снег.
Вароты скрыпяць, ці нашы сляды?
Дарога адна, дарога туды.
Дзе будзем анучы ў цяпле сушыць,
Да раніцы спаць, да старасці жыць.
Налева зіма, направа зіма,
Ні печы няма, ні дома няма.
Граната ў руках. Патрон у ствале.
Чаго нам, сябры, яшчэ не стае!
Стралковая рота сопку ўзяла.
Пад намі зямля, над намі зямля.

У гэтым творы вайна ўжо ў іншым вымярэнні: іншым колерам, з антыгуманнай сутнасцю, з усёй сваёй жудасцю. Ці той начлег? Начлегі былі і потым, дзесяты, соты…

Калі я спытаў у Аляксея Васільевіча, што азначае радок, які яго сэнс «Пад намі зямля, над намі зямля», ён адказаў адным словам і катэгарычна: «Магіла».

Верш «Балада пра начлег» напісаны паэтам роўна праз дзесяць гадоў пасля «Гвардзейскай дарогі». Надрукаваць яго было няпроста. Рэдактары лічылі верш песімістычным, без зараду патрыятызму. У першых публікацыях замест апошняга радка «…Пад намі зямля, над намі зямля» быў той жа, што і ў пачатку балады «Пад намі снег, над намі снег». Магчыма, гэта было ўступкай паэта рэдактарам, кабуратаваць зерш. Пазней паэт катэгарычна настаяў на слове «зямля».

Ёсць у баладзе словы «Граната ў руках». Аляксей Васільевіч не адзін раз гаварыў, што салдат мог з ранца высыпаць частку патронаў, мог застацца без хлеба, але гранату ніколі не выкідваў. Ніколі! Ніводзін салдат! Гранаты памагалі салдату адбівацца ад насядаўшага ворага. Гранаты гаварылі рашаючае слова, калі ішлі на прарыў з акружэння.

Пасля прагляду фільма «Беларускі вакзал» Аляксей Васільевіч не адзін раз з гневам гаварыў пра песенны радок: «Мы за ценой не постопм» — I не стаялі! — з горыччу заключаў ён.

Гвардыі радавы салдатА.В.Пысін быў сведкам не аднаго выпадку, калі сопку ці горад бралі лабавой атакай толькі дзеля таго, каб уключыцца ў зводку Саўінфармбюро. 3 салдацкімі жыццямі, на жаль, часта не лічыліся…

Паэт меў права напісаць такі верш. Паэт меў права ў аўтабіяграфіі напісаць: «Салдацкая правата — правата сучаснасці», «Мінулае належыць нам так, як і будучыня».

Запавет паэтатакі: не забываць мінулага ў імя будучыні.