Швяцова, Т. Верыць у цуды / Таццяна Швяцова // Настаўніцкая газета. — 2024. — 5 студзеня. — С. 13.
Таццяна Юр’еўна Швяцова, загадчыца ДЦРД № 1 Магілёва:
— Мінулы год быў для нас вельмі плённым. Мы развівалі самы запатрабаваны ў сучасных дзяцей напрамак — Stem-адукацыю, эфектыўна выкарыстоўвалі ў адукацыйным працэсе канструктары новага пакалення, робататэхнічныя наборы. Новыя напрамкі работы асвойвае педагог дадатковай адукацыі Валянціна Каліноўская — малады спецыяліст, якая вырашыла застацца ў нас пасля адпрацоўкі. У 2023 годзе яна стала прызёрам (атрымала дыплом І ступені) конкурсу творчых і даследчых праектаў “Год міру і стварэння. Пабудуй горад будучыні!”, арганізаванага факультэтам дашкольнай адукацыі БДПУ.
Ва ўстанове працягвае рэалізоўвацца рэспубліканскі праект “Укараненне сеткавай мадэлі фарміравання грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў: рэгіянальная мадэль”, у які ўключаны ўстановы дашкольнай адукацыі, школы і ўстановы дадатковай адукацыі ўсёй краіны. Гэты праект унікальны, бо дазваляе стварыць партнёрскія сеткі, кожная з якіх працуе над сваім інавацыйным прадуктам. Сеткавае ўзаемадзеянне — гэта прадукцыйная, эфектыўная мадэль метадычнага суправаджэння, якая дазваляе азнаёміцца з цікавым вопытам калег і прадставіць свае напрацоўкі.
ДЦРД № 1 Магілёва з’яўляецца рэсурсным інавацыйным абласным цэнтрам па тэме “Фарміраванне сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый дзяцей дашкольнага ўзросту праз выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій”. Свае вынікі ў 2023 годзе мы прадставілі на XX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, дзе заваявалі дыплом І ступені за актыўныя формы метадычнай работы з педагагічнымі работнікамі па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дашкольнікаў. Акрамя таго, атрымалі дыплом І ступені за распрацоўку даведніка маршрутаў выхаднога дня па месцах баявой славы Магілёўшчыны і дыплом ІІ ступені за канспекты аўтарскіх краязнаўчых адукацыйных медыяпадарожжаў.
Адзін з кірункаў нашай работы — удзел у адукацыйным праекце “Зялёныя школы”. Установа ў 2023 годзе заваявала 9 дыпломаў у розных намінацыях на гарадскім этапе рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”, на працягу многіх гадоў з’яўляецца пераможцай агляду-конкурсу па азеляненні, добраўпарадкаванні і кветкава-дэкаратыўным афармленні “Квітней, родны Магілёў”, плённа супрацоўнічае з гарадскім эколага-біялагічным цэнтрам дзяцей і моладзі. Мы распрацавалі ландшафтны праект, правялі вялікую работу па добраўпарадкаванні, азеляненні тэрыторыі, удасканалілі прадметна-прасторавае асяроддзе, метэапляцоўку, экалагічную сцежку.
Ва ўстанове працягвае функцыянаваць цэнтр ранняга развіцця “Смайлік” для дзяцей, якія не наведваюць установу дашкольнай адукацыі, і ён карыстаецца вялікай папулярнасцю. Тут створана прывабнае для малышоў развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе: мяккае пакрыццё сцен, сэнсарныя панэлі, інтэрактыўныя цацкі і розныя матэрыялы для творчасці.
Педагогі цесна судакранаюцца са светам дзяцінства, таму і да святкавання Новага года ставяцца паасабліваму. Мы ўмеем радавацца, як дзеці, верым у самае лепшае, у тое, што цуд абавязкова адбудзецца і навагодняя казка здарыцца з кожным з нас. Сваім калегам хочацца пажадаць у гэтым годзе здароўя і творчага натхнення, каб хапала душэўных і фізічных сіл для рэалізацыі прафесійных і асабістых планаў.