Выкарыстоўваць рэзервы

Сінькевіч, Г. Выкарыстоўваць рэзервы / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2024. — 12 красавіка. — С. 3.

Перспектывы ўдасканалення патрыятычнага выхавання навучэнцаў абмеркавалі ў Магілёве

Як сфарміраваць у навучэнцаў грамадзянскасць і патрыятызм? На якія аспекты рабіць упор у выхаванні падрастаючага пакалення? Гэтыя і іншыя сумежныя пытанні абмяркоўвала надоечы педагагічная грамадскасць Магілёўшчыны, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Тэматычны семінар аб’яднаў начальнікаў аддзелаў па адукацыі гар(рай)выканкамаў, настаўніцтва, прадстаўнікоў зацікаўленых ведамстваў. На мерапрыемстве прысутнічала таксама намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая.

У фармаце дыялогу ўдзельнікі нарады вызначалі перспектывы ўдасканалення ідэалагічнага, грамадзянскага і ваенна-патрыятычнага выхавання. Як заўважыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі, гэтаму напрамку ва ўстановах адукацыі заўсёды ўдзялялася павышаная ўвага.

— Зараз у рэгіёне функцыянуе 56 ваенна-патрыятычных клубаў, створаны абласны патрыятычны цэнтр і маладзёжны рух юных патрыётаў. Уся выхаваўчая работа вядзецца ва ўзаемасувязі з ваеннымі, афіцэрамі, духавенствам, — расказаў Андрэй Барысавіч.

Фрагменты арганізацыі сумеснай дзейнасці па выхаванні моладзі былі наглядна прадстаўлены на адпаведнай выставе. У частцы станаўлення ў вучняў пазітыўных адносін да ваеннай службы і гатоўнасці прыйсці на абарону суверэнітэту краіны ажыццяўляецца супрацоўніцтва з ваеннымі камісарыятамі і праваахоўнымі структурамі. Эфектыўнасць фарміравання ў школьнікаў ідэалагічных і грамадзянскіх арыенціраў забяспечвае патрыятычны цэнтр на базе Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча імя Я.Нікалаенкі. За перыяд бягучага навучальнага года цэнтр наведалі звыш 3,6 тысячы школьнікаў.

Значнае месца ў выхаваў­чым працэсе адводзіцца прыцягненню вучняў да захавання гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Сярод асноўнага і прымяненне рэгіянальнага кампанента. Педагагічныя калектывы перакананы: любоў да Радзімы пачынаецца з малога, таму матывуюць дзяцей на вывучэнне роднага краю. Істотным стымулам да такіх даследаванняў служыць маштабны рэгіянальны праект “#Мая_зямля_Прыдняпроўе”.

Актыўна працуюць ваенна-патрыятычныя клубы вобласці. Напрыклад, клубам “Перасвет” кіруе святар Сергій Лабада, які выхоўвае маладых людзей праз духоўнасць і далучэнне да праваслаўя. У сваім выступленні айцец Сергій засяродзіў увагу прысутных на тым, што патрыятызм пачынаецца не з умення валодаць зброяй. Важней тыя каштоўнасці, якія ўкладваюцца ў дзіцячыя душы і сэрцы. А яшчэ — сістэмнасць і бесперапыннасць працы.

Акцэнты ў размове былі зроблены на рэалізацыі дарожнай карты па выкарыстанні ў выхаванні моладзі патэнцыялу ДТСААФ. Пэўныя крокі ў гэтым кірунку ўжо здзейснены. У вучэбныя праграмы павышэння кваліфікацыі для кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні ўключылі пункты аб мэтах і задачах добраахвотнага таварыства, планамерна адбываецца стварэнне першасных арганізацый ДТСААФ у магілёўскіх установах адукацыі. У ходзе гутаркі былі абазначаны новыя вектары ў развіцці партнёрства.

Наогул на семінары неаднаразова адзначалася: выхаваўчая работа ў рэгіёне наладжана якасна, але незадзейнічаныя рэзервы ёсць. Выкарыстоўваць іх трэба праз кансалідацыю агульных намаганняў.

— Патрыятычнае выхаванне — адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Аднак плённая праца магчыма пры ўмове цеснага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з усімі дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі. Толькі разам і ўзгоднена мы зможам выхаваць патрыётаў сваёй Айчыны, — падкрэсліла Кацярына Пятруцкая.

Першаснай застаецца таксама адказнасць за выхаванне навучэнцаў педагогамі на месцах. Сёння кожны настаўнік павінен уносіць уклад у стварэнне ў навучальных установах спрыяльнай выхаваўчай прасторы, дзе любое дзіця зможа знайсці сябе і раскрыць свае здольнасці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара