Сінькевіч, Г. Рабіць складанае простым / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2024. — 23 ліпеня. — С. 15.
На міжпрадметнасці і ўзаемасувязі з жыццём будуе ўрокі настаўнік хіміі Георгій Папоў
Урокі настаўніка хіміі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Георгія Папова напоўнены доследамі, эксперыментамі, прыкладамі з навакольнай рэчаіснасці. Педагог перакананы: калі будаваць заняткі на міжпрадметнасці і ўзаемасувязі з жыццём, хімія будзе для вучняў не абстрактнай, а даступнай для ўспрымання навукай. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Цікавасць вучняў да прадмета шмат у чым залежыць ад настаўніка. Я сам скончыў наш ліцэй, і ў мяне былі цудоўныя выкладчыкі. Хімія прываблівала заўсёды, у маёй сям’і многія працавалі на хімічнай вытворчасці. Менавіта ў ліцэі я канчаткова зразумеў, што хачу звязаць з гэтай навукай прафесію. Будучы ліцэістам, упершыню паспрабаваў сябе ў ролі педагога. Стаўшы студэнтам МДУ імя А.А.Куляшова, бачыў сябе ў навуковай дзейнасці. А ўжо працуючы па размеркаванні, усвядоміў: мне ўсё ж бліжэй педагогіка, — паведаміў Георгій Аляксеевіч.
Сёння за плячыма Георгія Папова ўжо дзесяць гадоў стажу, восем з якіх ён раскрывае таямніцы хіміі навучэнцам 1-га ліцэя. За гэты час ён выпрацаваў сваю сістэму паспяховага навучання.
— Неардынарны, творча думаючы педагог. Ён шырока выкарыстоўвае на ўроках інавацыйныя сродкі навучання, робячы тым самым вучэбны працэс максімальна эфектыўным, — так характарызуе Георгія Папова дырэктар МДАЛ № 1 Пётр Шылаў.
У яго словах няма перабольшання, Георгій Аляксеевіч сапраўды ўмее захапіць навучэнцаў вучобай. У гэтым настаўніку дапамагаюць практыкаарыентаванасць урокаў, узаемасувязь хіміі з рэальным жыццём.
— Асноўная канцэпцыя маіх заняткаў — міжпрадметнасць. Хімія — не ізаляваная навука, яна ўсюды вакол нас. Заўсёды паказваю дзецям, як цесна звязана хімія з біялогіяй, фізікай, матэматыкай, геаграфіяй, гісторыяй. Гэта дазваляе фарміраваць у іх цэласную карціну свету. Тэмы часта тлумачу праз жыццёвыя прыклады, што робіць складаныя з’явы простымі для разумення. Урокі выбудоўваю самастойна, бо матэрыялы з падручніка — для вывучэння дома. У класе вучні павінны атрымаць больш інфармацыі, убачыць, што прадмет шырэйшы, чым старонкі вучэбнага дапаможніка. Пастаянна выкарыстоўваю праблемнае навучанне, бо ўпэўнены:
трывалымі будуць толькі тыя веды, якія дзеці здабылі самі, — расказаў Георгій Папоў.
На ўроках у Георгія Аляксеевіча пануе ідэальная дысцыпліна, усе вучні засяроджаны на выкананні заданняў. Пры гэтым заняткі напоўнены творчасцю і інтэрактывам.
— У мяне распрацавана дыдактычная канва да кожнага ўрока. Але настаўнік у нейкім родзе акцёр, а заняткі — своеасаблівы спектакль. Каб знайсці кантакт з аўдыторыяй, часам трэба адысці ад запланаванага, знайсці месца для імправізацыі. Тады і мэты будуць дасягнуты, і ўрок пройдзе на адным дыханні, дынамічна і цікава, — адзначыў Георгій Папоў.
Якасць навучання для Георгія Аляксеевіча ў прыярытэце. Але не меншую ўвагу педагог удзяляе выхаванню.
— Хімія любіць уважлівых і не церпіць нядбайнасці. У ходзе заняткаў у навучэнцаў фарміруюцца адказнасць, працавітасць, сумленнасць. Гэтыя якасці імкнуся развіваць і на пазакласных мерапрыемствах. Цяпер кірую 11 “К” класам. З вучнямі знаходзімся ў бесперапынным узаемадзеянні. Сустракаемся пасля ўрокаў і ў шосты школьны дзень, гутарым у сацыяльных сетках. Для мяне вучні роўныя, не вылучаю нікога і адкрыты для ўсіх. Таксама прытрымліваюся думкі, што настаўнік і класны кіраўнік — дзве зусім розныя ролі, якія нельга змешваць. Задача настаўніка — даць веды, а класнага кіраўніка — садзейнічаць станаўленню асобы вучня, — лічыць Георгій Папоў.
Важнае месца ў рабоце Георгій Аляксеевіч адводзіць падтрымцы адораных навучэнцаў. Акцэнт робіць на далучэнні вучняў да ўдзелу ў алімпіядным руху.
— Стараюся своечасова заўважыць здольнасці вучняў і дапамагчы ім раскрыцца. У падрыхтоўцы да алімпіяды няма нейкага ўніверсальнага рэцэпта. Карпатліва займаемся з дзецьмі не толькі ў будні, але і на канікулах, па выхадных. Падрабязна вывучаем тэорыю па ўсіх раздзелах хіміі, адточваем практычныя навыкі. З гэтага года адказваю за выступленне на заключным этапе алімпіяды каманды вобласці. Сумесна з метадыстамі распрацавалі алгарытмы работы, якія прыносяць значныя вынікі. Сёлета прадстаўнікі ўстаноў адукацыі Магілёўшчыны заваявалі 10 пераможных дыпломаў. У ліку прызёраў апынуліся двое маіх вучняў — адзінаццацікласнікі Андрэй Яфрэмаў і Эрык Каранькоў, — расказаў Георгій Папоў.
Усяго Георгій Аляксеевіч падрыхтаваў 15 пераможцаў трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды. Навучэнцы гэтага педагога паспяхова здаюць ЦЭ і ЦТ, многія выбіраюць хімію за аснову прафесіі.
— Вядомы хімік Дзмітрый Мендзялееў казаў: “Гордасць настаўніка — у яго вучнях”. Прытрымліваюся такога ж меркавання. Поспехі навучэнцаў лічу сваім галоўным педагагічным дасягненнем, — падкрэсліў Георгій Папоў. — Наогул праца прыносіць мне задавальненне. У нашым ліцэі створаны вельмі камфортныя ўмовы. Вядома, выкладанне аднімае шмат фізічных і маральных сіл, але гэтая стомленасць прыемная. Да таго ж у мяне ёсць крыніца перазагрузкі: у вольны час іграю на фартэпіяна, флейце, гітары, скрыпцы. Музыка дазваляе пазбегнуць прафесійнага выгарання. У мяне шмат планаў: хочацца захоўваць ліцэйскія традыцыі і прыўносіць у сістэму работы ўстановы новыя, сучасныя адукацыйныя падыходы.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара