Ганарыцца продкамі

Сінькевіч, Г. Ганарыцца продкамі / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 7 лютага. — С. 15.

Больш за 180 гадоў працуюць на ніве адукацыі прадстаўнікі сям’і педагога­-арганізатара сярэдняй школы № 21 Магілёва Юліі Маляванчанка. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пачатак дынастыі паклаў Уладзімір Паслаўскі — таленавіты педагог, які ўсё жыццё прысвяціў народнай асвеце, вучыў дзяцей і дарослых

— Каля вытокаў нашай педагагічнай дынастыі стаяў мой прадзед Уладзімір Міхайлавіч Паслаўскі. Таленавіты педагог — ён усё жыццё прысвяціў народнай асвеце, вучыў дзяцей і дарослых, — паведаміла Юлія Маляванчанка.

Лёс ва Уладзіміра Міхайлавіча выдаўся няпросты. Ён нарадзіўся ў пачатку мінулага стагоддзя ў сям’і святара, але пайшоў педагагічным шляхам.

— Дзяцінства прадзядулі прыйшлося на складаныя часы — рэвалюцыя, Першая сусветная і грама­дзянская войны… Але дзякуючы цязе да ведаў, ён змог атры­маць адукацыю і стаць настаўнікам. Для гэтага пераадолеў нямала цяжкасцей. Напрыклад, у школу ха­дзіў за некалькі кіламетраў па бездарожжы праз лясы і палі. Калі вучыўся ў педагагічным тэхнікуме, як сын святара быў выключаны. Але шукаючы справядлівасці, пра­дзядуля дабіўся аднаўлення і паспяхова скончыў вучобу, — расказала Юлія Сяргееўна.

У ходзе работы настаўнікам Уладзіміру Паслаўскаму таксама неаднаразова прыходзілася сутыкацца з цяжкасцямі. Да педагагічнай дзейнасці ён прыступіў у 1926 годзе ў сельскай школе каля горада Рэчыца Гомельскай вобласці.

— Тады настаўнікі кватаравалі пры школах. А сярод вучняў былі не толькі дзеці, але і непісьменныя дарослыя. Канікулы працягваліся не тры, а мінімум пяць месяцаў. Масава на заняткі вучні прыходзілі ў сярэдзіне кастрычніка, пасля завяршэння сельскагаспадарчых работ. А вясной усе зноў адпраўляліся працаваць. Прадзядуля пакінуў мемуары, якія зараз разбіраю. Там мноства цікавых фактаў. Асабліва шмат успамінаў прысвечана Вялікай Айчыннай вайне, — растлумачыла Юлія Маляванчанка.

Па яе словах, у чэрвені 1941-га Уладзімір Паслаўскі ўжо меў сям’ю. Дарэчы, за жонку ён узяў настаўніцу. Увесь перыяд ваеннага ліхалецця Ула­дзімір Міхайлавіч правёў на франтах, удалечыні ад родных і блізкіх. Змагаўся ў баях за абарону Масквы, быў начальнікам штаба асобнай роты палявога водазабеспячэння, вызваляў родную Беларусь, удзельнічаў ва ўзяцці Кёнігсберга.

Плённая праца Уладзіміра і Іраіды Паслаўскіх стала прыкладам для нашчадкаў: яны прывілі любоў да прафесіі настаўніка дзецям, унукам, праўнукам

— На Радзіму прадзядуля вярнуўся толькі ў верасні 1945-га, пасля завяршэння вайны з Японіяй. Тут яго чакалі сумныя весткі: загінула маці, малалетнія сын і дачка, без вестак прапалі браты. Але трэба было наладжваць мірны побыт, аднаўляць работу школы. Паслаўскія тады ўладкаваліся ў вёсцы Галынец Магілёўскага раёна. Адукацыйны працэс адразу пасля вызвалення ад акупацыі арганізавала прабабуля — Іраіда Васільеўна. А калі пра­дзед вярнуўся з фронту, перадала кіраванне навучальнай установай яму. Наогул у прабабулі і прадзядулі амаль па 40 гадоў педагагічнага стажу. Выкладалі яны ў асноўным на сяле: пачыналі на Гомельшчыне, пасля былі школы Магілёўскай вобласці, а скончылі настаўнічаць на Палессі — у Пінску. Пра­дзядуля з’яўляецца выдатнікам народнай адукацыі БССР, мае высокія ўзнагароды — ордэн “Знак Пашаны”, медаль “За працоўную доблесць”. Неаднаразова граматамі і падзякамі ўзнагароджвалася і прабабуля, — адзначыла Юлія Сяргееўна.

Плённая праца Ула­дзіміра Міхайлавіча і Іраіды Васільеўны стала прыкладам для нашчадкаў. Яны прывілі любоў да прафесіі настаўніка дзецям, унукам, праўнукам.

— Спачатку па слядах прадзядулі і прабабулі пайшоў іх сын Аляксандр. Пасля заканчэння педагагічнага вучылішча ён выкладаў фізкультуру і спевы ў школах Магілёўшчыны. Потым сканцэнтраваўся на музычнай адукацыі: працаваў у музычнай школе ў Мазыры, доўгія гады ўзначальваў такую ж навучальную ўстанову ў Пінску. Са светам музыкі дзяцей знаёміла і малодшая дачка Паслаўскіх — Вера. Усю сваю працоўную біяграфію яна была выкладчыкам па класе фартэпіяна ў розных школах Брэстчыны, — расказала Юлія Маляванчанка.

Настаўніцкая дынастыя Паслаўскіх працягваецца і сёння. Непасрэдна Юлія Сяргееўна прадстаўляе ўжо чацвёртае яе пакаленне.

— Трэцім звяном па працягу сямейнай справы стала цётка — Ірына Андрэеўна Хлебус. Яна і зараз працуе настаўніцай пачатковых класаў у Мінску. Мае бацькі не маюць дачынення да педагогікі. Аднак настаўніцкія гісторыі сваякоў аказалі на мяне істотны ўплыў. Пры выбары прафесіі ўзнікалі пэўныя развагі, але як толькі паспрабавала працаваць з дзецьмі — сумненні наконт прызначэння зніклі, — па­дзялілася Юлія Маляванчанка.

Усё паспяваць педагогу-арганізатару Юліі Маляванчанка дапамагаюць мэтанакіраванасць, адказнасць і дысцыплінаванасць — гэтым якасцям яе навучыў прадзядуля

Адметна, што першыя прафесійныя крокі Юлія Сяргееўна рабіла, працуючы з дашкольнікамі. Але на сваім месцы адчула сябе менавіта на пасадзе педагога-арганізатара.

 Мне падабаецца весці вучняў за сабой, накіроўваць іх актыўнасць і энергію ў карыснае рэчышча. Кожны школьны дзень дзяцей стараюся напоў­ніць яркімі падзеямі. Ра­зам з хлопцамі і дзяўчатамі мы крэатыўна адзначаем святочныя даты календара, ладзім конкурсы і спаборніцтвы, займаемся валанцёрствам. Рэгулярна праводжу разнастайныя грамадзянска-патрыятычныя мерапрыемствы. Павышаную ўвагу ўдзяляю прыцягненню навучэнцаў у маладзёжныя грамадскія аб’яднанні. У шэрагах акцябрат і піянераў школы амаль тысяча навучэнцаў. Пярвічка БРСМ у нас таксама даволі шматлікая, — падкрэсліла Юлія Маляванчанка.

У кабінеце Юліі Сяргееўны часта бывае не праціснуцца, тут пастаянна натоўп вучняў. Даверлівыя адносіны з дзецьмі педагог лічыць сваім галоўным дасягненнем. Каштоўныя для яе і перамогі навучэнцаў, раскрыццё іх здольнасцей.

— Працоўных клопатаў заўсёды вялікая коль­касць. Усё паспяваць дапамагаюць такія якасці, як мэтанакіраванасць, адказ­насць і дысцыплінава­насць. Гэтаму навучыў прадзядуля. Для яго педагогіка была не прафесіяй, а ладам жыцця, выбраным сэрцам. Гэтак жа да выкладання адносіліся і іншыя прадстаўнікі сям’і. У мяне самой падрастаюць дзеці, і яны неверагодна ганарацца сваімі продкамі. Вельмі спадзяюся, што наша педагагічная дынастыя працягнецца ў будучыні, — адзначыла Юлія Маляванчанка.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва Юліі Маляванчанка