Цімошык, Л. Мастацкая якасць магілёўскага паходжання / Ларыса Цімошык // Звязда. — 2025. — 10 красавіка. — С. 12.
У Магілёве плануюць стварыць пастаянную экспазіцыю мастакоў рэгіёна
Пра гэта паведаміў Яўген Белавусаў, намеснік дырэктара па мастацкай рабоце абласнога краязнаўчага музея імя Еўдакіма Раманава. Такая экспазіцыя дапамагла б зразумець, як творцы вобласці бачаць сёння Беларусь і край, у якім жывуць і працуюць.
Асаблівасць фондаў гэтага музея — збор беларускіх аўтараў, якія працавалі і працягваюць працаваць на магілёўскай зямлі. Прынамсі, тут распавядаюць пра знакамітую Магілёўскую школу гравюры XVІІ—XVІІІ стагоддзяў, якую стварылі Максім і Васіль Вашчанкі, пра манументальнае мастацтва ды іканапіс — першы абраз, які ідэнтыфікавалі па подпісе Пятра Еўсеевіча, належыць гэтай зямлі. Не забываюць значных аўтараў, як Уладзімір Баравікоўскі (ён ствараў фрэскі і іканастас Іосіфаўскага сабора), Юзафа Пешку, Сяргея Заранку, Вітольда Бялыніцкага-Бірулю. Аз грамадзянскага ўчынку Паўла Масленікава, які перадаў 125 сваіх мастацкіх твораў, пачаў развівацца абласны мастацкі музей, фарміравацца новыя калекцыі. Цяпер абласны краязнаўчы музей мае пагадненне аб супрацоўніцтве з магілёўскім аддзяленнем Беларускага саюза мастакоў, якое летась адзначыла 50-годдзе.
Аднак Магілёўская абласная арганізацыя гэтага саюза найменшая сярод іншых, у яе шэрагах — 33 чалавекі, адзначыла намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч на прэс-канферэнцыі, прысвечанай духоўнай спадчыне мастацтва Магілёўшчыны. Тут і цяпер жывуць вельмі актыўныя мастакі, прыклад — Валер Калтыгін, які каля 30 гадоў ладзіць бабруйскі міжнародны пленэр «Арт-жыжаль». Калі ідзеш па Магілёве, то разумееш, што гэта горад мастацтва — дзякуючы скульптурам Андрэя Вараб’ева, які тры тэрміны ўзначальваў абласную арганізацыю саюза мастакоў.
Цяперашні старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Антон Ціханавец лічыць, што ў шэрагі арганізацыі трэба прыцягваць больш моладзі, якая дэманструе высокі творчы ўзровень, таму ўбачыць работы маладых аўтараў можна на персанальных выстаўках, якія праходзяць на розных выставачных пляцоўках Магілёўшчыны, і нават у праектах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, у тым ліку тых, што прадстаўляюць нашу краіну за межамі.
Напрыклад, у тым, што беларуская мастацкая школа адрозніваецца ад расійскай, маглі пераканацца ў Вялікім Ноўгарадзе праз праект«Беларусь. Натхнёныя Радзімай», у якім тры ўдзельнікі з чатырох прадстаўлялі Магілёўшчыну. У Маскве на выстаўцы «Вясна, напоўненая святлом» былі прадстаўлены работы сучасных магілёўскіх мастакоў. У Мастацкім музеі імя Бялыніцкага-Бірулі дэманструецца яркі перасоўны праект «Беларускі народны: код нацыянальнай якасці», у якім змешчаны творы ўраджэнцаў Магілёўшчыны, народных мастакоў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Віктара Грамыкі, Паўла Масленікава, Натана Воранава… Аўтарам рэгіёна належаць творы, прысвечаныя ваеннай драме, і гэта тэма будучага праекта да 80-годдзя Перамогі, які павінен уразіць якасцю і адметнасцю мастацкіх выказванняў.
Ларыса ЦІМОШЫК.