Зігуля, Н. Кансалідацыя на мясцовым узроўні / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 10 красавіка. — С. 2.
У Магілёўскай вобласці праходзіць ІІ Рэгіянальны форум «Мясцовае самакіраванне: Ініцыятыва. Адзінства. Дзеянне. Вынік»
Форум сабраў тысячы людзей з мэтамі аб’яднаць намаганні грамадзянскай супольнасці і ўлады, паказаць найлепшыя практыкі і стварыць адкрытую пляцоўку для дыялогу. Яго ўдзельнікі — дэпутаты ўсіх узроўняў, прадстаўнікі выканаўчай улады, маладыя парламентарыі, студэнты, школьнікі, грамадскія дзеячы. Арганізатарамі форуму выступаюць Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў, аблвыканкам, абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Першыя мерапрыемствы форуму адбыліся яшчэ ў аўторак, ён будзе доўжыцца да канца тыдня. Удзел у цырымоніі адкрыцця ўзялі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль ІСАЧАНКА, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Сяргей НАЛІВАЙКА, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід ЗАЯЦ.
— Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка надае вялікае значэнне мясцоваму самакіраванню, таму што работа, якая праведзена ў нашай краіне за апошнія дзесяцігоддзі, датычыцца і дэпутатаў усіх узроўняў, у тым ліку мясцовых Саветаў, — падкрэсліў Леанід Заяц. — У нашай краі не больш за 12,5 тысячы дэпутатаў мясцовых Саветаў. Гэта сур’ёзная палітычная апора органам улады. Вынік работы органаў самакіравання залежыць ад камунікацыі як з уладай, так і з насельніцтвам. Чым лепш гэта ўзаемасувязь, тым больш дынамічна развіваецца тэрыторыя, на якой працуюць дэпутаты.
Пра стваральную сілу мерапрыемства выказаўся старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Ён агучыў, што адной з найважнейшых задач форуму з’яўляецца імкнен не зрабіць рэгіён прыкладам паспяховага мясцовага самакіравання, дзе кожны грамадзянін будзе адчуваць сябе пачутым і ўцягнутым у працэс вырашэння праблем.
У рамках форуму па ўсёй вобласці працуюць круглыя сталы, дыялогавыя пляцоўкі, адкрытыя ўрокі, інфармацыйныя гадзіны, праводзяцца інтэлектуальныя гульні. Тэмай канферэнцыі, якая адбылася ў першы дзень, стала размова пра дзяржаўную і рэгіянальную падтрымку грамадзянскіх ініцыятыў. На пасяджэнні прысутнічалі прадстаўнікі ініцыятыўных груп, чые праекты былі прызнаны найлепшымі і рэалізаваны пры падтрымцы мясцовай улады. На працягу шэрагу гадоў істотную дапамогу ў гэтым насельніцтву аказвае Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў.
— Той вопыт, які мы набылі ўпершыню ў 2024 годзе, рэалізаваўшы ініцыятыву з дзяржаўнай падтрымкай, стаў вызначальным, — адзначае дырэктар асацыяцыі Паліна ЦЕРАШКОВА. — Мы ўдзячныя ўсім, хто ўзяў на сябе адказнасць выступіць з праектамі, якія атрымалі адабрэнне і вялікі водгук у мясцовых жыхароў.
На думку сенатара, старшыні Магілёўскага аблсавета Аляксандра ГАРОШКІНА, вельмі важна і каштоўна тое, што народ сам выступае з ініцыятывамі.
— Людзі жадаюць зрабіць свае малыя населеныя пункты больш прывабнымі і камфортнымі для жыцця, — рэзюмуе ён. — Гэта выдатна, і ўлада будзе іх у гэтым падтрымліваць.
У Слаўгарадзе да форуму прымеркавалі пасяджэнне пастаяннай камісіі райсавета па сацыяльных пытаннях, дзе меркаваннямі абменьваліся дэпутаты, члены Маладзёжнага парламента, школьнікі. Акцэнт быў зроблены на ўзаемадзеянне пакаленняў, умацаванне патрыятычных каштоўнасцяў, абмен вопытам паміж моладдзю і прадстаўнікамі мясцовага самакіравання.
У Шклове разам з рэгіянальным форумам стартаваў IV Рэспубліканскі фестываль педагагічных ідэй і дасягненняў «На крылах творчасці». На базе гімназіі прадставілі інавацыйныя праекты, якія паспяхова ўкараняюцца ў адукацыйным працэсе.
Новаўвядзеннем стаў міжнародны тэлемост з 17 суб’ектамі Расійскай Федэрацыі.
— Сённяшнія рэаліі патрабуюць ад органаў мясцовага самакіравання не толькі выканання непасрэдных функцый па аказанні паслуг насельніцтву, але і праяўлення ініцыятывы, накіраванай на ўстойлівае развіццё тэрыторый, — звярнуўся да ўдзельнікаў тэлемоста старшыня аблсавета Аляксандр Гарошкін. — Мерапрыемствы, якія праводзяцца органамі мясцовага кіравання і самакіравання, дазваляюць забяспечыць кансалідацыю грамадства і сфарміраваць у жыхароў разуменне сваёй датычнасці да развіцця рэгіёна, уцягнуць моладзь у грамадска-палітычнае жыццё.
Прадстаўнікі расійскіх рэгіёнаў выказалі салідарнасць у правядзенні такой сумеснай работы. Як адзначыла старшыня Заканадаўчага Сходу Уладзімірскай вобласці Вольга ХАХЛОВА, мясцовае самакіраванне — гэта падмурак улады, яе базавы ўзровень, ад работы якога залежыць, як грамадзяне наогул успрымаюць уладу. Спікер нагадала, што сумесная работа расійскага рэгіёна з Беларуссю вядзецца ўжо больш чым 10 гадоў ва ўсіх сферах: будаўніцтве, ЖКГ, культуры, турызме і іншых.
Шмат надзённых пытанняў, звязаных з вырашэннем праблем у рабоце мясцовага самакіравання, роляй моладзі ў яго развіцці, узаемадзеяннем мясцовых Саветаў дэпутатаў з установамі адукацыі ў забеспячэнні ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці, будуць разгледжаны падчас работы тэматычных секцый. Больш падрабязна аб гэтым — у найбліжэйшым нумары «Мясцовага самакіравання».
Нэлі ЗІГУЛЯ.