Akute: «Паверце, мы не збіраемся спыняцца»

Жыгараў, Р. Akute: «Паверце, мы не збіраемся спыняцца» : [гутарка з гітарыстам магілёўскага гурта Akute Раманам Жыгаравым] / Р. Жыгараў ; гутарыла Алена Рулевіч // Рюкзак. — 2014. — № 5. — С. 41-45.

Гурт Akute даўно радуе слухачоў арыгінальнай, змястоўнай, глыбокай музыкай. Магчыма, трэкі музыкантаў ёсць і ў тваім плэйлісце? Не дзіўна, бо гэтыя песні сапраўды прыемна слухаць. Не менш прыемна вітаць сёння ў гасцях аднаго з удзельнікаў праекта — гітарыста Рамана Жыгарава.

Як з’явілася назва гурта і што яна азначае?

— Слова akute перакладаецца з нямецкай мовы як «востры», напрыклад востры боль ці вострае пытанне. Нам спадабаліся яго гучанне і сэнс, і мы вырашылі ўзяць такую назву.

— Як Вы самі можаце ахарактарызаваць сваю творчасць і музычную плынь, у якой працуеце?

— Мы называем сваю творчасць «дыскадэкадансам». Для нас гэта светлы сум. А па стылістыцы мы бліжэй да танцавальнага року ды індзі. У свой час мы ўсе гралі ў розных гуртах цяжэйшых напрамкаў, а ў Akute граем тое, што атрымліваецца, не зважаючы на лакальныя ці сусветныя трэнды.

— Ці згодныя Вы са сцвярджэннем, што творчасць патрабуе ад чалавека адвагі і па сваей прыродзе нагадвае бунт? Якія смелыя крокі даводзілася (ці даводзіцца) рабіць, каб гурт Akute развіваўся і заставаўся запатрабаваным?

— Творчасць — гэта вызваленне назапашанай энергіі, якую проста нельга ўтрымаць унутры. Смелым крокам для нас быў удзел у вялікай колькасці разнастайных конкурсаў сярод маладых гуртоў, каб толькі заявіць пра сябе, нягледзячы на тое, што маладымі музыкамі нас наўрад ці назавеш. У астатнім трэба проста сумленна займацца сваей справай, не зважаючы ні на што. Запатрабаванасць прыйдзе, калі творчасць гэтага вартая.

—Раман, аднойчы Вы, асноўны стваральнік тэкстаў песень Akute, вельмі вытанчана адзначылі: «Тэксты мае — у пэўным сэнсе «пераклады». Мне здаецца, што я перакладаю нейкі пустотны касмічны вецер на беларускую мову». Не плануеце ў будучыні перакладаць «космас» на іншыя мовы і чым увогуле выклікана рашэнне (адназначна, вельмі цудоўнае) спяваць выключна па-беларуску?

— Ведаеце, гэта не маё ўласнае рашэнне. Я нічога не выдумляю. Пераклад унутранага невядомага голасу атрымліваецца сам і толькі па-беларуску, то бок я не выбіраў, на якой мове спяваць. Гэта той самы космас зрабіў за мяне. А наконт іншых моў… я папросту не чую ўнутры сябе песень на гэтых мовах.

Тэксты Вашых песень рамантычна-касмічныя (калі можна так сказаць), нерэальныя, незямныя. У літаратуры таксама аддаеце перавагу фантастыцы? Кнігі якіх аўтараў Вам падабаюцца?

— Адразу назаву Уладзіміра Караткевіча! Далей паслядоўнасць не істотная: Барыс Акунін, Рэй Брэдберы, Жан-Поль Сартр, Джон Толкіен, Гарсія Маркес.

Ваша музыка ўжо гучала ў кінастужках («Вышэй за неба» Андрэя Курэйчыка; «Канікулы» Уладзіміра Казлова). Калі разглядаць сусветны кінематограф, ці можаце назваць фільмы, саундтрэкамі да якіх маглі б паслужыць кампазіцыі Akute? Які павінен быць змест і настрой гэтых фільмаў? Увогуле творчасць якіх рэжысёраў Вам падабаецца?

— Я люблю псіхалагічнае кіно кшталту «Доні Дарко». Думаю, мы б арганічна падышлі да гэтай стужкі. 3 рэжысёраў назаву Гільерма дэль Тора, Марціна Скарсэзэ і Пітэра Джэксана.

Ці ёсць у Вас куміры ў музычнай ці любой іншай сферы дзейнасці?

— Куміраў назваць цяжка. Ёсць людзі, якіх я паважаю за прафесійнасць працы. Гледзячы на іх, пачынаеш штурхаць сябе самога да больш высокіх стандартаў.

Якой Вы бачыце сучасную беларускую музычную прастору?

— Калі разглядаць беларускую музычную прастору як адбітак менавіта цяперашняга часу, то мне падаецца, што ўсё даволі добра — існуе шмат цікавых калектываў, прадстаўлены музычныя плыні на любы густ. Але я лічу, што не бывае поўнага штылю ці найвышэйшага ўздыму, — гэта няспыннае кола, якое проста рухаецца з пераменным поспехам.

У Вас ужо ёсць значная калекцыя ўзнагарод і званняў. Наколькі гэта важна для Вас? Ці працягнулі б Вы развіваць свой праект, калі б не адчувалі адабрэння з боку публікі і крытыкаў?

— Мы не працуем на ўзнагароды, але заўсёды прыемна падтрымка з боку неабыякавых людзей. Зрэшты, мы не звяртаем сур’ёзнай увагі на адабрэнне ці абурэнне. Пакуль мы самі застаемся незадаволенымі сваей працай, нічые меркаванні нічога не могуць зрабіць.

Ці любіце Вы падарожнічаць? Ці шмат у якіх мясцінах Беларусі бывалі?

— У мінулым годзе я інкогніта аб’ехаў усе абласныя гарады Беларусі. Патусаваўся, пагуляў, надыхаўся паветрам кожнай мясціны і магу сказаць, што наш народ, калі і падзелены, то вельмі ўмоўна. Насамрэч мы адзіны, добры і шчыры народ. Вельмі люблю Беларусь і беларусаў.

Ці ёсць краіны, апроч Беларусі, у якіх Вы маглі б жыць і пачуваць сябе ўтульна?

— Ёсць гарады, у якіх вельмі добра сябе адчуваеш, — гарады-казкі кшталту Рыгі, Вільні ці Львова. Але нашае жаданне заўсёды вяртацца дадому, у родны Магілёў, мацней за любыя «заморскія» дзівосы. Нават практычнае пытанне зручнасці пражывання ў тым жа Мінску ці Кіеве не стае больш важным за вяртанне дамоў.

Ці ёсць у Вас іншыя сур’ёзныя захапленні, акрамя музыкі?

— Музыка — гэта нашае жыццё. Хутчэй мы займаемся ўсім іншым па-за музыкай толькі як хобі, бо адчуваем сябе сапраўды жывымі, менавіта граючы, ствараючы, пішучы.

У адным з інтэрв’ю на пытанне «Кім Вы хацелі стаць, калі вучыліся ў школе?» СтасМытнік адказаў: «Хацеў быць не кімсьці, а проста як мой тата. 3 рок-музыкай і гітарай пазнаёміў ён, таму яго аўтарытэт дакладна паўплываў на мой жыццёвы выбар. Памятаю, як у дзяцінстве я скакаў з венікам, імітуючы ігру на гітары». Раман, ці ёсць у Вас пэўны рэцэпт самарэалізацыі: як маладому чалавеку, яшчэ школьніку, вызначыцца з прафесіяй і заняць свае месца ў жыцці?

— Магу сказаць, што сам маю даволі вялікі досвед розных прафесій — такі, што хутка скончыцца працоўная кніжка. Па спецыяльнасці я юрыст міжнароднага права. А рэцэпту самарэалізацыі няма. Мне падаецца, што жыццё само рана ці позна вынясе на патрэбную «хвалю эфіру».

Нядаўна выйшаў трэці студыйны альбом Akute. Якія далейшыя планы? Ці можаце ўжо зараз нечым заінтрыгаваць, здзівіць ці парадаваць сваіх паклоннікаў?

— Мы плануем зняць яшчэ некалькі кліпаў на свае песні і прыступіць да працы над наступным альбомам. Чаму не? А таксама, зразумела, канцэрты, канцэрты, канцэрты…

«Мне хацелася б дабіцца таго, каб Akute ўспрымаўся як частка сусветнай і мастацкайкультуры» — такую надзею Вы выказвалі ва ўжо адносна далёкім 2009 годзе. Раман, ці можаце сказаць, што за 5 гадоў гурт змог наблізіцца да гэтай мэты ці хаця б намацаць патрэбны шлях, які б змог да яе прывесці?

— У гурта даволі сур’ёзны фідбэк і гісторыя. Мы гралі з сусветнымі зоркамі і мясцовымі легендамі. Мы, нарэшце, запісалі трэці альбом і лічым яго першым, які сапраўды атрымаўся. I, паверце, мы не збіраемся спыняцца.

3 якім дэвізам ідзе па жыцці гурт Akute?

— Рабі тое, што падабаецца!

Дзякуй за размову! Поспехаў вам у творчай працы!