Герасiмовiч, А. Як увекавечыць спадчыну / Аляксандр Герасiмовiч // Веснiк Магiлёва. — 2010. — 15 апреля. — С. 5.
«Ай да Пушкін!..» — так і хочацца словамі вялікага паэта ўхваліць надрукаваную нядаўна ў «ВМ» прапанову гісторыка Ігара Пушкіна аб ушанаванні знакамітых магілёўцаў.
Далучаюся, бо «…неабходна распачаць новы праект-абмеркаванне: «Адновім супольна!.. (І.Пушкін). Толькі вось прапаноў шмат, а робіцца далей па прынцыпе: «Пагаварылі — дый годзе, а рабіць будзем такім чынам…»
Тут і ўспомніш час, калі вуліца Касманаўтаўтрохі «пабыла» праспектам імя былога 1-га сакратара Магілёўскага абкома КПБ Прышчэпчыка. Я ўважліва чытаю «Веснік Магілёва», з павагай стаўлюся да яго супрацоўнікаў, якія спрабуюць тым ці іншым чынам завастрыць увагу ўлады на актуальных пытаннях тапанімікі, да магілёўцаў, якія імкнуцца вырашыць многія праблемы нашай гісторыі і культуры.
Крыху больш за паўтара гады застаецца да 70-годцзя славутай абароны Магілёва. Добра, што сёння мы маем выдатны мемарыял «Буйніцкае поле». Але ж ёсць у нас і іншыя месцы для ўшанавання подзвігу абаронцаў і вызваліцеляў горада. Яшчэ да гэтага часу тамсям захаваліся рэшткі акопаў на ўзвышшы ад Машэкаўскіх могілак да чыгункі…
Нядаўна каля «Магілёўхімвалакно» устаноўлена памятная стэла. Якраз там, дзе ў ліпені 1941-га ваяваў адзін з палкоў 172-й дывізіі генерала Раманава. Аднак я не разумею, чаму такія памятныя месцы абавязкова трэба ўвекавечваць нейкімі збудаваннямі ці скульптурамі. Можа, лепш для пачатку ўсталяваць нешта прасцейшае, больш таннае, накшталт якой-небудзь пліты ці каменю з надпісамі — каму і чаму прысвячаецца. А з часам паставіць там нешта больш аб’ёмнае, грунтоўнае.
Прапанова. У канцы спуску з вуліцы Каралёва, ад Юбілейнага да моста, па баках ёсць два высокія ўзгоркі. Чаму б на адным з іх не ўвекавечыць подзвіг герояў 1941-га? А на другім паставіць легендарнага Машэку, бо менавіта тут некалі якраз і былі дзябранска-машэкаўскія лясы, а ўнізе — дняпроўскія паплавы. Раней Дняпро цёк намнога бліжэй да правабярэжнага лясістага ўзвышша.
Непадалёк ад гэтага месца працуюць некалькі немалых прадпрыемстваў, пачынаючы з завода «Электрарухавік». Іх калектывы маглі б дапамагчы ўсталяваць і добраўпарадкаваць памятныя месцы.
Наконт Машэкі. Невялікую, але прыкметную, пліту можна было б ўстанавіць у скверы каля будынку Ленінскага райвыканкама, там, дзе ўласна пачынаецца наша Машэкаўка, а побач — ажно тры Машэкаўскіх вуліцы.
Гісторык Аляксандр Агееў прапануе на бульвары Леніна паставіць помнік-бюст славутаму А.Дэмбавецкаму. Мне ж здаецца, што былы «губернатар» і Ленін насупраць адзін аднаго будуць выглядаць не вельмі лагічна. Лепш на гэтым месцы, перайменаваўшы бульвар, узвесці помнік-бюст ураджэнцу Магілёва Мікалаю Судзілоўскаму, першаму прэзідэнту сената Гавайскіх астравоў. Былы магілёўскі гімназіст, канешне, бываўтут, на колішнім Сянным базары, дзе зараз плошча Леніна… Тады і будуць у нас стаяць насупраціў два чалавекі з вялікай мэтай барацьбы за лепшую будучыню чалавецтва… Дэмбавецкаму ж трэба ў старым цэнтры ўстанавіць пакуль памятную дошку.
Аб іншым. Чаму нельга перанесці пліту Міронаву на прасценак магазіна «І/Ізумруд»? А то яе за аркай каля магазіна і не бачна. Назву «Сквер 40 год Перамогі», думаю, мяняць не трэба, бо гэты тапанім прыжыўся. Але было б зусім не лішнім узвесці тут, насупраць абласнога ўпраўлення КДБ, помнік Герою Савецкага Саюза разведчыку Льву Маневічу, як калісьці меркавалася. Нават у далёкай Японіі ёсць месца, дзе людзі аддаюць даніну павагі савецкаму разведчыку Рыхарду Зорге. А тут зямляк — з Чавус…
На пачатку вул. Першамайскай ёсць алея землякоў — Герояў Савецкага Саюза. Іх у нас больш за сто. Чаму б у рэканструяваным нядаўна скверы па вул. Міронава не зрабіць алею нашых поўных кавалераў ордэна Славы? Іх жа не больш дваццаці. Або ў двары гімназіі № 3 побач з вул. Ленінскай не стварыць памятную алею знакамітых выпускнікоў Магілёўскай мужчынскай гімназіі. Імёны некаторых з іх ёсць на новай мемарыяльнай дошцы, усталяванай нядаўна на сцяне старога будынка гэтай навучальнай установы.
Тэма ўвекавечвання памяці славутых землякоў — бясконцая. Не ўсё можна зрабіць хутка. То давайце ж пачынаць з простых, але прыкметных атрыбутаў. Прыйдзе час, і можна будзе зрабіць нешта больш манументальнае. Асабліва калі мець пэўны добры пачатак.
Такія мае прапановы пасля грунтоўнага знаёмства з артыкуламі А. Агеева ды I. Пушкіна па гэтай тэме.