Прыстань, брама i музей

Зiгуля, Н. Прыстань, брама i музей : у Магiлёве прэзентавалi канцэпцыю забудовы Пакроўскага пасада / Нэлi Зiгуля // Звязда. — 2016. — 7 чэрвеня. — С. 3.

Гэта адзін са старэйшых куточкаў горада, які пачаў актыўна развівацца ў XVI стагоддзі. Назву тапоніму дала Узнясенска-Пакроўская царква, якая калісьці тут размяшчалася. Пазней гэтую частку сталі называць яшчэ і Школішчам — бо ў ХVІІ стагоддзі тут узводзяцца драўляная халодная сінагога і ешыва — яўрэйская рэлігійная ўстанова адукацыі. Квартал паступова становіцца цэнтрам рэлігійнага яўрэйскага жыцця.

Безымянный-1

Зараз гэтае месца ў стадыі будаўніцтва — на тэрыторыі ствараецца гарадскі парк адпачынку, а побач вядзецца рэканструкцыя Дняпроўскага моста. Мясцовыя ўлады зацікаўлены, каб зрабіць гістарычны куточак ля Дняпра сапраўдным упрыгажэннем Магілёва.

Аўтарскі калектыў Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры дасканала вывучыў архіўныя матэрыялы і планы забудовы гістарычнага месца. Матыў — зрабіць яго як мага больш зручным для гараджан і цікавым для турыстаў.

У мінулыя стагоддзі прадмесце знаходзілася за межамі гарадскіх абарончых умацаванняў і сувязь з ім ажыццяўлялася праз браму. Сучасны яе варыянт ёсць і на эскізе распрацоўшчыкаў канцэпцыі. На погляд старшыні таварыства Антона Астаповіча, было б лагічна, каб падчас рэканструкцыі прылеглай да моста тэрыторыі зрабіць падземны пераход у выглядзе брамы. Па-першае, можна будзе адразу ж з плошчы Славы спусціцца да Дняпра, па-другое, гэта своеасаблівы напамін пра тую браму, якая тут калісьці была.

Што датычыцца самой тэрыторыі Пакроўскага пасада, то аўтары канцэпцыі прапаноўваюць падзяліць яе ўмоўна на тры часткі. Бліжэйшая да Дняпра, на іх погляд, падыходзіць для размяшчэння порта і прыстасаванай для адпачынку набярэжнай. Як варыянт, прапаноўваецца аднавіць цікавы па архітэктуры будынак партовага склада і адкрыць у ім музей воднага транспарту. Па суседстве (гэта частка № 2) няблага будуць глядзецца культавыя пабудовы. Узнясенска-Пакроўскую царкву, падмуркі якой былі тут знойдзены, ужо аднаўляюць. Калісьці Пакроўскі пасад упрыгожвалі касцёл у гонар святога Антонія і кляштар бернардзінцаў. Іх распрацоўшчыкі лічаць патрэбным таксама аднавіць. Трэцюю частку прапаноўваецца перадаць пад шэраговую забудову вышынёй не больш за 3 паверхі — жылыя дамы, аб’екты грамадскага харчавання, офісы і гэтак далей.

Канцэпцыя мае права на жыццё, лічаць магілёўскія гісторыкі. Ім спадабалася, што аўтары пастараліся захаваць гістарычную частку і добра спалучылі яе з сучаснымі патрэбамі горада. Засталіся пытанні, як гэта будзе стасавацца з іншымі будынкамі і як ва ўсё гэта «ўпішацца» парк.

Антон Астаповіч падкрэсліў, што прадстаўленая канцэпцыя — гэта не канчатковы варыянт. Для стварэння праекта неабходна правесці археалагічныя даследаванні і шэраг іншых працэдур. Пакуль зроблена інвентарызацыя таго, што на гэтым месцы ёсць на сённяшні дзень. Цяпер трэба думаць, як правільна гэта выкарыстаць. Наперадзе — разгляд канцэпцыі з больш вузкімі спецыялістамі.