Iмёны творцаў — у назвах вулiц

   Дуктаў, У. Iмёны творцаў — у назвах вулiц : [напярэдаднi III з’езда Саюза пiсьменнiкаў Беларусi : вынiкi працы за 5 гадоў] / Уладзiмiр Дуктаў // Лiтаратура i мастацтва. — 2016. — 25 лiстапада. — С. 4.

Калі яшчэ, як не падчас галоўнага форуму пісьменніцкай супольнасці, засяродзіцца на шматлікіх аспектах нашай літаратурнай дзейнасці? Айчынныя майстры мастацкага слова зрабілі шмат, яшчэ больш хочацца бачыць увасобленым у жыццё. Пра гэта і будзем адкрыта і грунтоўна выказвацца з трыбуны з’езда. А пакуль — пра асобныя моманты працы пісьменнікаў Магілёўшчыны.

Магілёўскае абласное аддзяленне СПБ працуе плённа. Кнігі сяброў абласной арганізацыі карыстаюцца попытам. У серыі «Магілёўшчына літаратурная» штогод выдаецца альманах «Прыдняпроўе». Хачу падзякаваць Выдавецкаму дому «Звязда», дзе выйшаў выпуск альманаха 2014 года.

 Творцы рэгіёна часта сустракаюцца з чытачамі. Сумесна з іншымі творчымі і грамадскімі арганізацыямі, установамі культуры і адукацыі штогод праводзім літаратурныя чытанні імя Максіма Гарэцкага, Аркадзя Куляшова, Аляксея Пысіна, Канстанціна Сіманава, Івана Чыгрынава. На малой радзіме Аркадзя Куляшова, Івана Чыгрынава, Алеся Пісьмянкова, у Касцюковіцкім раёне, тры гады запар, пачынаючы з 2013-га, праходзілі абласныя святы паэзіі, у межах якіх ладзяцца паэтычныя вечарыны, сустрэчы творцаў Магілёўшчыны і Мінска, іншых гарадоў краіны з чытачамі, літаратурныя конкурсы, прэзентацыі новых кніг сяброў СПБ. У межах літаратурнага календара «Юбіляры месяца» ў бібліятэках вобласці арганізаваныя кніжныя выстаўкі, чытацкія канферэнцыі і г. д.

Трывалыя сувязі ўсталяваліся ў абласнога пісьменніцкага аддзялення са Смаленскай абласной арганізацыяй Саюза пісьменнікаў Расіі. Сёлета, да прыкладу, сумесна правялі IV Міжнародны літаратурны конкурс, прысвечаны памяці Канстанціна Сіманава і 75-годдзю гераічнай абароны Магілёва падчас Вялікай Айчыннай вайны. Магілёўскае абласное аддзяленне цесна кантактуе з галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама. Творчыя стасункі наладжаны з Магілёўскай абласной арганізацыяй рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства “Веды”», абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна, абласным грамадскім аб’яднаннем «Рускі Дом», гарадскім аддзяленнем Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Рускае таварыства», гарадскім грамадскім аб’яднаннем «Рускае культурна-асветніцкае таварыства».

 Ёсць у нас і пэўныя літаратурныя дасягненні. Уладальнікам Рэспубліканскай літаратурнай прэміі «Залаты Купідон» за лепшы твор 2012 года (а гэта кніга нарысаў «Зямля Магілёўская», выдадзеная Магілёўскай абласной друкарняй імя Спірыдона Собаля) у намінацыі «Краязнаўства» прызнаны магілёўскі празаік Мікалай Барысенка, які сёлета стаў лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы твор публіцыстыкі» за кнігу «Эхо “Великой войны” в восточной Беларуси (1914 — 1918)». Заснавана літаратурная прэмія Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ, якой адзначаюцца аўтары лепшых кніг года і за важкі ўклад у літаратуру. Яе лаўрэатамі сталі паэты, празаікі і публіцысты Аляксандр Церахаў, Іван Пехцераў, Васіль Рагаўцоў, Мікалай Барысенка, Мікалай Давідовіч, Віктар Арцем’еў ды іншыя. Гэта прэмія носіць імёны выдатных беларускіх пісьменнікаў — Івана Чыгрынава, Аляксея Пысіна, Васіля Хомчанкі, Якуба Усікава, Алеся Пісьмянкова.

Дбаючы пра літаратурную змену, Магілёўскае абласное аддзяленне СПБ актыўна супрацоўнічае з літаратурнымі аб’яднаннямі, створанымі пры навучальных установах, установах культуры, рэдакцыях газет вобласці. Літаратурнымі аб’яднаннямі кіруюць сябры нашага пісьменніцкага аддзялення Марына Сліўко, Наталля Міхальчук, Аляксандр Церахаў (г. Магілёў), Мікола Мінчанка (г. Клімавічы), Мікола Падабед (г. п. Бялынічы), Мікола Салаўцоў (г. Чавусы). Шмат робіць Магілёўскае абласное аддзяленне СПБ для дапамогі маладым літаратарам: дзейнічае секцыя па рабоце з маладымі аўтарамі. Шмат месца аддае іх творам наш альманах «Прыдняпроўе». На літаратурнай старонцы абласной газеты «Магілёўскія ведамасці» мы змяшчаем творы маладых паэтаў і празаікаў. Творчасць пачаткоўцаў абмяркоўваецца на пасяджэннях савета пісьменніцкага аддзялення. Па выніках абмеркаванняў шэраг аўтараў рэкамендаваны для прыёму ў члены Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Імёны беларускіх пісьменнікаў носяць вуліцы, навучальныя ўстановы і ўстановы культуры. Пяць гадоў таму ў іх гонар заснаваныя спецыяльныя прэміі, якія ўручаюцца за папулярызацыю беларускай мовы: Бабруйскім гарвыканкамам — прэмія імя народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова, Касцюковіцкім райвыканкамам — прэмія імя народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава, Краснапольскім райвыканкамам — прэмія імя знакамітага паэта, заслужанага работніка культуры Беларусі Аляксея Пысіна. З узмацненнем дзяржаўнай падтрымкі стаўленне да пісьменніка ў грамадстве значна паляпшаецца. Магілёўскі гарадскі Савет дэпутатаў падтрымаў прапанову нашага пісьменніцкага аддзялення і назваў больш як дзясятак вуліц і завулкаў новага жылога мікрараёна абласнога цэнтра імёнамі беларускіх пісьменнікаў, якія лёсам і творчасцю былі звязаны з Магілёўшчынай. Ёсць сярод іх вуліцы Платона Галавача, Янкі Журбы, Васіля Каваля, Анатоля Сербантовіча, Эдуарда Валасевіча, Міколы Лук’янава. Клімавіцкі райвыканкам вырашыў прысвоіць раённай бібліятэцы імя паэта-земляка Івана Пехцерава.  На Магілёўшчыне добра ведаюць і любяць яго творчасць.

Шчыра дзякую газеце «Звязда» за праект «Глуша Адамовіча», які дзейсна спрыяе стварэнню музея аўтара «Хатынскай аповесці» на яго малой радзіме. Цыкл публікацый «Звязды» зрушыў з мёртвай кропкі працу па стварэнні музея Алеся Адамовіча «Вайна пад стрэхамі» ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна. Сёлета пры Бабруйскім райвыканкаме быў адкрыты разліковы рахунак на збор сродкаў для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей Алеся Адамовіча. Дарэчы, Магілёўскае абласное аддзяленне СПБ пералічыла на яго сабраныя за год членскія ўзносы.