Тарасава, М. Дзекабрысты на Магiлёўшчыне / М. Тарасава // Магiлёўская праўда. — 1984. — 16 сакавiка.
У 1862 годзе ў герцэнаўскім «Колоколе» з’явілася наступная заметка: «Магілёў. Пры назве гэтага горада павінен успомніць рускі свайго мучаніка МураўёааАпостала: калі яго закаванага прывялі перад Осцен-Сакенам, і калі Сакен пачаў шалець, умешваючы гучныя словы, то Мураўёў трасануў кайданамі ад стрымліваемага хвалявання, плюнуў на Сакена і павярнуўся да выхаду». Заметка гэта ўваскрашае трагічныя падзеі следства і суда над дзекабрыстамі, якія адбываліся ў нашым горадзе.
У Магілёве, у будынку, дзе да нядаўняга часу знаходзілася старая абутковая фабрыка, па вуліцы Першамайскай, размяшчаўся калісьці езуіцкі калегіўм. У 20-я гады XIX стагоддзя, пасля выгнання езуітаў, будынак перадалі ваеннаму ведамству. Тут былі размешчаны юнкерская ваеннаафіцэрская школа і афіцэрскае вучылішча для падрыхтоўкі афіцэраў генеральнага штаба і спецыяльныя войскі. 3 1816 па 1829 год тут жа размяшчаўся і штаб Першай рускай арміі.
Іменна сюды ў студзені 1826 года даставілі афіцэраў паўстаўшага Чарнігаўскага палка.
Чарнігаўскі полк, адным з батальёнаў якога камандаваў С МураўёўАпостал, паўстаў 29 снежня 1825 года, ужо пасля падзей на Сенацкай плошчы. На працягу некалькіх дзён мяцежны полк, на чале якога сталі Сяргей Мураўёў-Апостал і Міхаіл Бястужаў-Румін, рухаўся па ўкраінскай зямлі, спадзеючыся злучыцца з іншымі ваеннымі часцямі, дзе знаходзіліся аднадумцы. Надзеям гэтым не суджана было ажыццявіцца. З студзеня 1826 года пад вёскай Кавалёўкай, што не. падалёку ад Трылес, полк ва ўпор быў расстраляны ўрадавымі войскамі. Многія салдаты і афіцэры былі забіты і паранены. Цяжка паранены ў галаву Сяргей МураўёўАпостал разам з іншымі афіцэрамі чарнігаўцамі быў схоплены і дастаўлены ў Белую Царкву, а затым у Магілёў, у штаб Першай арміі.
3 4 па 18 студзеня 1826 года ў Магілёў прывазілі ўдзельнікаў паўстання. Падзеі тых памятных дзён і начэй уваскрашаюць успаміны былога юнкера Р. Філіпсона:
«Па калідоры… акружаныя чатырма вартавымі, ішлі трое арыштантаў у ланцугах, за імі жандарскі афіцэр, фельд’егер… На другі дзень і ў наступныя працягваліся такія ж прывады арыштантаў. Іх перабывала ў нас да 50». Памяшканні на другім паверсе ператварылі ў казематы. Чарнігаўцаў «утрымлівалі ў кайданах і з вялікай строгасцю: каля кожнага акна ў іх пакоях стаяў вартавы, без штыка і шомпала, а ў агульнай для двух пакояў пярэдняй сядзеў унтэр-афіцэр. Звыш таго было па вартавому на абодвух канцах калідора; па двары супраць, акон хадзілі тры вартавыя…».
13 студзеня ў Магілёў быў дастаўлены Мацвей Мураўёў-Апостал і, пасля папярэдняга допыту, адпраўлены ў Пецярбург.
15 студзеня сюды ж прывезлі параненага Сяргея Мураўёва Апостала і яго бліжэйшага сябра і саратніка Міхаіла БястужаваРуміна. Іх таксама дапыталі і раніцой адправілі ў сталіцу.
Праз Магілёў быў правезены ідэолаг і кіраўнік Паўднёвага таварыства Павел Іванавіч Песцель.
18 студзеня 1826 года загадам камандуючага Першай арміі ф. Осцен-Сакена ў Магiлёве была зацверджана камісія ваеннага суда над удзельнікамі паўстання. Пасяджэнні праходзілі з 1 лютага па 30 сакавіка ў актавай зале на другім паверсе вучылішча. Закаванымі ў кайданы прадсталі перад членамі камісіі афіцэры Чарнігаўскага палка. Сярод іх быў і Іван Іванавіч Сухінаў — адзін з ініцыятараў паўстання, актыўнейшы яго ўдзельнік. Ён камандаваў авангардам палка, які ўвайшоў у Васількоў. Пасля разгрому паўстання Сухінаву ўдалося ўцячы, аднак 15 лютага 1826 года ў Кішынёве ён быў арыштаваны.
Акрамя I. Сухінава, у Магілёве судзілі многіх чарнігаўцаў: В. Салаўёва, А. Мазалеўскага, А. Быстрыцкага і іншых.
Прыгавор магілёўскай ваенна-судовай камісіі прымушаў успомніць часіны сярэдневякоўя: чацвёра падсудных былі прысуджаны да чвартавання, трое — да адсячэння галавы, двое — да павешання, шасцёра—да вечнай катаргі. 12 ліпеня 1826 года па вышэйшай канфірмацыі пакаранне было аблегчана: Салаўёва, Су-хінава, Мазалеўскага, прыгавораных да чвартавання, асудзілі на вечную катаргу.
Дзекабрысты сустрэлі прыгавор дастойна. Да імператара дайшлі словы I. Сухінава, сказаныя ў Магілёве: «I ў Сібіры ёсць сонца!». Накіраваны на катаргу ў Зерэнтуйскі руднік Нерчынскага завода, Сухінаў не змірыўся са сваім лёсам. У маі 1828 года ён паспрабаваў уцячы з катаргі, а затым вызваліць сяброў. Але змова была раскрыта і I. Сухінава прыгаварылі да расстрэлу.
Паваротным пунктам у фарміраванні светапогляду будучых дзекабрыстаў стала, як вя-дома, вайна 1812 года, якая прывяла на палі баёў многіх з іх. У баях каля Астроўна, Салтанаўкі, Клясціц, пад Бабруйскай крэпасцю прымалі ўдзел С. Валконскі, М. Лунін, М. Арлоў, С. Трубяцкой, В. Нораў, I. Сухінаў і іншыя. За ўдзел ў пераправе цераз Бярэзіну і вызваленне Магілёва ад французаў быў узнагароджаны адной з вышэйшых узнагарод — залатой шпагай з надпісам «За храбрасць» С. Мураўёў-Апостал.
Адна з першых спроб звяржэння царызму звязана з Бабруйскай крэпасцю. У 1823 годзе вядомыя дзеячы Паўднёвага тайнага таварыства С. Мураўёў-Апостал і М. Бястужаў-Румін вырашылі ажыццявіць рэвалюцыйны пераварот ваенным шляхам у час царскага агляду войск. Змоўшчыкі мелі на ўвазе арыштаваць імператара, а затым узняць паўстанне ва ўсім Бабруйскім лагеры і, пакінуўшы надзейны гарнізон у крэпасці, рушыць на Маскву. Аляксандр I прыбыў пад Бабруйск 12 верасня 1823 года, аднак паўстання не адбылося: кіраўніцтва Паўднёвага таварыства палічыла падобны план нерэальным і дачасным.
У 1985 годзе споўніцца 160 гадоў з дня паўстання на Сенацкай плошчы. Веліч і крыштальная чысціня дзекабрыстаў, іх гераічная самаадданасць жывуць у душах і сэрцах нашых сучаснікаў. У многіх месцах Савецкага Саюза створаны музеі, прысвечаныя дзекабрыстам. быць думка, каб мець такі музей і ў Магілёве. I самае месца яму ў частцы будынка, дзе праводзіліся першыя допыты дзекабрыстаў.