Багайчук, У. Запрашэнне ў музей Шмiта / У. Багайчук // Магілёўскія праўда. — 1975. — 2 кастрычнiка.
Спаўняецца 84 гады з дня нараджэння Ота Юльевіча Шміта, Героя Савецкага Саюза, акадэміка. Да гэтай даты прызначана ўрачыстае адкрыццё музея яго імя ў Магілёўскім Палацы піянераў і школьнікаў.
Наш зямляк — чалавек незвычайнага таленту і здзіўляючага яркага лёсу. Усё, за што браўся Ота Юльевіч, ён рабіў бліскуча, выклікаў міжвольнае захапленне. Ён быў першым гімназістам і таленавітым студэнтам. У 25 год напісаў сваю першую навуковую манаграфію, якая была адзначана залатым медалём.
Пісаць пра Шміта —значыць расказаць пра лёс краіны, пра тых, хто разам з ім прайшоў праз арктычныя выпрабаванні, завіруху Паўночнага полюса і Ледавітага акіяна.
Гісторыя асваення Арктыкі складвалася з лёсу О. Ю. Шміта, В. I. Вароніна, Э. Т. Крэнкеля і іншых вядомых і безыменных нашых савецкіх людзей. Яны жылі клопатамі Радзімы, яе радасцямі і нягодамі. Настолькі ж яркай, як і ў Арктыцы, была навуковая дзейнасць Ота Юльевіча. Ён стварыў новую тэорыю аб паходжанні Зямлі і планет Сонечнай сістэмы, якая прынесла яму такі ж бліскучы поспех, як і палярныя экспедыцыі. Цяжкахворы Шміт да апошняга дня свайго жыцця працаваў на славу навукі і Радзімы.
Стваральнікі музея пабывалі ў месцах, дзе жыў, вучыўся і працаваў Ота Юльевіч, Хлопчыкі і дзяўчынкі сустракаліся з вучонымі, палярнікамі, лётчыкамі. I тыя пайшлі насустрач жаданням шукальнікаў. У адрас Магілёва ўжо некалькі год паступаюць унікальныя здымкі, дакументы, кнігі, пісьмы, асабістыя рэчы Шміта, успаміны аб ім.
Следапыты, збіраючы матэрыял аб сваім земляку, ведалі Ота Юльевіча як выдатнага вучонага і бясстрашнага пакарыцеля Арктыкі. Паглыбленае знаёмства, вывучэнне артыкулаў і рукапісаў з асабістага архіва вучонага, чытанне шматлікіх успамінаў аб ім дапамаглі адкрыць яшчэ адну яркую старонку біяграфіі Шміта. Цяпер даведаліся аб ім як выдатным педагогу і выхавацелю моладзі.
Зараз у фондах музея звыш 2.000 экспанатаў. Рэліквіі працягваюць паступаць. Нядаўна прафесар В. В. Радзіеўскі даслаў неапублікаваныя пісьмы О. Ю. Шміта і кнігі з аўтографамі акадэміка. Удзельнік чалюскінскай эпапеі, зараз віцэ-прэзідэнт Акадэміі мастацтваў СССР, народны мастак СССР Ф. П. Рашэтвікаў падарыў свае работы, выкананыя на «Чалюскіне» і ў «Лагеры Шміта».
Свае віншаванні прыслалі першыя Героі Савецкага Саюза, вучоныя, палярнікі, чалюскiнцы.