Афанасій П.

Афанасій П. (Пігарэвіч ?)

Амаль зусім невядома творчасць Афанасія П.

Подпіс Афанасія П. сустракаецца толькі на адной гравюры— на адвароце ліста 18 «Акафістаў» 1698 года. Затым гравюра была перадрукавана ў Трэфалагіёне 1748 года. Кнігі захаваліся вельмі дрэнна, таму подпіс, размешчаны ў левым ніжнім кутку ліста, прачытваўся рознымі даследчыкамі па-рознаму.

У 1890 г. выйшла кніга Ф. Жудро «Гісторыя магілёўскага Багаяўленскага брацтва», дзе прыводзіліся прозвішчы ўсіх мастакоў, якія працавалі ў друкарні. Пасля імя Афанасія П. аўтар у дужках піша прозвішча Пігарэвіч і ставіць пытальнік. Меркаванне гісторыка магілёўскага брацтва цікавае і заслугоўвае ўвагі.

Афанасій Пігарэвіч — адзін з нямногіх беларускіх мастакоў XVII ст., які пакінуў падпісаную работу — ікону Багамацеры, якая лічылася цудатворнай. Яна захоўвалася ў магілёўскай Багаяўленскай царкве і была адной з галоўных святынь манастыра. У час Вялікай Айчыннай вайны ікона згубілася і цяпер вядома па копіі, зробленай з яе ў 60-я гады XIX ст. Д. Струкавым.

Паводле легенды, першае цуда было зроблена іконай у час асады Магілёва польскімі войскамі гетмана Радзівіла зімой 1655 г. Паколькі прыкладна з гэтага часу ікона захоўвалася ў брацкай царкве, можна меркаваць, што напісана яна не пазней 50-х гадоў XVII ст.

У 1671 г. Афанасій Пігарэвіч маляваў евангелістаў і вобраз багамацеры, які быў вывешаны на вонкавай сцяне над уваходам у ратушу. Праз паўгода ікона была папсавана ў час буры, і Пігарэвіч па ўласнай ініцыятыве «отмалевал» яе нанава.

Новыя звесткі, выяўленыя намі ў прыходна-расходных кнігах магілёўскага магістрата за 1682—1692 гг., дазваляюць дапоўніць наша ўяўленне аб творчасці гэтага майстра.

Восенню 1681 г., праз 10 гадоў пасля стварэння іконы багамацеры для ратушы, Афанасій Пігарэвіч зноў паднаўляе яе. 5 кастрычніка за «отмалеване образу до ратуши» яму выдана 10 залатых, а ў канцы месяца за «малеване около иконы Пресвятое Бдцы в ратушу» — адзін залаты. Прасачыць лёс гэтай іконы далей немагчыма, аднак вядома, што ў 1699 г. яна яшчэ была на ратушы.

3 той жа крыніцы вядома, што Афанасій Пігарэвіч у 1681 г. распісаў балясіны, печ і евангелістаў (відаць, у ратушы). У наступным годзе ён атрымаў грошы за «резане и посребране ветрника», за «вырисование и за позолочене ветрника до брамы Мошковой».

Усё гэта гаворыць пра тое, што майстар валодаў рознабаковымі мастацкімі здольнасцямі. Не выключана, што ён займаўся і кніжнай графікай. Меркаванне, што Афанасій П., які выканаў гравюру для «Акафістаў» 1698 г., быў менавіта Афанасіем Пігарэвічам, на наш погляд, мае права на існаванне.

Гравюра была зроблена не пазней 90-х гадоў XVII ст., калі Афанасій Пігарэвіч яшчэ займаўся творчасцю. Апошняе ўпамінанне яго ў магістрацкіх кнігах адносіцца да лістапада 1692 г.

Імя Афанасій не адносілася ў той час да ліку шырока распаўсюджаных. Таму малаверагодна, каб у адзін і той жа час у Магілёве працавалі два мастакі па імені Афанасій і каб прозвішчы абодвух пачыналіся з літары П.

А. ПІКУЛІК.
Матэрыял сканаваны з часопіса «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі»,
1985. № 1. С. 34-35.