Мяркуюць, што…

Першую беларускую кнігу надрукавалі ў Магілёве за 13 гадоў да Скарыны?

Звесткі пра гэта ёсць у архівах Кіева-Пячорскай лаўры. Але яны могуць быць памылковымі.


Украінская даследчыца Святлана Кагамлык знайшла ў архівах Кіева-Пячорскай лаўры сведчанні існавання кнігі, выдадзенай у Магілёве яшчэ да таго, як Скарына выдаў першую кнігу ў Празе, пра што распавяла ў манаграфіі «Киево-Печерська Лавра. Світ православної духовності і культури».

Сёння вядома, што першую беларускую кнігу надрукаваў Францыск Скарына. Ёю быў «Псалтыр», выдадзены ў 1517 годзе ў Празе (Чэхія). Але рэестр з архіваў Кіева-Пячорскай лаўры сцвярджае, што ў XVIII ст. пры царкве Пакрову Прасвятой Багародзіцы ў сяле Ялоўка знаходзіўся «Апостал» магілёўскага друку 1504 года выдання.

Гэты рэестр, складзены манахамі ў 1736-1744 гг., уяўляе сабой спіс старадрукаваных кніг, што знаходзіліся ў бібліятэках манастыроў і цэркваў Лаўры.

Бацюкоў тлумачыць: на здымку можна пабачыць, што ўсяго ў адзначанай царкве мелася адзінаццаць кніг, кожная з якіх была атрыбутаваная па месцы і годзе выдання. Бачна таксама, што нехта ўжо звяртаў раней увагу на незвычайную пазіцыю – радок з указаннем верагоднага магілёўскага выдання быў падкрэслены, а побач невядомы прыпісаў ад сябе: «ого!».

Святлана Кагамлык, якая першай звярнула ўвагу на гэтую сенсацыйную звестку, сведчыць, што гэты эмацыйны подпіс быў пастаўлены не менш як стагоддзе-два таму. Але дакладна вызначыць гэта можна толькі з дапамогай экспертызы.

Бацюкоў адзначае, што найперш усё выглядае так, што гэтыя сведчанні памылковыя.

«Ніякай іншай інфармацыі, наколькі мне вядома, на гэты конт, пра існаванне гэтага выдання, няма, — распавёў ён «Нашай Ніве». — То гаварыць упэўнена пра існаванне выдання можна будзе толькі пры наяўнасці нейкай інфармацыі з іншых крыніц. А ідэальна – пры наяўнасці самой кнігі».

Тым не меней, у тыя часы на Магілёўшчыне тэарэтычна маглі надрукаваць першыя беларускія кнігі. «Ужо ў XV стагоддзі выйшлі першыя кірылічныя кнігі, — тлумачыць Бацюкоў. — Гэта самы росквіт Рэнесансу, і ментальнае ўспрыняцце сучаснікамі новай тэхналогіі было, хутчэй, за ўсё пазітыўнае».

***

Сёння мяркуецца, што еўрапейскі спосаб кнігадруку вынайшаў у 1440 годзе немец Іаган Гутэнберг: з металу ён вырабляў металічныя блокі-літары, што набіраліся ў радкі і з дапамогай адмысловага прэса адціскаліся на паперы. Першая тыпаграфія з’явілася ўжо ў 1460 годзе, новы спосаб стварэння кніг за пару дзясяткаў год распаўсюдзіўся па Еўропе.

Да таго друкаваць кнігі навучыліся ў Кітаі: самым раннім узорам кнігадруку ў свеце лічыцца ксілаграфічны (адціснуты на паперы з драўлянай гравюры) тэкст «Uṣṇīṣa Vijaya Dhāraṇī Sūtra», датаваны 704-751 гадамі нашай эры.

Францыск Скарына вядомы як беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. У Празе ў 1517-1519 гадах, затым у Вільні ў 1522-1525 гадах ён заснаваў уласныя тыпаграфіі, выдаў агулам 46 кніг рэлігійнай тэматыкі на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах. Першая тыпаграфія на тэрыторыі сучаснай Беларусі была заснаваная ў Брэсце ў 1559 годзе князем Мікалаем Радзівілам Чорным.

Аляксандр Арсёнаў