Старадрукаваныя кірылічныя выданні XVI–XVIII стагоддзяў
Прадмова
З часоў вынаходства кнігадрукавання кніга адыгрывала ўсё большую ролю ў развіцці чалавечага грамадства. Кнігадрукаванне надзяліла кнігу нябачанымі ў мінулым сацыяльнымі i культурнымі функцыямі. У ім увасобілася жывая сувязь працэсаў духоўнай творчасці з матэрыяльнай вытворчасцю, адбіліся заканамернасці грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага i культурнага развіцця. Дзякуючы новай тэхналогіі вытворчасці, аднатыпнасці тэкстаў, масавасці кніга стала найважнейшым элементам духоўнага жыцця, усё больш актыўна выкарыстоўвалася для развіцця нацыянальнай культуры, навукі, міжнародных культурных сувязей.
У помніках кніжнай пісьменнасці адлюстравана шматвяковая гісторыя Беларусі, яе ўклад у еўрапейскую і сусветную культурную спадчыну. Кнігадрукаванне ўжо на пачатку свайго існавання пашырала вузкія рамкі сярэдневяковых уяўленняў аб свеце, прама ці апасродкавана знаёміла насельніцтва Беларусі з дасягненнямі еўрапейскай i сусветнай культур, у лепшых сваіх творах несла святло ведаў i ідэі асветніцтва, гуманізму i адраджэння.
Старадрукаваная кніга з’яўляецца адным з асноўных відаў пісьмовых крыніц, неабходных для даследавання грамадска- палітычнага жыцця Беларусі ў эпоху феадалізму, многіх сфер духоўнай i матэрыяльнай культуры, грамадскай свядомасці.
Старажытная кніга, як i іншыя помнікі айчыннай культуры, знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
Апублікаваныя за апошнія дзесяцігоддзі зводныя каталогі старадрукаваных выданняў (рускай, украінскай, літоўскай, грузінскай кнігі i інш.) — важны этап на шляху да стварэння прац больш высокага інтэгральна-еўрапейскага ўзроўню.
Гэты раздзел прапанаванага зводнага каталога прысвечаны апісанню старадрукаваных беларускіх выданняў кірылаўскага шрыфту.
Гісторыя беларускага кнігадрукавання — важная частка агульнай гісторыі беларускага народа. Кірылічнае кнігадрукаванне было вядучым відам беларускага кнігавыдання. Друкарні,якія выкарыстоўвалі кірылаўскія шрыфты, выпускалі выданні на кніжнай славянскай, а таксама беларускай літаратурнай мове, ужывалі кірылаўскі алфавіт, традыцыйна ўласцівы значнай частцы славянскай пісьменнасці.
У канцы XV — пачатку XVI ст. з тэхналогіяй i майстэрствам кнігадрукавання прама ці ўскосна сталі знаёмы ўсе краіны Еўропы (Беларусь, якая была ў гэты час у складзе Вялікага княства Літоўскага, з 1569 г. амаль да канца XVIII ст. уваходзіла ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую). Культурнае жыццё ў краіне было ўскладнена грамадска-палітычнымі, сацыяльнымі, канфесійнымі супярэчнасцямі. Працэс распаўсюджвання кнігадрукавання быў звязаны з выспяваннем у Беларусі i Літве яго сацыяльных перадумоў, развіццём прадукцыйных сіл i вытворчых адносін. Сацыяльная актыўнасць розных пластоў грамадства, пэўны эканамічны i культурны ўздым i пашырэнне міжнародных сувязей садзейнічалі развіццю ўсіх форм кніжнай пісьменнасці. У станаўленні беларускага кнігадрукавання галоўную ролю адыгрывалі гандлёва- прадпрыемніцкія слаі гарадскога насельніцтва, мяшчане, якія падтрымлівалі ідэі развіцця нацыянальнай культуры, школьнай справы, асветы.
Узнікненне беларускага кнігадрукавання ў 1-й чвэрці XVI ст. звязана з дзейнасцю выдатнага гуманіста, асветніка, беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны (каля 1490 г. — не пазней 1551 г.). Першы этап кнігавыдавецкай дзейнасці Ф. Скарыны прайшоў у «славном месте Празском». Даўнія гандлёвыя i культурныя сувязі Чэшскага каралеўства i Вялікага княства Літоўскага, некаторыя асаблівасці духоўнага i грамадска-палітычнага жыцця Чэхіі (уплыў гусіцкай Рэфармацыі), а таксама прывілеі, якімі карысталася тут кнігадрукаванне (не заціснутае цэхавымі абмежаваннямі), аблягчалі арганізацыю новага кнігавыдавецкага прадпрыемства ў Празе.
Як і многія еўрапейскія першадрукары, Ф. Скарына пачаў сваю выдавецкую дзейнасць з кніг Бібліі. Яго выданні яскрава вылучаліся сваім рэнесансавым духам, гуманістычнай інтэрпрэтацыяй тэкстаў, імкненнем прыстасаваць кнігі да патрэб усіх слаёў беларускага «паспалітага» люду.
Асветніцка-гуманістычныя погляды Ф. Скарыны выразна праявіліся ў яго адносінах да свецкіх навук, кніжных ведаў, духоўных дасягненняў мінулага. У сваіх кнігах ён прапагандаваў неабходнасць шырокай гуманітарнай адукацыі, вывучэння сямі «вольных навук» (або «мастацтваў»), маральнага ўдасканалення, актыўнай асабістай i грамадскай дзейнасці «для посполитого доброго и розмножения мудрости, умения, опатрености, разуму и науки» (Другая прадмова да кнігі «Ісус Сірахаў», 1517).
У выказваннях i каментарыях Ф. Скарыны, у яго адносінах да кнігавыдавецкай, асветніцкай i палітычнай дзейнасці выяўляюцца яго грамадзянскія патрыятычныя пачуцці, імкненне ўсімі сіламі са- дзейнічаць духоўнаму развіццю свайго народа. Патрыятызм Ф. Скарыны арганічна спалучаўся з глыбокай павагай да іншых народаў, ix традыцый i звычаяў, культурнай i гістарычнай спадчыны.
Вядома, што ў Пражскай друкарні Ф. Скарына выдаў 23 або 20 кніг Старога запавету (з улікам таго, што кнігі Царстваў стваралі фактычна непадзельны комплекс). Аднак дакладна вызначыць усю яго прадукцыю, выдадзеную ў Пражскай друкарні, сёння няма магчымасці з-за розных гістарычных абставін, якія паўплывалі на лёс беларускіх палеатыпаў. Зусім упэўнена можна сцвярджаць толькі, што Ф. Скарына меў намер выдаць у Празе ўвесь збор Бібліі. Пра гэта сведчаць агульны загаловачны аркуш, падрабязная прадмова да ўсёй Бібліі, каментарыі да выдадзеных кніг. Пералічваючы падрыхтаваныя да друку кнігі, Ф. Скарына называў шэраг невядомых нам, не знойдзеных кніг — «Ездры», «Тавіф» i інш. «О сих всех книгах, — пісаў Ф. Скарына, — мною на руский язык ново выложеных и о именах их, ширей в предословиах, от мене на кожный роздельне положеных, выписано знайдеши». Пад «рускай» тагачаснай мовай Скарына разумеў перш за ўсё мову сваёй Айчыны.
Няма ніякіх звестак i пра тое, хто працаваў у Пражскай друкарні Ф. Скарыны ці ў той тыпаграфіі, якая па яго замовах выдавала яго кнігі. Шрыфты, ілюстрацыйны i арнаментальны матэрыял пражскіх выданняў Ф. Скарыны не маюць прамых паралеляў з вядомымі сёння чэшскімі i іншымі інкунабуламі i палеатыпамі канца XV — першых дзесяцігоддзяў XVI ст. Не выключана, што ў пражскай друкарні працавалі суайчыннікі Скарыны побач з чэшскімі майстрамі.
Праз некалькі год пасля пачатку сваёй кнігавыдавецкай дзейнасці Ф. Скарына пераехаў у Вільню — найбуйнейшы палітычны, эканамічны i культурны цэнтр, сталіцу Вялікага княства Літоўскага. У Віленскай друкарні Ф. Скарыны, арганізаванай у доме бурмістра Якуба Бабіча, былі надрукаваны «Малая падарожная кніжыца» (каля 1522 г.) i «Апостал» (1525 г.). Абедзве кнігі выйшлі ў рэдакцыі, набліжанай да моўных i рэлігійных традыцый беларускай i ўсходнеславянскай пісьменнасці. Аднак сваім сацыяльным прызначэннем i ў пэўнай ступені зместам яны адрозніваліся ад тых даволі рэдкіх твораў рукапіснага кніжнага майстэрства, якія распаўсюджваліся пераважна ў асяроддзі прывілеяваных слаёў грамадства. «Малая падарожная кніжыца» знаёміла розныя слаі беларускага насельніцтва з важным і надзвычай папулярным у Сярэднявеччы комплексам кананічных твораў з дадаткамі (Псалтыр з васледаваннем), які актыўна выкарыстоўваўся ў канфесійнай літургічнай і пазаслужбовай практыцы, школьнай адукацыі. Дадаткі знаёмілі чытачоў і слухачоў з некаторымі творамі грэка-візантыйскай кніжнасці, праваслаўнымі святцамі і інш. Асветніцкія тэндэнцыі Ф. Скарыны знайшлі яскравае адлюстраванне ў апублікаванай ім перспектыўнай зводцы пра сонечнае i месячныя зацьменні на 1523-1530 гг. Гэта — першы ва ўсёй усходнеславянскай пісьменнасці дакладны прагноз зацьменняў, якія традыцыйна лічыліся непрадказальнымі.
У «славном месте Виленском» Ф. Скарына шырэй, чым у Празе, удзельнічаў у непасрэднай дзейнасці друкарні, што адзначана ў яго выданнях фразамі «выложено и выбито», «выложены и вытиснены працею доктора Франциска Скорины» i г. д. У віленскіх выданнях выкарыстаны новыя гравюры, абноўлена большая частка арнаменту, з асаблівым майстэрствам выкананы вузкія «заставицы», дробныя ініцыялы з разнастайным дэкаратыўна-раслінным фонам, шырока ўжыты розныя формы набору ў канцоўках, удасканалена тэхніка двухкаляровага друку. Як адзначалі У. В. Стасаў і іншыя мастацтвазнаўцы, выданні Ф. Скарыны — сталыя, дасканалыя творы, яскравыя i своеасаблівыя мастацкім i друкарскім абліччам. Яны арганічна спалучалі ў сабе традыцыі беларускага мастацтва i пісьменнасці з назапашаным багатым вопытам еўрапейскага, у тым ліку славянскага, кнігадрукавання, развіваючы i ўзбагачаючы яго. Наватарскія мастацка-паліграфічныя рысы яго выданняў звязаны з усведамленнем мастацкай i грамадскай сутнасці друкаванай кнігі як з’явы сінтэтычнай, што патрабуе адэкватных форм выяўлення. Зручны паменшаны фармат (у чацвёртую і восьмую долю аркуша), шырокае выкарыстанне ілюстрацыйных гравюр, тытульных аркушаў, асаблівасці шрыфтоў, набору, арнаменту, каментарыі i глосы, уся ўнутраная архітэктоніка яго выданняў падпарадкаваны мэтам дэмакратызаваць i ўзвысіць кнігу, зрабіць яе эстэтычна прыгожай i ў той жа час зразумелай i даступнай «людем посполитым к пожитку».
У адрозненне ад еўрапейскіх гуманістаў эпохі Высокага Адраджэння, чые творы, як правіла, друкавалі прафесіяналы, Ф. Скарына сам ствараў рукапісы, вартыя друку, і ажыццяўляў ix выданне. Можна толькі здзіўляцца таму, на якім высокім узроўні i ў якія найкарацейшыя тэрміны былі вырашаны гэтыя задачы. Нягледзячы на адсутнасць спецыяльнай выдавецкай або рамеснай падрыхтоўкі i наладжаных шляхоў збыту, недахоп матэрыяльных сродкаў i процідзеянне кансерватыўных колаў, ён змог выдаць высокамастацкія, гарманічныя творы, якія на шмат стагоддзяў уперад прадвызначылі канчатковую перамогу друкарскага станка над рукапісным стварэннем кніг.
Друкарні, заснаваныя Ф. Скарынай у Празе i Вільні, адыгралі выдатную ролю ў сцвярджэнні прэстыжу друкаванай кнігі, у распаўсюджванні яе ў Беларусі і ў замежжы. Яны знаёмілі беларускае насельніцтва з вытворча-тэхналагічнымі асновамі кнігадрукавання, дэманстравалі высокія эстэтычныя якасці друкаванай кнігі i яе невычэрпныя духоўныя магчымасці. Выданні Ф. Скарыны, якія вызначаліся гуманістычнай, асветніцкай, дэмакратычнай накіраванасцю, сцвярджалі рэнесансавую культуру, садзейнічалі развіццю новых моўных працэсаў у беларускай літаратуры i пісьменнасці, фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці, пашырэнню культурных сувязей.
Пераемнікамі Ф. Скарыны ў беларускім кірылічным кнігадрукаванні былі нясвіжскія кнігавыдаўцы Сымон Будны, Мацей Кавячынскі, Лаўрэнцій Крышкоўскі. Духоўным кіраўніком Нясвіжскай друкарні ў пачатку 1560-х гг. быў Сымон Будны — буйны дзеяч рэфармацыйнага руху ў ВКЛ, гуманіст-асветнік, заснавальнік рацыяналістычных і філалагічных метадаў перакладу і тлумачэння кніг Святога Пісання.
Друкарня выпусціла некалькі кірылічных выданняў, з якіх да нашых часоў дайшоў толькі «Катэхізіс». Вырашальная роля С. Буднага ў падрыхтоўцы гэтага выдання падкрэслена ў аўтарскай прадмове, напісанай у Клецку 10 чэрвеня 1562 г. Нягледзячы на знешне традыцыйны змест кнігі, яна выходзіла далёка за рамкі звычайных аналагічных выданняў. Упершыню ў гісторыі беларускай пісьменнасці быў выдадзены твор, прызначаны перш за ўсё для дзяцей «мовы рускай» (у больш шырокім плане — для ўсяго беларускамоўнага насельніцтва Вялікага княства Літоўскага). Ён працягваў i развіваў асветніцкія i дэмакратычныя традыцыі Ф. Скарыны. Акрамя таго, гэта было першае выданне на беларускай мове на сучаснай тэрыторыі Беларусі.
У кнізе побач з пачатковымі царкоўна-рэлігійнымі звесткамі закраналіся актуальныя для таго часу сацыяльныя і канфесійныя праблемы, выкладаліся пэўныя пастулаты пратэстанцкай канфесіі.
Другое кірылічнае выданне Нясвіжскай друкарні — «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» — да нас не дайшло. Паводле сцвярджэння старца Арцемія, у гэтай кнізе, дасланай яму С. Будным, асабліва адчуваліся рысы антытрынітарскай ерасі. У ёй знайшлі далейшае развіццё рэфармацыйна-рацыяналістычныя погляды.
Сучаснікам i паплечнікам С. Буднага быў дробны беларускі шляхціч Васіль Амельяновіч Цяпінскі. З вялікай цяжкасцю яму ўдалося арганізаваць друкарню, на думку многіх даследчыкаў, на Полаччыне ў радавым маёнтку Цяпіна. Васіль Цяпінскі ўтрымліваў друкарню на свае сродкі, таму мог больш адкрыта выказваць свае погляды, вызначаць кірункі выдавецкай дзейнасці.
Друкарня В. Цяпінскага выпусціла «Евангелле», надрукаванае паралельна на дзвюх мовах — царкоўна-славянскай i беларускай, са шматлікімі вельмі цікавымі глосамі. Па філігранях i іншых адзнаках можна меркаваць, што кніга выдадзена ў 1570-я гг.
Найбольш адметная ў выданні прадмова В. Цяпінскага, вядомая толькі ў рукапісным выглядзе. У беларускай літаратуры i пісьменнасці таго часу гэта найбольш яскравае страснае выступленне ў абарону айчыннай культуры, беларускай і славянскай моў, супраць паланізатарскіх тэндэнцый, што абмяжоўвалі магчымасці духоўнага развіцця беларускага народа. Гонар i развітая нацыянальная самасвядомасць адчуваюцца ў словах В. Цяпінскага, калі ён гаворыць пра славутае гістарычнае мінулае «отчизны нашее», заклікае развіваць спадчыну роднай культуры як састаўной часткі культуры ўсіх славянскіх народаў «яко многокрот посторонние оучоные народы их мудрость моусели похвалять и овшем се от них оучить».
У 2-й палове XVI ст. у развіцці беларускага кнігадрукавання актыўна ўдзельнічалі рускі першадрукар Іван Фёдараў i Пётр Мсціславец. Асталяваўшыся ў мястэчку Заблудаў, яны выпусцілі ў 1569 г. «Евангелле вучыцельнае» — зборнік павучанняў i тлумачэнняў евангельскіх тэкстаў, куды былі ўключаны розныя творы візантыйскай, балгарскай, старажытнарускай пісьменнасці, у тым ліку «Слова на ўшэсце» Кірылы Тураўскага. У 1570 г. I. Фёдараў выпусціў «Псалтыр з Часаслоўцам», які шырока выкарыстоўваўся ў тыя часы таксама для навучання пачатковай грамаце. У Заблудаўскай друкарні, магчыма, працаваў вучань I. Фёдарава, мясцовы ўраджэнец Грынь Івановіч, потым вядомы майстар па вырабу шрыфтоў.
Выдавецкая дзейнасць I. Фёдарава i П. Мсціслаўца ў Заблудаве зрабіла значны ўплыў на далейшы лёс беларускага i станаўленне ўкраінскага кнігадрукавання, адначасова яны многае перанялі з вопыту кніжнага майстэрства i друкарскай справы на Беларусі. У выданнях Заблудаўскай друкарні шырока ўжываліся новая арнаментыка, буйныя фігурныя ксілаграфіі, з’явіўся тытульны ліст з выхаднымі звесткамі. Заблудаўскія выданні амаль у тоесным выглядзе неаднаразова перавыдаваліся ў віленскіх друкарнях брацтва, Васіля Міхайлавіча Гарабурды, братоў Мамонічаў. У сувязі з грамадска- палітычнымі ўмовамі, якія ўскладніліся пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай, а таксама хваробай пратэктара друкарні Рыгора Аляксандравіча Хадкевіча ў пачатку 1570-х гг. Заблудаўская друкарня спыніла сваю дзейнасць. I. Фёдараў пераехаў на Украіну, дзе арганізаваў друкарні ў Львове i Астрозе. П. Мсціславец з 1569 г. асталяваўся ў Вільні, куды быў запрошаны заможнымі беларускімі купцамі Мамонічамі для развіцця кірылічнага кнігавыдання.
Друкарня П. Мсціслаўца ў Вільні адрадзіла кірылічнае кнігадрукаванне праз паўстагоддзя пасля спынення выдавецкай дзейнасці Ф. Скарыны. У ёй выпускаліся манументальныя прыгожа аформленыя выданні, адметныя вонкавым выглядам i высокай культурай друку: шырокімі палямі, выразным паўустаўным
шрыфтам, багатым ужываннем кінавары, іншымі кідкімі элементамі мастацка-паліграфічнага афармлення. У выданнях П. Мсціслаўца выдатна, хоць i ў трохі ўскладненай манеры, выкананы ўсе фігурныя гравюры, буйныя дэкаратыўныя застаўкі старадрукаванага стылю.
У выніку намаганняў Мамонічаў, якія абмяжоўвалі самастойную дзейнасць кнігавыдаўца i імкнуліся перш за ўсё да камерцыйнай выгады, П. Мсціславец у 1577 г. быў вымушаны пакінуць друкарню. Сляды яго выдавецкай дзейнасці назіраюцца пазней у Астрозе.
Дзейнасцю Пятра Мсціслаўца i другога віленскага друкара Васіля Міхайлавіча Гарабурды (1580-я гг.) заканчваецца перыяд існавання прыватных беларускіх кірылічных друкарняў, заснаваных намаганнямі аднаго, у лепшым выпадку некалькіх універсалаў-друкароў, без арганізаванай падтрымкі шырокіх колаў беларускай грамадскасці. Выключэнне складае прывілеяваная друкарня Мамонічаў, якая атрымала магчымасць працягваць сваю дзейнасць дзякуючы кампрамісу выдаўцоў з урадам i уніяцкай царквою.
Друкарня Мамонічаў выпусціла першыя ў беларускім кнігадрукаванні кірылічныя выданні прававога характару: «Трыбунал» (1586 г.) i «Статут Вялікага княства Літоўскага» (1-е выд. — 1588 г.). У сваёй кнігавыдавецкай дзейнасці Мамонічы ўлічвалі патрэбы i культурныя традыцыі розных слаёў насельніцтва, ахвотна ішлі на ўкараненне друкарскіх новаўвядзенняў (напрыклад, курсіўнага шрыфту, які перадае графіку канцылярскага пісьма). Выданні, прызначаныя на продаж у Маскве, афармляліся інакш, чым тыя, што паступалі на ўнутраны рынак. Друкарня праіснавала да пачатку 1620-х гг., выпусціла звыш 50-ці кірылічных выданняў i больш за 35 польскіх лацінскім шрыфтам.
У адрозненне ад Расіі, дзе кірылічныя выданні ўяўлялі сабой ідэалагічна цэласны кірунак (да паяўлення раскольніцкіх), у Беларусі, Літве, на Украіне яны не былі так уніфікаваны, цэнтралізаваны i пераважна не карысталіся дзяржаўнай падтрымкай. Розныя друкарні, якія ўжывалі кірылаўскі шрыфт (г. зн. выпускалі прадукцыю, разлічаную галоўным чынам на беларуска-ўкраінскае насельніцтва), прытрымліваліся рознай канфесіянальнай (у пэўнай меры таксама сацыяльна-палітычнай i культурнай) арыентацыі. Найважнейшым кірункам у беларускім кірылічным кнігадрукаванні з канца XVI ст. становіцца брацкае кнігадрукаванне, што ўзнікла пад апекай шырокасаслоўных грамадскіх арганізацый беларускага насельніцтва (брацтваў), дзе сацыяльную аснову складала мяшчанства. Брацкія кнігавыдавецтвы адыгралі вялікую ролю ў развіцці розных сфер беларускай культуры, мовы, пісьменнасці. Выданні брацкіх друкарняў (творы Стафана i Лаўрэнція Зізаніяў, Лявонція Карповіча, Мялеція Сматрыцкага i інш.) выкарыстоўваліся ў ідэалагічнай i палітычнай барацьбе, у палеміцы з прадстаўнікамі каталіцкім і уніяцкім напрамкамі. Брацкія i звязаныя з імі кірылічныя друкарні (Віленская, Еўінская, Куцеінская, Магілёўская) садзейнічалі фарміраванню мастацкіх цэнтраў, адметных значнай своеасаблівасцю кнігавыдавецкага майстэрства. Мастакі i гравёры, якія супрацоўнічалі з брацтвамі, часта выконвалі i іншыя віды работ (жывапіс, складаная разьба па дрэве, метале i інш.), што садзейнічала ўзаемаўзбагачэнню i развіццю розных галін «артыстычнага» рамяства i мастацтва. У дзейнасці брацкіх друкарняў выразна адлюстраваліся эвалюцыя беларускага кірылічнага кнігадрукавання, пераемнасць традыцый выдавецкай дзейнасці Ф. Скарыны, В. Цяпінскага, I. Фёдарава, П. Мсціслаўца. У Віленскай i Еўінскай брацкіх друкарнях яшчэ ў 1-й палове XVII ст. выкарыстоўваліся (побач з іншымі) сапраўдныя дошкі Ф. Скарыны, яго віленскія застаўкі i значная частка ксілаграфічных ініцыялаў.
Асаблівай разнастайнасцю тэматыкі i мастацка-паліграфічнага афармлення выданняў вылучаецца першы перыяд у дзейнасці брацкіх друкарняў — да 1654 г. З 127-мі захаваных выданняў гэтага часу (уключаючы выданні, надрукаваныя пры падтрымцы брацтваў у Куцейне, Буйнічах, Мінску) 16 належаць да вучэбных (пераважна буквары i граматыкі), 12 — да палемічных i гісторыка-публіцыстычных, 16 — да панегірыкаў i «казанняў», 20 уяўляюць сабой так званыя «чэцці» i іншыя нелітургічныя выданні. Нямала выданняў прызначаліся для літургічных мэт.
Звыш 70% усіх кніг гэтага перыяду выйшла на славянскай і беларускай мовах (або славянскай у беларускай рэдакцыі), 25 выданняў — на польскай. Непасрэдна на тэрыторыі Беларусі брацкія друкарні не выпускалі кніг на польскай (тым больш на лацінскай) мове.
У канкрэтна-гістарычных умовах Беларусі мова i рэлігія былі істотнымі фактарамі, што ўплывалі на этнічную i духоўную агульнасць беларускага народа, а таксама на яго культурныя сувязі.
У выніку пагаршэння ўнутраных і знешнепалітычных умоў у 2-й чвэрці XVII ст. назіраецца перамяшчэнне галоўных цэнтраў кірылічнага кнігадрукавання з заходніх абласцей Вялікага княства Літоўскага ва ўсходнія — у Магілёў i Куцейна (каля Оршы). Адноснае пашырэнне атрымалі перасоўныя прыватныя друкарні, фактычна цесна звязаныя з брацтвамі. Актыўна дзейнічала найбольш вядомая з іх друкарня магілёўскага ўраджэнца Спірыдона Собаля. У 1620-я гг. ён заснаваў друкарню ў Кіеве, потым перавёз яе ў Беларусь, у 1637 г. прывёз вядомаму маскоўскаму друкару Васілю Бурцаву матрыцы для адліўкі шрыфтоў i іншыя друкарскія матэрыялы. У час ваенных падзей 1654-1667 гг. у Расію была дастаўлена Куцеінская друкарня. У 1676 г. яе маёмасць перададзена на Друкарскі двор у Маскве.
З 2-й паловы XVII ст. у беларускім кірылічным кнігадрукаванні настала паласа зацяжнога крызісу, абумоўленага агульным сацыяльна-эканамічным i палітычным крызісам Рэчы Паспалітай. У тэматыцы друкаваных кніг павялічылася ўдзельная вага літургічных выданняў. У гэты час практычна дзейнічала толькі адна брацкая друкарня ў Магілёве. Нягледзячы на зробленыя ў канцы XVII — пачатку XVIII ст. спробы палепшыць вонкавы выгляд выданняў (глыбокі друк з металагравюр), прылучэнне таленавітых гравёраў (Максім i Васіль Вашчанкі, Фёдар Ангілейка i інш.), мастацка- паліграфічнае афармленне выданняў у цэлым пагаршалася.
Адноснае развіццё ў гэты час атрымала уніяцкае кірылічнае кнігадрукаванне, цэнтр якога ў канцы XVII ст. перамясціўся з Вільні ў Супрасль. З 1-й чвэрці XVIII ст. Супрасльская друкарня мела манапольнае права на выданне літургічнай уніяцкай літаратуры новай царкоўнай рэдакцыі, што стварыла ёй спрыяльныя ўмовы, дазволіла пашырыць друкарню i выпускаць выданні вялікімі для таго часу тыражамі. Новы свецкі змест i змены вонкавага выгляду кнігі характарызуюць польскія і лацінскія выданні друкарні ў 2-й палове XVIII ст.
У XVIII ст. Магілёўская брацкая, Гродзенская каралеўская, Супрасльская i Віленская Троіцкая друкарні выпусцілі шэраг выданняў для раскольнікаў. На Беларусі ix пасяленні з’явіліся ў 2-й палове XVII ст., i стараверская абшчына зрабіла спробы наладзіць у беларускіх друкарнях выпуск раскольніцкай літаратуры паводле ўзораў рускіх «даніканаўскіх» выданняў. Стараверскія кнігі, многія з недакладнымі ці фіктыўнымі выхаднымі звесткамі, распаўсюджваліся таксама ў Расіі i на Украіне. На думку сучасных даследчыкаў, гэта — значная з’ява ў гісторыі беларускай «нізавой» дэмакратычнай літаратуры XVIII ст.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай кнігадрукаванне i выдавецкая справа ў Беларусі становяцца часткай агульнага гісторыка-культурнага працэсу, які развіваўся ў Расійскай імперыі.
У XVI-XVIII стст. на тэрыторыі Беларусі i Літвы акрамя кірылічных кніг, прызначаных для беларускага i ўкраінскага насельніцтва (гл. табліцу), публікаваліся таксама выданні на польскай, лацінскай i некаторых іншых мовах. Гэтыя выданні выпускаліся галоўным чынам рэфармацыйнымі друкарнямі (Брэст, Нясвіж, Лоск, Любча), каталіцкімі і уніяцкімі выдавецтвамі. Польскія выданні (пераважна палемічную літаратуру i панегірыкі) у 1-й палове XVII ст. выпускала Віленскае брацтва. Іншамоўныя выданні, якія адыгрывалі пэўную ролю ў грамадска-палітычным i духоўным жыцці Беларусі i Літвы, таксама складаюць аб’ект гістарычных i кнігазнаўчых даследаванняў. Яны не ўключаны ў дадзены каталог, таму што значную ix частку складаюць надзвычай рэдкія выданні, якія знаходзяцца ў замежных бібліятэках i не маюць задавальняючых бібліяграфічных апісанняў. Гэту задачу яшчэ давядзецца рашыць даследчыкам.
Старадрукаваныя выданні XVI-XVIII стст.
| п/п | Друкарня, выдавец або друкар | Месца | Час дзейнасці друкарні (па выхадных звестках апісаных выданняў) | Колькасць выданняў |
| 1. | Францыск Скарына | Прага, Вільня |
1517-1519, каля 1522-1525 | 1 (23)
2 (22) |
| 2. | Сымон Будны, Мацей Кавячынскі, Лаўрэнцій Крышкоўскі | Нясвіж | 1562 | 2 |
| 3. | Васіль Цяпінскі | Цяпіна (?) | 1570-я гг. | 1 |
| 4. | Іван Фёдараў, Пётр Мсціславец | Заблудаў | 1569 | 1 |
| 5. | Іван Фёдараў | Заблудаў | 1570 | 1 |
| 6. | Пётр Мсціславец у доме Мамонічаў | Вільня | 1575-1576 | 3 |
| 7. | Васіль Гарабурда | Вільня | каля 1580-1582 | 2 |
| 8. | Кузьма, Лукаш i Лявон Мамонічы | Вільня | 1583-1621 | 51 |
| 9. | Брацкая | Вільня
} Еўе |
1595-1652, 1693-1697, 1705 | 74 |
| 10. | Дамжыў Лютковіч | Мінск (?) | 1622 | 1 |
| 11. | Троіцкая | Вільня | 1628-1691-1767-1800 | 48* |
| 12. | Спірыдон Собаль | Куцейна,
Буйнічы, Магілёў |
1631 — канец 1630-х гг. | 13 |
| 13. | Іаіль Труцэвіч | Куцейна | 1636-1654 | 14 |
| 14. | Брацкая | Магілёў | пачатак 1640-х -1649, канец XVII — канец XVIII ст.
1693 — каля 1707 |
16 |
| 15. | Максім Вашчанка | Магілёў | 16** | |
| 16. | Без указання друкарні | Магілёў | пачатак XVIII ст. — 1761 | 9 |
| 17. | Супрасльская | Супрасль | 1690-я гады — канец XVIII ст. | 99 |
| 18. | Акадэмічная | Вільня | 1779, 1791 | 2 |
| 19. | Гродзенская (каралеўская) | Гродна | 1781-1795 | 29 |
| Усяго: | 384 | |||
| * Уключаючы віленскія выданні, якія выйшлі без указання друкарні ў апошняй трэці XVIII ст. i большасць якіх надрукавана ў Троіцкай друкарні.
** Уключаючы выданні, надрукаваныя Максімам Вашчанкам у друкарні Магілёўскага брацтва. |
||||
Выданні ў дадзеным каталогу апісаны (за рэдкімі выключэннямі) візуальна на аснове пераважна тых расійскіх і беларускіх бібліятэчных збораў, дзе па розных гістарычных прычынах найбольш поўна прадстаўлены беларускія старадрукаваныя кнігі. Выданні, якія былі нам недаступны ў час складання каталага, апісаны паводле фотарэпрадукцыйных матэрыялаў.
Пры складанні зводнага пераліку беларускай кірылічнай кнігі ўлічаны толькі захаваныя экзэмпляры выданняў (выключэнне — кніга «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам», выпушчаная С. Будным у Нясвіжы ў 1562 г., i некалькі іншых выданняў, агавораных у каталогу). Літаратурныя звесткі пра старадрукаваныя кнігі, якія да нас не дайшлі, у большасці выпадкаў маюць вельмі прыблізны характар i не адпавядаюць патрабаванням сучаснага бібліяграфічнага апісання. Многія з апісаных падобным чынам выданняў (напрыклад, кірылічнае выданне «Фрыноса» М. Сматрыцкага) на самай справе не існавалі, некаторыя выдадзены ў іншых друкарнях або ў іншыя гады.
У каталог уключаны старадрукаваныя кірылічныя кнігі, якія выйшлі з друкарняў, што дзейнічалі ў пэўны перыяд на тэрыторыі Беларусі (Нясвіж, Цяпіна, Куцейна, Магілёў, Гродна, перасоўныя друкарні Спірыдона Собаля i Дамжыва Лютковіча) i ў Вільні, сталіцы Вялікага княства Літоўскага. Акрамя гэтага, апісаны кірылічныя выданні Заблудаўскай (друкары I. Фёдараў i П. Мсціславец) i Супрасльскай друкарняў, якія размяшчаліся на тэрыторыі, што ўваходзіць цяпер у Падляскае ваяводства Польшчы. У каталог уключаны таксама выданні Пражскай друкарні Ф. Скарыны, якія далі пачатак беларускаму i ўсходнеславянскаму кнігадрукаванню. Асноўная прадукцыя гэтых варстатаў была прызначана для беларускага насельніцтва. Выдавецкая дзейнасць беларускіх друкароў, якія працавалі ў XVI-XVII стст. за межамі Беларусі дастаткова поўна ўлічана ў каталогах старадрукаваных кірылічных выданняў, што выйшлі ў Расіі i на Украіне.1
1 Зернова А. С. Книги кирилловской печати, изданные в Москве в XVI-XVII вв.: Сводный каталог. — М., 1958; Петров С. О., Бирюк Я. Д., Золотарь Т. П. Славянские книги кирилловской печати в Государственной публичной библиотеке УССР. — Киев, 1958; Украинские книги кирилловской печати XVI-XVIII вв.: Каталог изданий, хранящихся в Государственной библиотеке СССР им. В. И. Ленина, В. 1 /Сост. Т. Н. Каменева, А. А. Гусева. — М., 1976.
Апісанне складаецца з наступных частак:
I. Бібліяграфічная характарыстыка; II. Месца захавання (паказальнік бібліятэк, архіўных збораў, музеяў); III. Бібліяграфічныя спасылкi
I. Найбольш разгорнутым раздзелам апісання з’яўляецца бібліяграфічная характарыстыка. У цэлым яна адпавядае агульнапрынятай на сучасным этапе методыцы апісання старадрукаваных кірылічных выданняў. Некаторыя асаблівасці абумоўлены пераважна мэтавым прызначэннем каталога. У параўнанні з большасцю апублікаваных раней каталогаў унесены наступныя дапаўненні: паказваецца фармат паласы набору (без вынасных элементаў i надрадковых знакаў), размяшчэнне гравюр у выданні; апісваецца змест кнігі з паказам пагінацыі (раздзелаў або частак). Спрошчана некалькі элементаў апісання, якія выклікаюць пэўныя цяжкасці пры ідэнтыфікацыі дэфектных экзэмпляраў у невялікіх кніжных зборах: знята сшыткавая частка формулы (за выключэннем асабліва рэдкіх выданняў, у якіх адсутнічае пагінацыя) i не паказваецца колькасць дошак арнаменту. Такім чынам, бібліяграфічная характарыстыка выданняў уключае 8 частак: 1. Імя i прозвішча аўтара (у транскрыпцыі, прынятай у кніжнай славянскай i ўсходнеславянскай пісьменнасці), уніфікаваная назва кнігі. 2. Месца выдання, друкарня, год выхаду. Калі паказаная ў выданні дата яўна не адпавядае сапраўднасці, яна бярэцца ў двукоссе; выхадныя звесткі (дата, месца выдання, друкарня), вызначаныя ўскосным чынам (паводле бібліяграфічных крыніц, мастацка-паліграфічных асаблівасцей, пасхаліі), паказваюцца ў дужках. 3. Назва кнігі паводле тытульнага аркуша. Пры адсутнасці тытульнага аркуша, што часта здаралася ў выданнях Мамонічаў, прызначаных для распаўсюджвання ў Рускай дзяржаве, i ў раскольніцкіх кнігах, даюцца выхадныя звесткі, калі яны ёсць у пасляслоўі. Значная частка стараверскіх выданняў мае больш раннія даты ў параўнанні з сапраўдным часам выхаду, a асобныя выданні, магчыма, нават надрукаваны ў іншых друкарнях. Паколькі даследаванні стараверскіх выданняў у поўным аб’ёме ў бібліяграфіі не зроблены i ўлічваючы патрэбы практычнага выкарыстання каталога, большасць апісанняў гэтых выданняў размешчана адпаведна фармальным выхадным звесткам. Даты, надрукаваныя ў кірылічных беларускіх выданнях паводле візантыйскай сістэмы летазлічэння, дадзены ў апісанні ў сучаснай сістэме летазлічэння (паводле грыгарыянскага календара). 4. Фармат выдання паказваецца ў долях друкаванага аркуша: 2° (фоліо), 4° (кварта), 8° (актава) i г. д. 5. Фармат паласы набору вымяраецца ў міліметрах (вышыня — шырыня), далей паказваецца колькасць радкоў на старонцы (без уліку калонтытулаў i кустод) i памер шрыфту па вышыні дзесяці радкоў (гэтыя звесткі прыводзяцца паводле аднаго з пашыраных варыянтаў, што ёсць у выданні). 6. Адзначаюцца наяўнасць сігнатур i кустод, асаблівасці пракату (у адну ці дзве фарбы), размяшчэнне пагінацыі, колькасць аркушаў або старонак (памылкі, зробленыя ў пагінацыі, ненумараваныя або дадатковыя чыстыя аркушы ў агульную колькасць аркушаў не ўваходзяць i ў апісанні не ўлічваюцца). 7. Склад выдання паводле зместу з паказам пагінацыі. 8. Арнамент, ініцыялы i застаўкі апісваюцца выбарачна; вялікія гравюры ўлічваюцца па магчымасці поўнасцю; фіксуюцца тып гравюры (ксілаграфія ці гравюра па медзі), памер, размяшчэнне яе ў кнізе, коратка вызначаецца сюжэт, адзначаюцца подпісы гравёраў, ініцыялы, даты.
II. Спасылкі на месцы захавання прыводзяцца выбарачна, з мэтай пацвярджэння сапраўднага існавання кнігі. Месца захавання апісанага ў каталогу экзэмпляра (без паказу варыянтаў выдання і асаблівасцей іншых экземпляраў) стаіць першым у спасылках; пры гэтым адзначаецца бібліятэчны шыфр або інвентарны нумар кнігі.
III. У бібліяграфічных спасылках скарочана паказаны асноўныя каталогі i апісанні старадрукаваных кніг, а таксама кнігазнаўчыя даследаванні ў храналагічным парадку: прозвішча аўтара або складальніка, год публікацыі, парадкавы нумар выдання ці старонка ў адзначанай працы. Спіс выкарыстанай літаратуры i скарачэнняў прыведзены ў канцы каталога.
Апісанні размешчаны ў храналагічным парадку выхаду выданняў. Апісанні некалькіх выданняў, якія выйшлі ў адзін год, даюцца ў алфавітным парадку уніфікаваных назваў. Выданні, датаваныя прыблізна, у шырокім храналагічным дыяпазоне (напрыклад, Статут Великого княжества Литовского, Вильно, тип. Мамоничей, 1588, 2-е изд., ок. 1592-1593 гг.), апісваюцца паводле больш позняй даты. Такім жа чынам выданні, якія выйшлі ў пэўныя дзесяцігоддзі (напрыклад, у 1620-я, 1650-я, 1680-я гг. i г. д.), апісваюцца пасля выданняў, што маюць больш дакладную дату выхаду.
У дадатку прыведзены кароткія звесткі аб кірылічных выданнях, надрукаваных на Беларусі грамадзянскім шрыфтам у XVIII ст.
Астатнія асаблівасці каталога не патрабуюць спецыяльных тлумачэнняў. Гэты раздзел каталога забяспечаны чатырма дапаможнымі паказальнікамі: імянным (акрамя аўтараў бібліяграфічных i кнігазнаўчых работ); назваў; выданняў паводле месца і часу выхаду, друкарняў, друкароў; геаграфічным.
Г. Я. Галенчанка