Выданні на беларускай мове. XIX – пачатак XX стагоддзя
Прадмова
Уз’яднанне Беларусі з Расіяй (1772–95 гг.) мела вялікае прагрэсіўнае значэнне для беларускага народа, стварыла спрыяльныя ўмовы для распаўсюджання на Беларусі дасягненняў рускай культуры. Развіццё капіталістычных адносін у 1‐й палове ХІХ ст. садзейнічала працэсу пераўтварэння беларускай народнасці ў нацыю. Аднак і ў ХІХ ст. беларускі народ пакутаваў ад сацыяльнага і нацыянальнага ўціску, што выклікала яго незадаволенасць і супраціўленне. Антыфеадальная барацьба цесна перапляталася з нацыянальна‐вызваленчай. ХІХ – пачатак ХХ ст. – час станаўлення новай беларускай літаратуры. У пачатку ХІХ ст. беларуская культура знаходзіла сваё яскравае праяўленне ў багатым жанрамі фальклоры. У ім народ выказваў сваё светаадчуванне, сваё паняцце аб прыгожым і лютую нянавісць да прыгнятальнікаў. У сувязі з забаронай царскім урадам друкаванага беларускага слова беларускія творы часцей распаўсюджваліся ў спісах або выдаваліся падпольна; шэраг кніг быў выдадзены ананімна. Па жанры гэта былі пераважна «Гутаркі». Ужо ў 1820‐я гг. была створана парадыйная паэма «Энеіда навыварат», крыху пазней – паэма «Тарас на Парнасе». Абедзве яны былі вельмі папулярныя сярод беларускага насельніцтва, хоць доўгі час распаўсюджваліся спісамі. Пра іx аўтарства даследчыкі не перастаюць спрачацца да сённяшняга дня. Вялікі ўплыў на развіццё рэвалюцыйнага руху на Беларусі рабілі рускія рэвалюцыйныя дэмакраты (В. Бялінскі, А. Герцэн, М. Чарнышэўскі) і прадстаўнікі польскага нацыянальна‐вызваленчага руху. У 1830‐я гг. мастацкія творы на беларускай мове пачалі з’яўляцца ў рускім і польскім друку. Большасць беларускіх пісьменнікаў 1840‐х гг. (В. Дунін‐Марцінкевіч, Я. Чачот, Т. Зан, Я. Баршчэўскі, А. Рыпінскі і інш.) пісалі і на беларускай, і на польскай мовах. У 1‐й палове ХІХ ст. зарадзілася навуковае беларусазнаўства, з’явіліся працы па гісторыі, этнаграфіі і фальклору беларускага народа. У гэты час у рускім друку неаднаразова выказвалася думка пра тое, што Беларусь – самы забіты край, а беларусы – самы адсталы народ у Расійскай імперыі. У абарону беларускага народа ў 1860 г. выступіў М. Дабралюбаў: «Цэлы край так вось узялі ды і забілі – як бы не так!.. Ва ўсякім разе, пытанне пра характарыстыку беларусаў павінна хутка быць растлумачана працамі мясцовых пісьменнікаў. Паглядзім, што яшчэ скажуць самі беларусы»1. І беларусы загаварылі. Шчыра і смела выказаў свае рэвалюцыйна‐ дэмакратычныя погляды Кастусь Каліноўскі, які ўзначаліў паўстанне 1863–64 гг. супраць самадзяржаўя. Ён выдаў 7 нумароў газеты «Мужыцкая праўда» – аднаго з першых перыядычных выданняў на беларускай мове. У сваіх палымяных адозвах Каліноўскі заклікаў беларускі народ да ўзброенага паўстання. Па прыгавору царскага суда К. Каліноўскі быў павешаны ў 1864 г. Вялікім спачуваннем працоўнаму беларускаму народу былі прасякнуты творы В. Дуніна‐Марцінкевіча, які выступіў у літаратуры ў 1840‐я гг. Ён пісаў пра нялёгкі лес сялянства, адстойваў нацыянальныя правы беларусаў. У перыяд паўстання 1863–64 гг. ён дастаткова выразна выказаў сваю спагаду паўстанцам, за што неаднаразова арыштоўваўся і цярпеў ганенні з боку царскіх улад, а потым быў аддадзены пад строгі нагляд паліцыі. Сярод пісьменнікаў Беларусі былі і непасрэдныя ўдзельнікі паўстання 1863–64 гг. Малады ў той час паэт Францішак Багушэвіч змагаўся ў адным з паўстанцкіх атрадаў, якімі кіраваў К. Каліноўскі. Ажыўленне ў літаратурным асяроддзі, што настала напярэдадні і ў час паўстання, працягвалася нядоўга. Пасля задушэння паўстання ў грамадскім жыцці Беларусі і літаратуры пачаўся застой. Многія пісьменнікі, якія ўдзельнічалі ў паўстанні ці былі звязаны з ім, знаходзіліся на катарзе і ў ссылцы. Тыя, што засталіся на волі, не маглі друкавацца з‐за адсутнасці беларускага перыядычнага друку і з‐за жорсткай цэнзуры. Таму творы, напісаныя ў перыяд разгулу рэакцыі, заставаліся ў рукапісах (камедыі «Пінская шляхта», «Залёты» В. Дуніна‐ Марцінкевіча, вершы В. Каратынскага, Ф. Савіча і інш.). Толькі ў 1880‐я гг. пачалося новае ажыўленне грамадскай думкі, звязанае з прыходам у літаратуру групы пісьменнікаў‐дэмакратаў – Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча, А. Абуховіча, якія канчаткова замацавалі ў беларускай літаратуры кірунак крытычнага рэалізму. Самым таленавітым беларускім пісьменнікам 2‐й паловы ХІХ ст. быў Ф. Багушэвіч (1840–1900 гг.). Яго творчасць адыграла вялікую ролю ў далейшым развіцці беларускай літаратуры. Паралельна з дэмакратычным развіваўся і ліберальны кірунак у беларускай літаратуры і навуцы (А. Ельскі, А. Пшчолка і інш.). У 1860‐я гг. з’явіўся шэраг капітальных прац па гісторыі, этнаграфіі і фальклору Беларусі, у іx ліку працы А. П. Сапунова, Е. Р. Раманава, М. Я. Нікіфароўскага, А. Кіркора, А. Я. Багдановіча, М. В. Доўнар‐ Запольскага. Кнігі беларускіх вучоных выдаваліся ў той час на рускай ці польскай мове, аднак у іx даследавалася творчасць беларускага народа, публікаваліся тэксты беларускага фальклору і старажытнай беларускай літаратуры. У 1870 г. надрукаваны першы слоўнік беларускай мовы, складзены ўраджэнцам Магілёўскай губерні І. І. Насовічам. У 1889–90 гг. у Маскве выдадзены 2 выпускі «Календара Паўночна‐Заходняга краю» пад рэдакцыяй М. В. Доўнар‐Запольскага, а ў 1888, 1891 і 1892 гг. у Мінску – 3 выпускі «Паўночна‐Заходняга календара» над рэдакцыяй А. Слупскага.
У ХІХ – пачатку ХХ ст. у царскай Расіі для кнігі на беларускай мове склаліся цяжкія ўмовы. Цэнзурныя рэпрэсіі і пагардлівыя адносіны царскіх улад да нацыянальнай культуры беларускага народа, яго мовы і літаратуры не садзейнічалі развіццю беларускага кнігадрукавання. Таму беларускія кнігі ў Расіі ў гэты час выдаваліся часта нелегальна. Многія кнігі выходзілі за мяжой – у Парыжы, Жэневе, Лондане, Тыльзіце і інш. У ХІХ ст. кнігі на беларускай мове выдаваліся без пэўнай сістэмы. І ў Расіі, і за мяжой не было выдавецтваў, якія б сістэматычна займаліся выданнем беларускіх кніг. Сваім з’яўленнем кожная кніга, як правіла, была абавязана ініцыятыве прыватных асоб ці групы абаронцаў роднага слова.
У той жа час можна з поўнай падставай сцвярджаць, што выданне беларускай кнігі было падрыхтавана і выклікана патрэбамі грамадскага жыцця. Фарміраванне беларускай нацыі, абвастрэнне класавай барацьбы ў вёсцы і горадзе, нацыянальна‐вызваленчы pyx, плённы ўплыў рускай, польскай і ўкраінскай дэмакратычнай культуры – усё гэта прымушала лепшых сыноў беларускай зямлі займацца вывучэннем гісторыі, фальклору, этнаграфіі, мовы і літаратуры свайго народа. Беларускія кнігі ў ХІХ ст. выдавалі людзі розных палітычных поглядаў і перакананняў: сярод іx былі пісьменнікі‐дэмакраты, вучоныя з кансерватыўнымі поглядамі, беларускія народнікі, зрэдку афіцыйныя ўлады і нават клерыкалы.
Пры ўсёй бессістэмнасці і выпадковасці з’яўлення асобных кніг прасочваецца і пэўная заканамернасць у развіцці беларускага друкаванага слова. Пераважаюць творы мастацкай літаратуры, агітацыйная літаратура рэвалюцыйнага зместу, выданні фальклорных запісаў, апісанні этнографаў, даследаванні помнікаў старажытнай літаратуры. Стан кніжнай справы мяняецца ў пачатку ХХ ст. Пад кіраўніцтвам бальшавіцкай партыі шырылася і мацнела барацьба пралетарыяту, у т. л. працоўных Беларусі супраць царызму і капіталізму. Рэвалюцыя 1905–07 гг. далучыла шырокія масы працоўных да актыўнай гістарычнай дзейнасці, узняла беларускі народ на барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, садзейнічала ўздыму нацыянальнай культуры, дала штуршок развіццю беларускай літаратуры і больш яскрава выявіла яе рэвалюцыйна‐дэмакратычны характар. Для беларускага народа гэта быў важны этап у духоўным і культурным жыцці, калі нацыянальна‐вызваленчы pyx набыў сапраўдны размах, калі разгарнулася барацьба за стварэнне школы на роднай мове, калі беларуская кніга і беларускі перыядычны друк атрымалі ў царскай Расіі права на легальнае існаванне. Пра гэта яскрава сведчаць лічбы: у ХІХ ст. кніг, выдадзеных цалкам на беларускай мове, налічвалася 38, а ў пачатку ХХ ст. (1900‐16 гг.) – 191.
З лістапада 1902 г. па снежань 1905 г. у Мінску выдавалася прагрэсіўная грамадска‐палітычная і літаратурная газета «Северо‐ Западный край», якую шырока выкарыстоўвалі бальшавікі Мінскай арганізацыі РСДРП для прапаганды марксісцка‐ленінскіх ідэй. На старонках гэтай газеты 15 мая 1905 г. надрукаваны верш Я. Купалы «Мужык» – першы апублікаваны верш паэта на беларускай мове. У 1905 г. падпольна выдаваліся на беларускай мове і распаўсюджваліся лістоўкамі рэвалюцыйныя вершы беларускай паэтэсы‐рэвалюцыянеркі Цёткі (А. С. Пашкевіч).
У 1906 г. упершыню з’явіўся легальны беларускі друк – у Вільні пачала выходзіць на беларускай мове «для вясковага і гарадскога рабочага люду» газета «Наша доля». Гэта было вялікай рэвалюцыйнай заваёвай працоўных Беларусі. Аднак яе рэвалюцыйна‐дэмакратычны кірунак стаў прычынай таго, што яна праіснавала ўсяго тры месяцы, з 6‐ці яе выдадзеных нумароў 4 былі канфіскаваны. Выданне «Нашай долі» з’явілася важным этапам у развіцці грамадскай думкі і літаратуры Беларусі. На яе старонках упершыню апублікаваны творы Я. Коласа і палымяны заклік Цёткі да згуртавання рабочых, салдат і сялян у барацьбе за волю ў апавяданні «Прысяга над крывавымі разорамі». З 10(23) лістапада 1906 г. пачала выходзіць другая беларуская газета – «Наша ніва». У той час гэта была адзіная легальная газета на беларускай мове, і вакол яе групаваліся галоўныя літаратурныя сілы. Я. Колас пісаў: «Наша доля» і «Наша ніва» – гэта тыя межы, тыя крыніцы, адкуль пачалася і мая літаратурная дарога».
У межах дарэвалюцыйнай Расіі ў пачатку ХХ ст. утварыліся 2 цэнтры выдання беларускіх кніг: Пецярбург і Вільня (пазней таксама і Мінск). Выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906–14 гг., Пецярбург), рэдакцыя газеты «Наша ніва» (1907–14 гг., Вільня), выдавецкае таварыства «Наша хата» (1908–11 гг., Вільня), «Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні» (1913–15 гг., Вільня) і іншыя выпускалі кнігі Я. Купалы, Я. Коласа, Цёткі, М. Багдановіча, Ядвігіна Ш., З. Бядулі, Ц. Гартнага, М. Гарэцкага і іншых беларускіх пісьменнікаў, якія прыйшлі ў літаратуру з народных глыбінь.
Беларуская кніга пачатку ХХ ст. дае магчымасць прасачыць, як зараджаліся і фарміраваліся асноўныя жанры айчыннай літаратуры – паэзія, проза, драматургія. Паралельна з арыгінальнымі творамі з’явілася нямала перакладаў твораў мастацкай, навукова‐папулярнай і сельскагаспадарчай літаратуры. Друкаваліся таксама падручнікі – буквары, кнігі для чытання, адрасаваныя дзецям і дарослым. У беларускую літаратуру прыйшлі маладыя празаікі і паэты, выхадцы з народа. Некаторыя з іx не толькі падтрымлівалі рэвалюцыйны рух сваімі творамі, але і непасрэдна ўдзельнічалі ў рэвалюцыйных падзеях. Прагрэсіўная беларуская літаратура рашуча адстойвала права народа на развіццё сваёй мовы і культуры, звязваючы гэта патрабаванне з агульнай рэвалюцыйна‐вызваленчай барацьбой працоўных мас.
Праўда, кнігі на беларускай мове і ў гэты перыяд друкаваліся пераважна за межамі Беларусі. Іx выдавалі ў Пецярбургу і Вілъні. У гарадах Беларусі выдавалася ў асноўным ведамасная, навуковая і мастацкая літаратура на рускай мове.
Незлічоныя пакуты прынесла беларускаму народу першая сусветная вайна. Амаль палова тэрыторыі Беларусі была акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі, другая палова стала франтавой або прыфрантавой паласой. Вайна разарыла беларускі народ, прымусіла мільёны жыхароў пакінуць родныя мясціны і шукаць сродкі да існавання ў глыбіні Расіі. Яна абвастрыла класавыя супярэчнасці, у краіне складвалася рэвалюцыйная сітуацыя. ЦК РСДРП(б) пасылаў на Заходні фронт вопытных партыйных кіраўнікоў і прапагандыстаў. Тут вялі агітацыю прафесійныя рэвалюцыянеры М. В. Фрунзе, А. Ф. Мяснікоў і інш.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. перад бальшавікамі Беларусі, як і ўсёй Расійскай імперыі, паўстала задача правядзення актыўнай прапагандысцкай і растлумачальнай работы ў масах. 27 ліпеня (9 жніўня) 1917 г. упершыню легальна ў Мінску пачала выходзіць масавая бальшавіцкая газета «Звезда», якая адыграла велізарную ролю ў справе аб’яднання бальшавіцкіх сіл на Беларусі. Сярод яе рэдактараў былі М. В. Фрунзе і А. Ф. Мяснікоў. У жніўні 1917 г. пры Мінскай арганізацыі РСДРП(б) створана выдавецтва «Звязда», у задачу якога ўваходзіла выданне і распаўсюджванне актуальнай палітычнай і мастацкай літаратуры.
Гісторыя беларускай кнігі ХІХ – пачатку ХХ ст. з’яўляецца складанай і шмат у чым супярэчлівай. Калі аб дзейнасці Ф. Скарыны ёсць шмат літаратуры, дык далейшыя шляхі развіцця беларускай кнігі вывучаны яшчэ слаба. Праўда, за апошнія гады з’явіўся шэраг прац, якія асвятляюць развіццё кнігадрукавання ў дарэвалюцыйнай Беларусі, а таксама выданне кніг на беларускай мове ў Расіі і за яе межамі. На жаль, у літаратуру і нават у падручнікі трапілі асобныя недакладныя звесткі адносна беларускіх дарэвалюцыйных выданняў. Наогул гісторыя беларускай кнігі яшчэ чакае свайго даследчыка.
Першым этапам яе вывучэння павінен быць поўны ўлік і бібліяграфічнае апісанне кожнай кнігі. Такі бібліяграфічны звод з’явіўся б фундаментам для далейшага паспяховага развіцця кнігазнаўчай навукі ў рэспубліцы. Гэты раздзел задуманы як рэпертуар беларускай кнігі, надрукаванай кірыліцай і лацінскім шрыфтам у ХІХ – пачатку ХХ ст., і адначасова як зводны каталог, які адлюстроўвае наяўнасць гэтых кніг у бібліятэках СССР. У ім улічаны і тыя кнігі, што не выяўлены ў фондах бібліятэк краіны, але вядомы па бібліяграфічных, гістарычных і літаратурных крыніцах.
Упершыню рэпертуар беларускай кнігі гэтага перыяду выдадзены ў 1929 г. пад назвай «Летапіс беларускага друку. Ч. 2. Паасобныя выданні на беларускай мове. 1835–1916». Яго складальнік Ю. І. Бібіла па магчымасці ўлічыла ўсе кнігі, выдадзеныя грамадзянскім друкам на беларускай мове ў Расіі і за мяжой. Гэты бібліяграфічны паказальнік пакладзены ў аснову часткі зводнага каталога «Выданні на беларускай мове. XІX – пачатак XX ст.». У працы Ю. І. Бібілы зарэгістраваны 244 выданні, а ў гэтым раздзеле – 579 кніг. Падваенне колькасці ўлічаных выданняў тлумачыцца найперш зменай прынцыпу адбору літаратуры. Калі ў «Летапісе…» зарэгістраваны толькі кнігі, выдадзеныя цалкам на беларускай мове, то ў гэтым раздзеле зводнага каталога ўлічаны і рускія (часткова і польскія) кнігі, дзе апублікаваны беларускія тэксты ў арыгінале. У раздзел уключаны таксама выданні, у якіх у ХІХ – пачатку ХХ ст. апублікаваны юрыдычныя і гістарычныя помнікі на беларускай мове і фальклорныя беларускія тэксты, сабраныя Е. Р. Раманавым, П. В. Шэйнам, П. А. Бяссонавым і іншымі вядомымі фалькларыстамі. Акрамя таго, за пасляваенны перыяд беларускія даследчыкі адшукалі ў архіўных справах некаторыя выданні на беларускай мове, якія не былі вядомы ў перыяд складання «Летапісу…». Гэты раздзел значна адрозніваецца і па методыцы апісання кніг. У ім амаль усе апісанні забяспечаны анатацыямі даведачнага характару. На падставе новых навуковых публікацый вызначаны аўтары некаторых кніг, выдадзеных ананімна. Акрамя таго, каталог інфармуе чытачоў аб тым, у якіх фондах захоўваецца кніга. Адзнакай гэтага выдання з’яўляецца таксама і тое, што яно ілюстравана і наглядна знаёміць чытача з вокладкамі і тытульнымі лістамі найбольш цікавых кніг. Лічбы над ілюстрацыямі адпавядаюць нумарам апісання ў тэксце. Усе апісанні ў раздзеле размешчаны ў алфавітным парадку паводле прозвішчаў аўтараў або назваў кніг незалежна ад таго, якім шрыфтам яны надрукаваны (кірыліцай ці лацінкай). Апісанні кніг і дадатковыя бібліяграфічныя звесткі прыводзяцца на мове арыгінала, а заўвагі і каментарыі – на беларускай мове. Пасля кожнага апісання паказваюцца сіглы бібліятэк, дзе ёсць гэта кніга. Выданні, не выяўленыя ў зборах Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна2 або ў фондах бібліятэк‐ удзельніц і апісаныя паводле бібліяграфічных крыніц, размешчаны ў каталогу ў агульным алфавітным радзе, але без сігла. Асобным раздзелам вылучаны спіс перыядычных выданняў, якія выходзілі ў дарэвалюцыйны перыяд на беларускай мове. Ён пабудаваны паводле тых жа прынцыпаў, што і асноўны тэкст каталога.
Такім чынам, гэты выпуск адлюстроўвае ўвесь дарэвалюцыйны беларускі друк (акрамя лістовак). Каб чытачам лягчэй было карыстацца, раздзел забяспечаны наступнымі дапаможнымі паказальнікамі: імянным; месцаў выдання і друкарняў; выдавецтваў; відаў літаратуры.
Н. Б. Ватацы
1 Добролюбов Н. И. Избранные философские произведения. Т. 2. — М., 1963, с. 360—361.
2 Сёння Нацыянальная бібліятэка Беларусі