Праваслаўнае брацтва і друкарня
(друкар Спірыдон Собаль)
19 сакавіка 1633 г. Магілёўскае праваслаўнае брацтва атрымала каралеўскі прывілей на права адкрыцця друкарні і выданне вучэбных і іншых кніг на “рускай” (старабеларускай і царкоўнаславянскай), грэчаскай, лацінскай і польскай мовах. Верагодна, менавіта з гэтым звязаны пераезд С.Собаля ў Магілёў.
У Магілёў Собаль пераехаў каля 1636 г. За кароткі перыяд 1636 – 1638 гг. Друкарня выпусціла не менш шасці кніг. Сімвалічна, што першым магілёўскім выданнем стаў “Буквар” (1636). Гэта сведчыць пра вялікую запатрабаванасць сярод мясцовага насельніцтва вучэбнай літаратуры, пра імкненне да ведаў. Выпушчаныя С. Собалем “Буквары” (куцеінскі і магілёўскі) аказаліся надзвычай запатрабаванымі ў беларускім грамадстве.
Услед за “Букваром” былі выдадзены яшчэ пяць кніг, прызначаных пераважна для царкоўных патрэб: “Псалтыр” (1637), “Тастамент грэчаскага цара Васіля” (1638), “Псалтыр” (каля 1637 – 1638 гг.), а таксама перавыдадзеныя з захаваннем кіеўскіх выхадных даных “Апостал” (1638) і “Актоіх” (пасля 1638).
Гэта стала пачаткам слаўнай гісторыі магілёўскага кнігадрукавання.
Пасля смерці С. Собаля яго друкарня, як мяркуецца, перайшла Магілёўскаму праваслаўнаму брацтву. Магілёўская брацкая друкарня працягнула выпуск кніг і працавала з некаторымі перапынкамі аж да 1773 г.