Магілёўская брацкая друкарня
(друкар Максім Вашчанка)
У 1690-я гг. Друкарню ўзначальваў Максім Вашчанка, які кіраваў яе працай да 1708 г. У 1698 г. ён атрымаў прывілей на друкарню і без дазволу брацтва стаў выдаваць кнігі ад свайго імя. У 1701 г. брацтва дамаглося пацвярджэння свайго ранейшага прывілея на друкарню і працягвала далей кіраваць яе працай.
Выданні гэтага перыяду ў гісторыі Магілёўскай брацкай друкарні працягвалі традыцыі С. Собаля і вызначаліся высокім узроўнем мастацкага аздаблення: яны ўключалі значную колькасць гравюр, прыгожыя і арыгінальныя застаўкі і ініцыялы з тонкім малюнкам і выявамі раслін, звяроў і птушак.
У гэты час у друкарні працавалі вядомыя друкары і гравёры: Васіль Вашчанка (сын Максіма Вашчанкі), Фёдар Ангілейка, Афанасій П. (Пігарэвіч ?), М. Атушкевіч, Я. Стральбіцкі і інш.
У канцы XVII – XVIII ст. у друкарні выдаваліся царкоўныя, навучальныя, палемічныя кнігі: “Акафісты і каноны” (1693), “Псалтыр” (1693), “Малітваслоў” (1695), “Евангелле вучыцільскае” і “Перла мнагацэннае” Кірылы Транквіліёна-Стаўравацкага (1697), “Дыёптра” (1698), “Неба Новае” Іаанікія Галятоўскага (1699), “Жыцці святых” Дзмітрыя Растоўскага (1702), “Трэфалагіён” (1748), “Часаслоў” (1762) і інш.