Прыдворная друкарня Станіслава Богуша-Сестранцэвіча
Амаль адразу пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772), калі Магілёў і навакольныя землі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, горад стаў цэнтрам Беларускай рымска-каталіцкай епархіі. Пры рымска-каталіцкай кансісторыі неўзабава ўзнікла і свая друкарня. Яе заснавальнікам і апекуном лічыцца магілёўскі каталіцкі епіскап (пазней — архіепіскап) Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч – таленавіты грамадскі і царкоўны дзеяч, выключная асоба ў гісторыі каталіцкай царквы ў Беларусі.
Першапачаткова друкарня размяшчалася ў Магілёўскім касцёле кармелітаў, потым – у прыгарадным палацы С. Богуш-Сестранцэвіча ў Пячэрску.
Друкарня пачала сваю працу ў 1774 г. і дзейнічала да 1844 г. Першыя яе выданн пабачылі свет на польскай мове і ўяўлялі сабой невялікія кніжкі (літаральна на некалькі старонак) з паэтычнымі і празаічнымі прысвячэннямі і віншаваннямі ў адрас новапрызначаных з Расіі магілёўскіх кіраўнікоў – генерал-губернатара Захара Чарнышова і губернатара Міхаіла Кахоўскага, а таксама і ў адрас магілёўскага архіепіскапа С. Богуш-Сестранцэвіча.
У 1776 годдзе Магілёўская кансісторская друкарня атрымала дазвол на выданне кніг на рускай мове – першай на тэрыторыі Беларусі. Гэты дазвол быў адразу ж выкарыстаны: у 1777 г. выйшла кніга “Установы для кіравання губерніямі” – звод афіцыйных нарматыўных актаў для арганізацыі расійскай адміністрацыі ў цэнтрах новаўтвораных губерняў.
Да візіту ў горад расійскай імператрыцы Кацярыны II друкарняй было выпушчана некалькі невялікіх кніг урачыстага зместу.
У 1780 г. друкарня атрымала права публікаваць афіцыйныя дакументы і матэрыялы, у выніку чага яна фактычна пачала выконваць функцыі губернскай друкарні, што і рабіла да адкрыцця ў 1833 годдзе Магілёўскай губернскай друкарні.
За ўвесь час працы Магілёўская кансісторская друкарня выпусціла больш за 60 назваў выданняў, некаторыя з якіх часам перавыдаваліся. Пераважная іх большасць – 43 выданні — выйшлі на польскай мове, 12 на лацінскай, 8 на рускай, па 1 на нямецкай і французскай мовах. Выданні гэтай друкарні характарызаваліся шырокай жанравай разнастайнасцю: афіцыйныя выданні – “Установы для кіравання губерніямі” (1777, 1795), “Трактат вечнага міру і сяброўства” (1792); слоўнікі і даведачныя выданні – “Кароткая французская граматыка” (1784, 1796), “Каляндар беларускіх наместніцтваў на 1783 г.” (1782), “Беларускія календары” (1784 — 1795), “Дырэкторыумы” (1807 – 1844 гг.); навучальныя выданні – “Аб паэтычным мастацтве” Ф. Пракаповіча (1786); навукавыя працы – “Аб Заходняй Русі” (1793), “Аб паходжанні сарматаў і славян” (1810) С. Богуш-Сестранцэвіча; мастацкія творы – трагедыя “Гіцыя ў Таўрыдзе” (1783) С. Богуш-Сестранцэвіча, чго вершы, прамовы і інш.
Друкарня выпускала як арыгінальныя працы, так і перакладныя выданні. Хаця фармальна друкарня дзейнічала да 1844 г., але найбольш актыўным і плённым этапам яе дзейнасці былі першыя 25 гадоў працы, калі друкарняй непасрэдна кіраваў уплывовы каталіцкі архіепіскап С. Богуш-Сестранцэвіч.
Праз пэўны час пасля ўзыходжання на расійскі трон новага імператара Мікалая I і падаўлення паўстання 1830 – 1831 гг. На беларускіх землях пачалося актыўнае змаганне з польскім і каталіцкім уплывамі, закрываліся касцёлы і каталіцкія манастыры.
У 1844 г. была закрыта Магілёўская кансісторская друкарня. У 1846 годзе яе абсталяванне было перададзена Магілёўскай губернскай друкарні.